Шрифт:
Тым часам падышоў і дзень набажэнства. Пануры, апушчаны і заняпалы ў часе свайго знямення, касцёл сурова глядзіць сваімі цяжкімі вежамі і пачарнелымі мурамі. Нават тысячы свечак, запаленых пад абразамі гарлівасцю набожных парафіян, не могуць разагнаць яго панурасці і суровасці.
"Dominus, vobiscum", — разнастайнымі, з адценнем жудасці, трэлямі пераліваецца голас ксяндза Пацейкоўскага. Мяккім музычным громам адклікаюцца арганы. Кленчаць набожныя каталікі, разгортваюць кантычкі. Пачынаюцца агульныя спевы касцёльных модлаў. Няскладныя спачатку галасы выроўніваюцца, выпраўляюцца і, нарэшце, зліваюцца ў жудасным аднастайным шуме далёкай навальніцы, таемнай і страшнай у сваім невыразным многагалосым гомане. На кафедру выходзіць ксёндз Пацейкоўскі. Праграму набажэнства, паложаную статутам касцёльнага рытуалу, ён перасыпае казаннямі. А казанні гаворыць з натхненнем і перакананасцю. Уся ж абстаноўка — гром арганаў, адзенне ксяндза і прыслужнікаў, іх урачыстыя выхады, масіўныя шэрыя сцены мураў, пакутныя і бялесыя твары святых на абразах і ўся палітычная сітуацыя моманту — усё гэта спрыяе стварэнню патрэбнага ксяндзу настрою. Ён падымае рукі, закочвае вочы пад скляпенне касцёльных мураў, дзе павінен сядзець пан Бог, і пачынае гаварыць. Гаворыць аб моцы, гневе, справядлівасці і бясконцай літасці "вшэхмогонцэго" пана Бога. Боскі гнеў і дабрата даводзіцца прыкладам аб тым, што было і што сталася з касцёлам "свентэго Казімера". Як калісь народ ізраільскі быў у Вавілонскім паланенні, дзе змоўклі струны яго арфы, так быў у няволі і палоне "свенты косцел" і польскі народ, прагнявіўшы пана "бога-ойца". Цяпер жа пан Бог змілаваўся над святым сваім домам, бо толькі касцёл ёсць праўдзівы і сапраўдны дом божы, і над народам сваім і вывеў яго з няволі. Дык трэба цвёрда памятаць аб гэтым і ні на адзін момант не адступаць ад святой веры каталіцкай, не паддавацца граху і не загразаць у яго цёмнай спакуслівай багне. Святы касцёл, утрачаны праз грэх, цяпер вернут з ласкі боскай, але касцёл апушчан, і святы Казімер балесна пазірае з свайго раю на занядбаны дом свой. Трэба шчодрыя ахвяры для аднаўлення касцёла.
Казанне сваё ксёндз Пацейкоўскі канчае заклікам даваць ахвяры, а разам з гэтым аддаць і "подзеньковане" пану Богу за яго літасць да верных католікаў, да ўсяго польскага народа, якому пан Бог таксама даруе і крулеўства.
Казанне змяняецца зноў набажэнствам, громам арганаў і агульнымі спевамі, а касцёльныя служкі ў спецыяльным адзенні ходзяць па касцёлу з срэбранымі талеркамі, прычым адзін з іх стукае святою булавою, каб напомніць парафіянам аб іх абавязках перад панам Богам і святым Казімерам. Праз некаторы час кафедру зноў займае ксёндз Пацейкоўскі. Цяпер ён гаворыць казанне аб рэлігіі. Другое казанне — працяг першага. Рэлігія, як гаворыць ксёндз Пацейкоўскі, ёсць "святлосць", адсутнасць жа рэлігіі, бязбожніцтва, гэта — "цемносць".
Яго папярэднія казанні толькі ўступ, падрыхтоўка да трэцяга, самага асноўнага і патэтычнага, дзе ён запыняецца і з усёю сілаю свайго красамоўства накідаецца на бальшавікоў, носьбітаў атэізму.
Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на "шклянку гарбаты". Ксяндза-пробашча віншуюць: яго прамова — шэдэўр красамоўства. Яму паціскаюць руку і пан Длугошыц, і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Ксёндз Пацейкоўскі ўвесь цвіце і свеціцца здавальненнем. Але ён, як і сотні другіх служак пана Бога, у касцёле вядзе толькі тэарэтычную падгатоўчую работу. Ён паказвае гасцям газеты, часопісы, дзе змешчаны яго артыкулы, накіраваныя за вайну супраць бальшавікоў, паказвае адозвы, дзеліцца праробленай работаю па часці практычных мер, накіраваных супраць Саветаў: наладжванне шпіянажу, арганізацыя банд і свае агентуры на савецкай тэрыторыі. Стала і грунтоўна рыхтуецца панская Польшча да веснавой ваеннай кампаніі супраць Чырвонай Арміі і чакае толькі пагоды, калі прасохнуць дарогі, каб рушыць сваё войска ў паход.
Вясна, пачаўшыся раптоўна, несулынна збірала сілу і ў некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою, голыя купы лазовых кустоў, да палавіны залітыя вадою, ды высокія шпяні алешын, ужо выбыўшых з строю жывога жыцця, захаваўшы толькі журботна ўзнятыя ўгару гнілыя цыбуры. Адны толькі цёмныя пушчы захоўвалі сваю звычайную суровасць, нават няветлую панурасць, тоячы ў сваіх нетрах звярыныя логавы, непраходныя дрыгвяністыя балоты, рэчкі, азярцы, пясчаныя груды-астравы, вузкія, не ўсім вядомыя, праходы, дарогі з бясконцымі бродамі і цэлыя шырачэзныя рэчкі снегавой вады, што рухліваю, хоць маруднаю, лавінаю пералівалася з балота ў балота па цёмных нізінах, накіроўваючыся ў Прыпяць. Але як вясёлы і прыветны цяпер ускраіны гэтых пушчаў, дзе кожнаяпядзязямлі, прыгрэтая веснавым сонцам, жыве радасным абуджаным жыццём, выпускаючы першыя парасткі маладога зеляніва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі, такія малюсенькія, што трэба ўважна прыглядацца, каб заўважыць іх радасны мітуслівы рух на кожным абагрэтым сонцам шматочку зямлі, на сухіх былінках, на кары даўно згніўшага дрэва. А паветра звініць птушыыым гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы, дзе б можна было асталявацца і зажыць сямейным жыццём. Аднаўляецца зямля, ажывае прырода, і радасны шолах жыцця ходзіць па галінах кустоў і старога лесу.
Гуляе паводка, адбіваючы ў сабе чыстае неба і бліскучае сонца. Як астраўкі, сям-там параскіданы людскія паселішчы. I ціха ў іх, не відаць чалавека. Прытаілася палеская вёска. Але гэта толькі адна зманлівая відомасць цішыні і спакою. Носіць вадзяная пустыня на ўлоннях сваіх быстрыя вастраносыя чаўны і лёгкія чайкі-душагубкі. А ў гэтых чаўнах, а ў гэтых чайках шнуруюць ад вёскі да вёскі суровыя, замкнёныя ў сабе сыны Палесся, патрывожаныя, выбітыя з каляін жыцця ўварваннем ненавісных акупантаў. Спасцярожліва ўзіраюцца яны ў далечы залітых вадою балот і шыбуюць між кустоў, туляцца каля высокіх сухіх чаратоў. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў тояцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Патаемная змова туліцца пад стрэхамі заняпалых хат. іутка ловіць гукі спасцярожлівае вуха і зорка ўглядаецца ў далечы вострае вока…
Надыходзіць вясна. Што нясе яна з сабою?
XXX
Трывожна здрыганулася Палессе.
Балота балоту, лес лесу перакідалі грознае водгулле невыразнага гуду. Баязліва калыхнулася ў ціхім паветры маладое, яшчэ зусім кволае лісце на гнуткіх галінках адноўленага дрэва. Ажыўшыя купчастыя бярозкі.ашлякоўваючы высокі бор жывым вянком свежай, пахучай зелені, стаялі ў нейкім разважлівым зняменні і, здаецца, прыслухоўваліся да гэтага нязвычнага далёкага грукату, ад якога калыхалася ціхае, прагрэтае сонцам паветра і ўздрыгвала зямля, перадаючы гэта ўздрыгванне дрэвам і маладому лісцю на іх. Такое ж дапытлівае недаўменне выяўляў усім сваім выглядам і сам стары бор, высока ўзнёсшы свае пышныя верхавіны і грэючы іх на веснавым сонцы ў хвалях чыстага паветра. А калі па лесе праходзілі лагодныя павевы ветру, то галінкі і лісце на іх лёгенька пакалыхваліся і шэптам пыталі ветру: "Што? што? што?" Нават сталыя буслы прыпынялі свой шпацыр па ўскрайках балот і трывожна прыслухоўваліся да дзіўнага гулу. А гэты гул расцякаўся па нетрах балот і лясоў, трывожыў звяроў і птушак. Старыя вепры натапырвалі вушы, слухалі, не разумелі нічога, але, палахліва роўкнуўшы, на ўсякі выпадак падаваліся глыбей у дзікія пушчы і вялі за сабой сваё маладзейшае пакаленне.
Гром і цяжкае бухканне, нібы вохканне зямлі ад нейкага болю, наводзілі страх і трывогу. Людзі, як слухачы і разам з тым удзельнікі і акторы вялікай сацыяльнай драмы, дзе вырашаліся лёсы мільёнаў, выходзілі на двор, станавіліся ў зацішнае месца, лавілі вухам далёкія, глухія пярэклічкі гармат, з боязню ківалі галовамі і гаварылі:
— Пачалося.
А іх растрывожаныя думкі рысавалі ім жудасныя малюнкі вайны.
Сялянская руплівасць і дбанне аб заўтрашнім дні загадзя ставілі на чаргу дня цэлы рад турботных пытанняў. I людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай пасці вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці, як, нарэшце, злаўчыцца самому, каб не папасці пад крывавае кола вайны.
— Рушылі палякі! — перадавалі з двара ў двор, з вёскі
ў вёску страшныя весткі аб вайне.
Людзі хапаліся за работу, каб выкарыстаць, покі не позна, кожны дзень, кожную часіну, каб аддаць зямлі на захаванне і на прырост хоць малую колькасць збожжа і бульбы, а рэшту схаваць, каб не адабралі няпрошаныя госці. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступвых астравах.
Хоць усе ведалі і спадзяваліся, што з вясною вайва пачнецца з новай сілай, але калі прыйшла вясна і прынесла весці аб вайне, то гэтыя весці тым не меней глыбока трывожылі і хвалявалі народ. Што ж будзе? Чым кончыцца гэта вайна?