Троепольский Гавриил Николаевич
Шрифт:
Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусія гэтая стыхійная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусія ніяк не арганізаваная, самацёчная. І ён зрабіў разумна — даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, які не праміне пастаянны чытач): «Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусію на гэту тэму. Рукапісы не вяртаюцца».
Рэдактар быў гумарыст, чаго «чытач-змагар» не можа цярпець.
Але то была няпраўда: Біма ніхто не ўлавіў. Проста-напраста Толік, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазваніў, а калі адчынілі, сказаў:
— Я ад Чорнага вуха, ад Біма.
Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толік паехаў да Біма і завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго і сказаў:
— Хлусня — уся гэтая дыскусія. Сабака не шалёны, а хворы. Збіты і скалечаны. Эх, людзі! — неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.
Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзіне, выпісаў мазь на лапу, лякарства піць і, праводзячы сяброў, хлопчыка і сабаку, спытаў на развітанне:
— Як жа завуць цябе, герой?
— Толік.
— Добры ты мужчына, Толік. Маладзец.
Бім, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развітанне. Ён пах лякарствам, але ён ніякі не хворы, а, наадварот, высокі, мужны чалавек з добрымі вачыма.
«Добры чалавек, — сказаў яму Бім хвастом і позіркам. — Вельмі добры вы чалавек!»
…Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пісем, якія «кляймяць», сабакі паядуць усіх грамадзян і грамадзянак, не, не той. Другі — мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лірычна-аптымістычнай аповесці пра сабаку я часам напішу адну-дзве сатырычныя староначкі. Не вінаваць за тое, што парушаю законы творчасці, бо ў кожнага пісьменніка свае «законы». Не вінаваць, дарагі, і ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё — змяшэнне: дабро і ліха, шчасце — няшчасце, смех і гора, праўда і хлусня жывуць побач, і так блізка, што часам цяжка адрозніць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмеціў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкі. А даказваць, што не адно і тое ж паўпустая і паўпоўная бочка, не мае сэнсу.
Галоўнае, я за тое, каб пісаць пра ўсё, а не пра адно і тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калі пісаць толькі пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калі пісаць толькі пра шчасце, то людзі перастануць бачыць няшчасных і ў рэшце рэшт не будуць іх заўважаць, але калі пісаць толькі пра сур'ёзна-прыгожае, то людзі перастануць смяяцца з пачварнага.
Раздзел 10. За грошы
Дзякуючы клопату Толіка і Сцяпанаўны, Бім папраўляўся. А праз тыдні два лапа пачала гаіцца, хоць і засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатніх; Бім ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, — толькі спрабаваў. Расчасаная Толікам шэрсць надавала Біму зусім прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянілася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся і здзіўлена чакаў, што ж з ім будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзіла, да наступнага прыступу. Так і ў чалавека, які панёс траўму ці якога ашаламілі несправядлівасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашуміць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, і ён, хістаючыся, спыняецца і чакае, што ж з ім будзе; потым сапраўды праходзіць, а часам нават і не паўтараецца. Усё бывае і ўсё мінае. Чалавек таксама жывёліна — толькі больш адчувальная.
Толькі позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозіку, Бім пайшоў на чатырох лапах, але такі накульгваў — чамусьці стала карацейшая нага. Так, Бім застаўся калека, хаця галава быццам і наладзілася. Сапраўды: усё бывае і ўсё мінае.
Гэта б яшчэ нічога, але гаспадара няма і няма. І аркуш ліста нічым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нікому не патрэбная. Бім ужо б мог шукаць сябра, але Толік не пускаў яго з павадка, калі выводзіў гуляць. Толік усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце і Шэрага дзядзьку, ды і прахожыя часам пыталіся: «А гэта ці не той шалёны сабака з чорным вухам?» Толік нічога не адказваў і скоранька ішоў, не азіраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: «Не, не той сабака», — і на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусіць і таіць свае пачуцці — страх, насцярожанасць, сумненне і ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду — праўда. І не толькі гэта, у яго пачынала развівацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлівасць, сапраўднага гумару, калі пра смешнае гаворыцца без адзінае ўсмешкі, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца і плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасці якога ён і сам яшчэ не разумеў як след, а толькі цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.
Такім чынам, хлопчык у спартыўных асенніх штоніках і жоўтых чаравіках, у светла карычневым пінжачку і асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, ішоў з кульгавым сабакам па аднаму і таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такі чысценькі і акуратны, што кожны сустрэчны думаў: «Адразу бачыш — з культурнае сям'і хлопчык». Да Толіка пачалі ўжо прывыкаць бліжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталіся адно ў аднаго: «Чый жа гэта такі харошы і спакойны хлопчык?»
З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равесніцаю, ціхаю і сціплаю, Толік моцна пасябраваў, хоць чамусьці і саромеўся браць яе на прагулкі. Затое ў кватэры ў Івана Іванавіча яны, здаралася, забаўляліся з Бімам, а той плаціў ім адданаю любоўю і неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем і радавалася дзецям.
Аднойчы яны раўнялі Біму ачосы на нагах і падвесак на хвасце, і Люся запыталася:
— Твой тата тут, у горадзе?
— Тут. Толькі яго раніцаю забіраюць, а вечарам прывозяць на машыне, ужо зусім позна. Стамляецца страшэнна! Гаворыць: «Нервы ўзвінчаны да адказу».
— А мама?
— Маме заўсёды няма часу. Заўсёды. То прачка прыходзіць, то падлогу націраць, то швачка, то тэлефон звоніць бясконца — ніколі няма ёй спакою. Нават на бацькоўскі сход не можа вырвацца.
— Цяжка, — уздыхнуўшы, пацвердзіла Люся ад чыстага сэрца, з сумам у вачах. Яна ж і папыталася ў Толіка толькі таму, што ўвесь час думала пра свайго тату і маму. Таму і сказала: — А мае тата-мама далёка. На самалёце паляцелі. А мы з бабулькаю ўдзвюх… — І зусім весела дадала: — У нас два рублі на дзень, во колькі!
— Хапае, слава богу, — падтрымала Сцяпанаўна. — Дзесяць булак белага хлеба можна купіць. Куды та-ам! А бывала ж, даўно — успамінаеш… Чаго та-ам! Аж млосна: боты гаспадаровы, твайго дзядулі, Люся, аддала за булку…
— А калі гэта было? — спытаўся Толік, здзіўлена ўскінуўшы бровы.
— У грамадзянскую вайну. Даўно. Вас і на свеце яшчэ не было. Не давядзі госпадзь вам такога.
Толік са здзіўленнем глядзеў на Сцяпанаўну і на Люсю: яму было зусім незразумела, як гэта так, каб таты і мамы не жылі з дзецьмі і каб некалі хлеб куплялі за боты.