Шрифт:
Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам, і засланіла яго самога на некаторы час. Прыйшла Алена. Яна была на сяле. Не заходзячы ў хату, Алена падышла да Максіма.
— Ведаеш, Максім, што за праява была ў Ганусах?
Па тону Аленінага запытання Максім адчуў, што праява была дужа цікавая.
— Не, не ведаю, не чуў, — адказаў Максім і з некатораю трывогаю зірнуў Алене ў вочы.
— У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў, паадбіралі награбленае дабро і жыўнасць, а саміх іх знішчылі да аднаго.
— Вось гэта добра, калі то праўда! — азваўся Максім, і ў вачах яго бліснула радасць і здавальненне.
— Праўда, Максім, і самі людзі з Ганусаў расказвалі пра гэта. I ведаеш, яшчэ што расказваюць? Што паўстанцамі камандаваў стары, ужо сівы чалавек, што там былі нашы салдаты. А гэты стары чалавек, па расказах, вельмі падобен да нашага бацькі.
— Ну што ты кажаш?! — здзівіўся Максім.
— Праўда, праўда, Максім!
— Не, гэта, мусібыць, брахня.
— Не брахня, а людзі гавораць, — стаяла на сваім Алена, — і не адна я так думаю, а і шмат хто думае так.
— Ну калі ён управіўся народу назбіраць і трапіць аж у Ганусы?
Алена не здолела растлумачыць, як гэта магло здарыцца, але яна была цвёрда пераканана ў тым, што ў ганусанскіх падзеях браў удзел і дзед Талаш. Яе ўпэўненасць была такая моцная, што перадалася, нарэшце, і Максіму. У сувязі з гэтым ён успомніў Саўку Мільгуна. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні: проста Саўка дачуўся аб геройстве партызан, і ўчынкі іх натхнілі яго на ваяўнічы лад. Нічога дзіўнага няма ў тым, што пры такіх абставінах Саўку і сапраўды захацелася зрабіцца партызанам. Але чаму Саўка нічога не сказаў пра падзеі ў Ганусах? А ён, відаць, проста сумыслу не гаварыў пра іх, каб не зніжаць свайго ваяўнічага намеру. Гэтыя меркаванні здаваліся Максіму зусім натуральнымі і яшчэ болей умацоўвалі ў ім тую ўпэўненасць, што перадавалася яму ад жонкі. Сваімі думкамі ён падзяліўся з Аленаю, расказаўшы ёй пра сваё спатканне і гутарку з Саўкам. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся.
Навіны ж аб ганусанскіх падзеях перадаваліся з хаты ў хату і глыбока захаплялі ўсіх і хвалявалі. Яны сталіся асноўнаю тэмаю для гутарак, разважанняў і розных спалучэнняў падзей у іх цэлым жывым вянку, сплеценым людскою пакутаю і кроўю. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Людская гутарка аздабляла сапраўдныя падзеі, прыплятаючы сюды розныя эпізоды, драбніцы і такія акалічнасці, якіх у сапраўднасці не было, але якія маглі быць. Ганусанскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой, як рука караючай справядлівасці і помсты за людскія крыўды і пакуты. Гэтыя ж падзеі падымалі дух працоўнага сялянства і клікалі яго да актыўнага змагання супраць акупанцкай навалы.
Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Яе асабліва занепакоіла тая акалічнасць, што ў гэтых падзеях мог браць удзел і дзед Талаш. Быў ён там ці не быў, напоўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя. Ведаючы ж характар свайго старога, бабка Наста зусім была гатова паверыць, што ён там быў, і гэта акалічнасць яе зусім не цешыла. Што ж будзе з Панасам? Што станецца з іх хатаю? Неспакойна было на сэрцы ў бабкі Насты.
Вечарам, калі зусім ужо змерклася, бабка Наста сядзела адна ў хаце, запаліўшы газовачку, прала кудзелю, што прынесла ёй Аўгіня. Невясёлыя думкі, такія ж аднастайныя і доўгія, як і тыя ніці, што смыкала яна і накручвала на верацяно, віліся над яе старою галавою. Бабка Наста адчувае сябе зусім адзінокаю. Максім і Алена — крыўдзіцца на іх бабка Наста не магла — болып паміж сабою перагаворваюцца. Яны маладыя. Усё жыццё яшчэ перад імі. Моладасць жа не так кратаюць згрызоты, як старасць. Яны ўдваіх. Бабка ж Наста зусім, зусім адна. Яна думае пра Панаса, і слёзы, як восеньскія дажджавыя кроплі на халодным шкле, паволі коцяцца па яе маршчыністым твары.
Дзверы бабчынай хаты ціха скрыпнулі.
Бабка Наста зірнула — парог пераступіла постаць маладзіцы. Яна была таіс захутана, што нельга было разгледзець яе твар. I толькі калі яна сказала:
— Добры вечар, — бабка па голасе пазнала Аўгіню.
— А, гэта ты, Аўгінька!.. А я кудзелі яшчэ недапрала.
— Ліха з ёю, з кудзеляю!
Аўгіня падышла зусім блізенька да бабкі Насты. Голас яе перарываўся. Сама яна хвалявалася.
— Бяда, бабка Наста! — здушаным голасам сказала Аўгіня. — Я прыйшла вас папярэдзіць.
Яна расказала пра Саўку Мільгуна і пра яго ролю, якую адводзілі яму войт і два яго прыяцелі.
— Што ж цяпер рабіць? — сашчаміла рукі бабка Наста.
— Трэба даць знаць, папярэдзіць трэба вашага старога і тых, хто з ім. Не палохайцеся, бабка!
Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля. Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Гэту справу можна даручыць Алене або Максіму. Нарэшце, бабка Наста сама можа гэта зрабіць. Баяцца няма чаго. Саўка вялікай бяды не наробіць, калі будуць ведаць, што ён за партызан.
— Толькі ж, бабка, Божа барані, не кажыце, што гэта я перадавала вам!
Аўгіня так жа ціха выйшла з хаты дзеда Талаша, як і прыйшла.
XXV
Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог і як разнастайны яны ў сваім руху і ў сіле свайго імкнення!
Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладаюць пуціны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ўпачатку, струменяцца яны, як слёзы, па зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам руху наперад. I колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Кожная грудка лёду, кожны парог-гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць ім замінкі і труднасці ў іх імклівым руху. Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды ці проста зносячы іх з свае дарогі, бягуць, покі не сальюцца ў бурлівыя патокі, покі не ачысцяць зямлі ад снягоў, каб магутным разводдзем пралажыць шырокі шлях для яе новага жыцця.