Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Пытанне: — А вашы дзеткі?
— А мае дзеткі недзе чацвёра. Толькі адна каля мяне. Меншая самая. Яны там, немцы, доўга стаялі. Я во так падсунулася да мяжы, каб паглядзець, а яна:
— Ай, мамачка, не кідай мяне!..
Я падсунулася — аж мая хата, роўна акон, гарыць!.. I паехалі яны, бачу я. Тады я пабегла і знайшла… Каго я знайшла? Крысціну. У яе на руцэ дзяўчыну забілі. Кулю Цыганаву знайшла. I дзяўчынку Шурку. Вот колькі нас. Пабеглі мы ў лес. А тады я ішла, дзяцей гукала, аж во гэта, раненая… (Да гаспадыні.) Ты, Юлька, ляжала, а я цябе знайшла. Знайшла яе, каля яе было чацвёра… А гразь такая!
— Хто там? — кажу я. — Хадзіце ка мне! А яны кажуць:
— Вы хадзіце к нам!
Вядома, невялікія дзяўчата. Я ўзяла к ім прышла. А во гэтая Юлька ляжыць, чуць жыва. Я так нагнулася, кажу:
— Ах, Юлечка!
А яна ўзяла ды хліп-хліп… А дзяўчына гразі ўзяла ды на яе. Гэта там вада такая была — адна гразь. Сёмы годзік дзяўчынцы было, а маці, Юлька гэта, стане што папала гаварыць, дык яна вады на яе. Так ратавала яе. Пракапала ямку і брала з яе ваду. Юлька голая ляжала, дык яна ёй на грудзі вады, на твар…»
Разліцце — вёсачка «бесперспектыўная». Так нам сказалі на двух узроўнях, у сельсавеце і ў раёне. Прапанавалі цёткам з гэтых сумных хатак перабірацца ў цэнтр калгаса, гарантавалі, як гэта робіцца, дапамогу, а яны — не хочуць.
Дзіўна? Не вельмі.
Гадоў некалькі перад гэтым на Гродзеншчыне нам здарылася сустрэць штосьці падобнае. Куды там падобнае — курную хату!.. Не ў музеі ці на карціне, а ў Лідскім раёне, на тэрыторыі багатага саўгаса «Малое Мажэйкава». Саўгас пабудаваў двухпавярховы дом, а бабку з курнай хаты ніяк не маглі ўгаварыць перайсці ў кватэру з усімі выгодамі. Дырэктар напісаў яе сыну ў Ленінград, на Кіраўскі завод, што саўгас аплоціць камандзіроўку, абы толькі хлопец угаварыў маці не ўпарціцца. Цэлая казка, калі хто недаверлівы… Ашто ж у бабкі была за прычына не пераходзіць? Старая ліпа перад акном, а пад ліпай — крынічка… Так яна, бабка, сама гаварыла.
Разліцце — нейкія тры хаты, хлявочкі, платы, агароды… I лета сваёю раскошай сумоты такой не прыкрашвае. Бабулю Настассю Шыла дачка была забрала ў Казахстан, дзе яна працуе бухгалтарам, але старая там не прыжылася. Тут трымаецца, а пры ёй, як пры маці, і Юлія Сушко. Для гэтай вернасці роднаму кутку знешніх прычын асаблівых няма. Старэюць хаты, старэюць маці. Над тым калодзежам, у якім быў схаваўся адзін з двух ацалелых мужчын, зруб зноў струхлявеў і сам, кавалкамі ды парахнёй, абвальваецца ў недалёкую ды падазроную ваду.
«Заўтра якраз трыццаць год з таго дня», як загінуў яе сынок, і яна туды пойдзе, на тую магілу, і «буду дзень там плакаць»…
Таму і з Разліцця нікуды перабірацца не хоча, і ад дачкі таму вярнулася — з той цаліннай выгоды.
Памяць
Быў на Случчыне засценак Падлявішча, прыгожы засценак, двары шырокія, у садах, як у вянках, дамы на высокіх падмурках, крытыя гонтай. Калгас тут хутка ўвабраўся ў сілу, і назву вёсцы далі новую, савецкую — Чырвоная Старонка.
Яшчэ ў тыя гады пасадзіў Кандрат Лапец на сваім пляцы бярозу. Не для пажытку, для красы. I любаваўся дрэўцам чалавек, не падазраючы, што неўзабаве яно стане помнікам на яго магіле.
28 студзеня 1943 года карнікі напалі на Чырвоную Старонку, Гандарэва, Старэва, Лазараў Бор і іншыя вёскі і вёсачкі наваколля. Папалілі іх, моладзь пабралі ў Германію, а старых пабілі. Партызанскі сувязны Іван Лапец, Кандратаў сын, прыйшоў на сваё пажарышча, знайшоў нежывога бацьку і, аплакаўшы, пахаваў на падворку пад бярозай, як здавён хавалі людзей, забітых громам. Пасля вайны Іван Кандратавіч пабудаваўся на другім баку вуліцы, старое котлішча пустуе. Ад той бацькавай бярозы насеяліся дрэвы-дочкі, яны абкружылі магілку гаспадара. Надмагільны камень, пастаўлены сынам, згубіўся паміж жывых абеліскаў-бяроз.
У вёсцы Казіміраўка на Мазыршчыне пажылая, смуглявая жанчына з вялікімі, як на старых іконах, вачыма падвяла нас да шэрага каменя пад яблынькай у агародзе. Там магіла яе сям'і, замардаванай фашыстамі. Пра трагічную пагібель родных і сваё выпадковае ацаленне Улляна Казак расказвала неяк надзіва стрымана і паслядоўна, хоць папярэджвала нас, што находзіць часам на яе зацьменне, забыццё. Калі мы фатаграфавалі яе тут, каля яблынькі, жанчына стаяла спакойна, як бы не бачыла нас, а потым падняла некалькі яблыкаў з муравы і падала нам — частуйцеся. Сцішнавата выглядала гэтае нечаканае запрашэнне прычасціцца да памяці нябожчыкаў. Але для нашай шчырай субяседніцы, сялянкі з сухімі, пацямнелымі ад працы рукамі, усё тут было, відаць, натуральна. Тыя, што тут ляжаць, садзілі яблыню, пра іх яна напамінае сонечнымі пладамі.
У свой час давялося нам бачыць на брэсцкім Палессі абгарэлыя дубы на котлішчах вёскі Тупічыцы на беразе Бабровіцкага возера. Не шмат засталося гэтых дрэў-ветэранаў: толькі тыя, што раслі наводшыбе ад сяла, далей ад пажарышча, толькі яны захавалі ў тоўшчы магутных камлёў пад бранёю кары рэшткі жыццёвай сілы. Ім паабпальвала голле, агонь павыядаў чорныя дуплы ў падсохлых ствалах, — яны зеўраюць абвугленымі проймамі, уражваюць удзень, палохаюць уначы. Гэтыя абвугленыя галіны-рукі, абгарэлыя карнявішчы-ногі і ствалы-тулавы надаюць сілуэтам дрэў выраз трагедыйнай велічнасці…