Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

— Не плачце, дзеткі! — Сказала да іх маці. — Я вярнуся і вас вазьму.

— А скулу табе! — крычаў Васіль. — Хопіць з цябе твайго байструка!

— Ну, гэта мы яшчэ пабачым, — і пагроза чулася ў Аўгініным голасе.

Васіль расчыніў дзверы. Аўгіня, не чакаючы новага штурхеля, узяла за руку Алесю і выступіла за парог у цемру зімняга вечара.

Назаўтра па вёсцы Прымакі — так звалася вёска, дзе жыў дзед Талаш, — толькі і гутаркі было, што пра Аўгіню ды пра яе сварку з войтам Васілём Бусыгам. А пад вечар таго ж дня другая навіна не меней здзівіла Прымакі: Талашова хата і ўсе яго будынкі засталіся пустымі, пакінутымі гаспадарамі.

XXVII

У Саўкі Мільгуна выпрацаваўся свой погляд на рэчы: лепей спазніцца, чым не ў часе схапіцца. Вось чаму, развітаўшыся з Максімам, павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся ён у бок Вепраў. Ды і чаго наогул спяшацца? Усё роўна, спяшайся не спяшайся, а свайго не мінеш. У Вепрах Саўка запыніўся на некаторы час: былі ўсе падставы для таго, каб пабыць там даўжэй. Па-першае, там было многа народу, моцна пакрыўджанага палякамі: у Вепрах палякі забілі Кандрата Буса, спалілі Мартынаву хату. Наогул Вепры абадралі яны, як ліпку. Па-другое, у Вепрах былі і Саўкавы прыяцелі, даўнейшыя хаўруснікі па часці канакрадства. Праўда, справы гэта ўжо не такія пачэсныя, каб на іх тут доўга спыняцца і раззвоньваць, але ўспомніць пра іх у добрай кампаніі пры чарцы самагону ўсё ж можна было, асабліва калі прыняць пад увагу, што рабіліся яны яшчэ за царом. А ў Саўкі якраз і аванс быў, выданы яму войтам і яго прыяцелямі. Такім чынам, У Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. I трэба сказаць, дарма часу ён і тут не зводзіў: і тут ён пашыраў, праўда, пад вялікім сакрэтам, тыя ж погляды, аб якіх расказваў Максіму, гаварыў аб сваім замаху стаць партызанам. У гэтай справе ён ужо набіў, як кажуць, руку. Ён так захапіўся партызанствам, што і сам пачынаў верыць у яго. Але за гэты час адбыліся некаторыя падзеі, у выніку чаго сюды, у Вепры, прыйшла Талашова нявестка і таксама па сакрэту расказала Мартынавай жонцы пра тую ролю, якую адвялі Саўку войт і яго прыяцелі. Вепраўцы, дачуўшыся аб гэтым, былі дужа абураны, і невядома што сталася б тут з Саўкам, калі б не прыйшоў сюды Талашоў Максім і не перадаў загад свайго бацькі накіраваць Саўку ў Карначы да Цімоха Будзіка. Гэтым вырашэннем справы ўсе засталіся здаволены: сам Максім, бо ён выпаўніў бацькаў загад знайсці Саўку, каб накіраваць яго да Будзіка; вепраўцы — ім не трэба было думаць, што зрабіць з Саўкам. Здаволены быў і Саўка: ён знайшоў тое, чаго шукаў.

З Вепраў падаўся Саўка ў Карначы.

Цімох Будзік доўга і ўважна паўзіраўся ў Саўку Мільгуна. Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Але ён храбра вытрымаў гэты выпрабоўваючы позірк і, у сваю чаргу, не маргнуўшы вокам, пазіраў на Цімоха.

— Дык гэта ты і ёсць той самы Саўка Мільгун? — запытаўся нарэшце Будзік.

"Пры чым тут "той самы"? і чаму "той самы"?" — сам сабе падумаў Мільгун. У гэтым "той самы" яму пачулася нешта такое, што шоргнула па ім, як кажухом па печы.

— Як гэта "той самы"… Хіба ёсць яшчэ і не той самы Саўка Мільгун, і ты ведаеш такога? — паціка'віўся Саўка.

— Можа, ёсць, можа, і ведаю, — мнагазначна ўсміхнуўся Цімох, і смех не зусім ішоў да яго суровага твару.

— Здаецца, як бы я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова "дзесь".

— А дзе было гэта "дзесь"? — запытаўся Цімох.

Саўка хітра зірнуў на Будзіка.

— Калі не памыляюся, дык у Мазыры елі царскія сыры.

Саўка намякаў на Мазырскі астрог. Ён прасядзеў там цэлы год як асуджаны за палітычную справу, за распаўсюджванне пракламацый. Гэта акалічнасць, паказваючы Саўку з новага боку, вымагае тлумачэння. Справа тут вось у чым: Саўка ведаў, што асуджаныя за "палітыку" карыстаюцца павагаю з боку шырокіх колаў грамады. На гэтым ён і пабудаваў сваю тактыку. I ў апошнія часы, калі ён ішоў на лоўлю, гэта значыць красці коні, то браў з сабою і пракламацыі. Яго злавілі як канакрада, але ў яго аказаліся пракламацыі. I судзілі Саўку не як канакрада, а як "дэмакрата-сацыяліста".

Цяпер Саўка з энтузіязмам хваліцца, што і ён змагаўся з царскім "прыжымам". Цімох Будзік, як ужо вядома, адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік.

— Гм! Так, так! Помню, — рэзюмаваў успаміны пра былое Цімох. — А цяпер, значыцца, ваяваць з панам?

— Ваяваць, брат, да канца ваяваць! — сказаў Саўка і рашуча кіўнуў галавою.

— Ну, то і добра. Завяду я цябе да нашых, пазнаёмлю з нашым атаманам.

Дзед Талаш, так удала вырваўшыся са свайго палону, заняўся Саўкам Мільгуном: што з ім рабіць? Як быць з ім? У дзеда Талаша было многа розных праектаў, але паколькі гэта справа мела грамадскі характар, то дзед Талаш палічыў болей правільным перадаць гэту справу на вырашэнне партызанскай грамады, у якой ужо складаліся свае парадкі і законы. Якраз гэтымі днямі партызанская грамада значна павялічылася. Партызанскі рух з набліжэннем вясны рос і шырыўся. Сюды прыйшоў Марка Балук з-пад Цернішч. Прыйшоў ён адзін, але ў яго была свая грамада адважных людзей. Яму трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння.

Аўтарытэт Маркі Балука высока стаяў у вачах тутэйшых партызан. Прывёў яго Мартын Рыль, і сустрэлі яго з радасцю. Дзед Талаш моцна і доўга трос яго руку, пазіраў яму ў вочы.

— Дай жа, саколе, паглядзець на цябе. Чуў я, чуў пра Марка Балука. Шукаў цябе, сынку, эге ж! Жонку тваю выпадкам спаткаў. Аб табе гутарылі.

Прыход Маркі Балука, набліжэнне вясны і пашырэнне партызанскага руху высоўвала цэлы рад новых пытанняў, аб якіх трэба было пагаварыць. Нараду правялі ў лесе. На нарадзе былі: Марка Балук, Мартын Рыль, Цімох Вудзік, Нупрэй, дзед Талаш і некалькі радавых партызан. Гаварылі аб формах сувязі сярод партызан, абмеркавалі ўмоўныя знакі, каб пазнаваць сваіх, аб вярбоўцы людзей у партызаны, аб размеркаванні раёнаў баявога дзеяння. Калі ўсе гэтыя пытанні былі абмеркаваны, выступіў дзед Талаш, каб расказаць пра Саўку Мільгуна.

— А цяпер, хлопцы-малойцы, раскажу вам адну рэч, — пачаў дзед Талаш. — Памятаеце вы, што гаварыў нам таварыш Букрэй? Ён гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі… Як ён іх называў, забыўся.

— Правакатары, — падказалі дзеду.

— Во, во, гэтыя атамары. Вось жа ён і не памыліўся. Я маю пэўныя весткі аб тым, што Васіль Бусыга з нашай вёскі і яго прыяцелі-багацеі нанялі злодзея Саўку Мільгуна, каб ён, прыкінуўшыся нашым чалавекам, прыйшоў да нас як партызан-ваяка. Праз гэтага злодзея яны хочуць выведаць усе нашы сакрэты, а нас прадаць панам. Чуеце, што робіцца? Да чаго дадумаліся, падлюгі! I Саўка да нас прыйдзе. Я нават сказаў, каб яму перадалі, як да нас зайсці. Я сказаў, каб ён прыйшоў да Цімоха Будзіка. А ты, Цімох, і прывядзеш яго да нас, нічога не кажучы яму пра тое, што мы аб ім ведаем. Дык што мы з ім зробім? Давайце памяркуем разам.

Зашумелі суровыя галасы абурэння. На Саўку Мільгуна пасыпаўся цэлы град крэпкіх слоў і жорсткіх праклёнаў. Нарэшце ўсё гэта вылілася амаль аднагалосна ў суровы прысуд:

— Застрэліць гада!

— Павесіць здрадніка!

— Ды ўжо ж не пашкадуем яго, — сказаў стары Талаш, — але ж за спіною Саўкі стаяць яшчэ болыпыя нашы ворагі: сам войт Бусыга, Бірка і Бруй. Што ж яны за божыя ўнукі? Так ім і падараваць?

— I ім туды дарога! — пачуліся грозныя галасы.

Мартын Рыль стаяў пануры. Думаў аб тым, у якім асяроддзі жыве Аўгіня. Няўжо яна не ведае аб гэтай змове свайго мужа і яго прыяцеляў? Не выказаўся таксама і Марка Балук.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: