Шрифт:
XXII
Дагаварыцца аб справе з Саўкам Мільгуном узяўся разважлівы Бруй. Ён выбраў зручную часіну і вечарком, на змярканні, накіраваўся ў Саўкаў двор. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас:
— Хто там?
— Гэта ты там, Саўка? — запытаў і Бруй.
— Я! — спакойна азваўся Саўка і не дужа спяшаўся падымацца — проста не хацелася варушыцца: хата халодная, а печ была цёплая.
— Здароў, Саўка! Што ты парабляеш там?
— А вось ляжу і думаю сабе.
— Ну што ж, і гэта работа, калі няма чаго лепшага… Аб чым жа ты думаеш?
Бруй зайшоў з другога боку печы, бліжай да Саўкі. Саўка памкнуўся быў, каб устаць, але перадумаў і рашыў адказаць госцю лежачы.
— Думаю, чым заняцца. Рабіць жа нешта трэба, а рабіць, дык вось не прыдумаю што.
Пры гэтым Саўка падумаў: "Цікава, чаго ты прыйшоў?"
— Галава ты, галава! Работы сабе не знойдзеш. Ды ты не любіш работы!
— Ну, як то не люблю. Глядзя, якая работа.
— Смешна гаварыць, каб чалавек работы сабе не знайшоў.
"Ці не прыйшоў ты клікаць мяне на якую-небудзь сваю работу? — у мыслях сказаў Саўка. — Не, брат, дудкі, да цябе працаваць не пайду".
— Чалавек шукае работы па сабе, — уголас сказаў Саўка.
— Гультай ты, Саўка, вось я табе што скажу. У такі час, каб ты не знайшоў сабе чым заняцца!
— Ну дык скажы — чым.
Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы.
— Ты вось што мне скажы, — адразу пачулася, што Бруй пераходзіць да справы, — да якой партыі належыш ты?
— Як партыі? — пачухаў патыліцу Саўка.
— А так, за каго ты стаіш?
— Я? Ні за кога. Сам за сябе стаю.
— Вось гэта і нядобра. Калі ты ні за каго не стаіш, то і за сябе не стаіш… Ты паглядзі, як ты жывеш: холадна, цёмна, пуста…
— Ну, гэта не заўсёды так бывае, — запярэчыў Саўка, — калі пуста, а калі і густа.
— Слухай, Саўка: ёсць адна справа — вазьміся за яе. Шкадаваць не будзеш… Якраз будзе густа.
Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць.
— Кажы — што?
— А вось што: зрабіся ты партызанам.
Саўка памаўчаў, а потым адрэзаў:
— Не хачу.
— Ты не ведаеш, у чым тут соль.
— Соль добра, калі ёсць што саліць, — заўважыў Саўка. "Закручваеш, брат, ты нейкую штучку. Чую — сальцам пахне", — сам сабе думае Саўка, але не спяшаецца выказваць рух свае душы.
Разважлівы Бруй пакрыўдзіўся.
— Калі ты не хочаш нават пацікавіцца, у чым тут справа, дык нам і гаварыць няма аб чым.
I ён змоўк. Не падаваў голасу і Саўка. Ён разважаў так: пойдзе за дзверы, тады вярну яго. Але Бруй за дзверы не пайшоў.
— Чаму ў цябе няма агню? — запытаў ён.
— Дзеці ў суседа гуляюць. Жонка да маткі пайшла, а я, покі не надумаў, што рабіць, не маю патрэбы ў агні.
— Цяжка ж ты думаеш.
— Усякія думкі бываюць.
— Дык ты партызанам быць не хочаш?
— Не, не хочу.
Як відаць, яму надакучыла гэта гульня ў хітрыкі, і ён дадаў:
— Кажы проста і не хітруй, пане Бруй.
— Дык вось слухай. Ты — чалавек, на якога крыўды мы не маем. Чым ты займаўся там, мы не ведаем. Дзяліць нас ты не збіраўся. Але былі таварышы, што на наша дабро, на наш набытак ужо разяўлялі раты і працягвалі рукі. Цяпер яны па лясах туляюцца ды ў шайкі сходзяцца. А з гэтага дабра не будзе. Парадак жа павінен быць, і вуха трымаць трэба востра. Вось бы ты і ўзяўся за імі пасачыць. А для гэтага табе і трэба партызанам прыкінуцца. Табе яны павераць, а ваяваць табе не канечне. Ты толькі праведвай, дзе яны хаваюода і што яны думаюць рабіць, і папярэджвай нас праз войта Васіля Бусыгу. Вось і ўся твая работа. А плата будзе табе някепская: хлеб будзе, да хлеба будзе, капейка будзе і ні ў чым нястачы не будзе.
Саўка акінуў поглядам сваіх мыслей увесь складаны комплекс той ролі, на якую падбіваў яго Бруй, з усімі яе выгодамі і хібнымі бакамі. Ён адразу пачуў цвёрды і прасторны грунт дзеяння. У хаце было цёмна, і Бруй не мог сачыць за выразам Саўкавага твару. Ён цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад'ехаў ён да Саўкі.
"Ці не пагарачыўся я?" — разважаў разважлівы Бруй і з некатораю трывогай чакаў Саўкавага слова. Саўка ж адразу ацаніў стратэгічную важнасць свае пазіцыі і ўзважыў сваю ролю і спосабы яе выпаўнення.