Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Фурманка шалёна кідаецца па калдобінах, я адной рукой прытрымліваю Юрку, другой напружана трымаюся за край дошкі — хоць бы не вываліцца…

Скрозь выбухі і густое ціўканне куль мы прарываемся на аколіцу. Далей за грэбляю — шырокая балка-лагчына. Снег у доле стаптаны дзесяткамі ног людзей і коней, коламі фурманак, машын. Усе з гэтага сяла пашыбавалі туды. Мы, напэўна, апошнія. На грэблі пакінуты «ЗІС» з расчыненымі дзверцамі кабіны. Ён нізка асеў на прастрэленых скатах, касабочыцца разбіты кузаў.

Фурманка наша зварочвае з вуліцы ў балку. Калатнечы яшчэ прыбаўляецца. Я ўжо хапаюся за барты абедзвюма рукамі.

— Ой! Ой! Стойце! Не магу! Што ж гэта робіцца! — енчыць захутаны ў паўшубак лётчык.

Каця моўчкі прытрымлівае яго забінтаваную галаву, каб не білася аб дошкі перадка. Ззаду мокрыя твары немца і старшыны. Яны бягуць за фурманкай. Еўсюкоў, відаць, усё не можа супакоіцца ад свае сутычкі на вуліцы і асвалачэла лаецца:

— Дурань набіты! Абармот! Пагражае!.. За кучу вашывага шмоцця. Ось гад! Асталоп іспалніцельны! Лепш бы ўжо разгільдзяй, да з галавой каб!..

Сапраўды, гэта жахліва: свой — свайго! За што, падумаць толькі! Добра яшчэ, што трапіў у руку. Рана ў старшыны, здаецца, не страшная, і крыві не так ужо і многа.

Людзі групамі і ў адзіночку бягуць балкаю. Конных ужо не відаць. Далёка наперадзе хаваюцца за павароткам фурманкі. Шмат каго мы ўжо і абганяем. Ужо мы — не самыя апошнія. З’яўляецца надзея — авось вырвемся. Я падаюся да Юркі. Шынель на ім акрываўлены, мусіць, збілася павязка. Ён па-ранейшаму маўчыць, зубы моцна сцяты. Эх, Юрка! Трывай, браце, як-небудзь мацуйся, намажыся, цярпі! — малю я ў думках, ледзьве сам трымаючыся ў фурманцы. I ў гэты момант над нашымі галовамі размашыста бліскае першая агністая маланка. Мы знячэўку ўгінаемся, — далёка наперадзе ўзлятае ўгару слуп снежнага пылу. Гэта балванка.

Мы ўсе, як па камандзе, азіраемся. Так і ёсць — танкі ўжо выйшлі на ўскраіну. На грэблі каля «ЗІСа» з-за крайніх хат іх выпаўзае з дзесятак. Некаторыя спыняюцца, бліскаюць агеньчыкамі з дымам і хутка скіроўваюць у балку, за намі следам.

— Тр-рах! Трах! — ірве ззаду і збоку.

Над намі ў паветры праносіцца снарад. Ягоны разгоністы фыркат кладзе нас у фурманку. Наперадзе, на схіле балкі, вырастае прыгожы клубчаста-пульхны выбух. Ззаду ў снежнай прасторы густа рассыпаецца кулямётны трэскат.

— Гані! — крычыць Каця. — Гані ты, няўклюда!

Ездавы прыўстае на перадку і з-за пляча лупіць палкай коней.

Тыя ўсе ў мыле і імчацца так, што, здаецца, растрасуць фурманку. Мы наганяем некалькі байцоў у расшпіленых шынялях, без дзяг. Адзін, маладзенькі, без шапкі, з абстрыжанай пад нулёўку галавой, на хаду спрабуе прычапіцца да фурманкі. Старшына гоніць яго:

— Куды? Куды прэш?! Тут параненыя!

Хлопец з роспаччу ў вачах збочвае і нейкі час загнана хакае побач. Я чакаю новага выбуху. Сапраўды, колькі можна праехаць на прыцэле ў танкаў? Хоць бы яны не спыніліся — з ходу яшчэ мо не пацэляць. Але ж дагоняць. Халера на яго — дзе ж тады выйсце?

Так, гэта жахліва! «Гані, браток, гані!» — нема прашу я ездавога, ды ён і сам гоніць куды як добра. Толькі ці надоўга? Наперадзе, здаецца, паваротак. Вось бы паспець да яго!

А кулямётны трэскат усё бліжэй.

Тут ужо многа байцоў — маўклівыя, задыханыя, расчырванелыя, са страхам у расшыраных вачах. Імі ніхто не камандуе. Гэта тылы — абознікі, кладаўшчыкі, ездавыя, тэхнікі… Многім такая калатнеча, відаць, у навіну: да агню яны не прывыклі. Я ведаю, адзінае, што цяпер пануе над іх пачуццямі — гэта ўлада страху. Сродак да паратунку ў іх цяпер — ногі. Толькі сродак гэты не самы лепшы. Хутчэй наадварот. Гэта безвыходнасць.

Старшына люта лаецца.

— Стойце, растакую вашу няладную! Куды вас прэ! Задушаць, расстраляюць, як зайцаў. Стойце! Спыніцеся!

Людзі азіраюцца на крык, толькі не спыняюцца. Незнаёмы чалавек у куртцы — для іх не начальства. Тым часам па-над самай падводай зноў фыркае. За паўсотні крокаў наперадзе выбух. Коні становяцца на дыбы і кідаюцца ўбок. Нас абдае снегам. Фурманка ледзьве не перакульваецца. Здаецца, яна вось-вось абернецца на касагоры. Нейкім цудам мы не трапляем у засыпаную снегам рытвіну.

I раптам зусім побач на схіле я бачу знаёмага ў паўшубку і чорнай кубанцы. Адна рука пад палой: напэўна, паранена. Пусты рукаў матляецца на ветры. Гэта Сахно. Ён азіраецца на нас, твар яго разгублеыы і потны. На лбе прыліпла чорная пасма валасоў, рот шырока раскрыты.

— Эй, рабяты! Пастой!

— Прытрымай! — кідае ездавому Каця.

Коні трошачкі сцішваюць бег. Сахно знясілена падбягае, а ў мяне сціскаецца сэрца: навошта ён тут? Аднак капітан, прытрымліваючы на галаве кубанку, няспрытна куляецца ў воз. Ён паранены, і ў падыспадзе майго пачуцця міжвольна мільгае злараднасць: ага, дапякло! Гэта яму не пратаколы пісаць!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: