Шрифт:
I паказвае на вартавога партызана.
— Ну, я ж вас не ведаю, а праверыць трэба, што вы за чалавек, — дзелавіта заўважае партызан.
— Правільна, таварыш, правільна!
А дзед Талаш здаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. У іх жа парадак і строга, як у арміі.
— Які ж добры вецер і скуль нясе вас, таварыш Нявідны?
— А я абход раблю свайго раёна. Работы шмат. I трэба ж на гэту работу людзей падабраць і паставіць.
— Што ж добрага чулі, бачылі?
— Ды шмат чаго бачыў… Справа наша жыве, расце… У вас жа што чуваць?
Расказаў дзед Талаш пра падзеі апошняга часу, пра букрэеўскі паход, пра стычку з палякамі пад Ганусамі, пра свае прыгоды, пра захват польскай контрразведкі.
Нявідны слухаў з захапленнем.
— Дык вы дарма не сядзелі. Малайцы! Пра вас далёка гавораць.
— Варушымся патрошку, — адказвае дзед Талаш, — а сёння ў нас і нарада будзе. Хочам трохі з лесу выйсці. I вельмі добра, што вас мы знайшлі. Вы скажыце нам колькі слоў пра вайну з панамі.
— Дужа рад буду пагутарыць з вамі.
— Дык давай, Мартыне, — гэта мой верны таварыш, адзін з тых, што раззбройвалі польскі канвой, — цяпер толькі адрэкамендаваў дзед Талаш Нявіднаму Мартына Рыля, — давай, дружа, народ склікаць!
Мартын моўчкі падняўся.
Цяпер толькі заўважыў Нявідны, што ў Мартына ёсць не толькі карабін, а і труба пры боку на зялёным шнурку, ёмкая крывая труба, дзервяная, самадзельная, шчыльна абверчаная бяростаю.
Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў так, як трубяць у лесе пастухі. Громкі і даволі несамавіты зблізку дзервяны гук паплыў па лесе і змоўк. Хвілінку счакаўшы, дзесь у глыбіні лесу адгукнулася другая труба. Дзед Талаш слухаў і ківаў галавою, паказваючы ў той бок, адкуль пачулася труба. Яшчэ далей і яшчэ болей ціха азвалася трэцяя. Дзед Талаш, відочна, быў здаволены, слухаючы водгулле труб.
— Каму што да таго, што ў лесе "пастухі" трубяць? — заўважыў ён.
Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Адзеты і абуты былі ваякі як папала. На галовах пападаліся старыя салдацкія шапкі, бачыўшыя на сваім вяку Галіцыю, Карпаты, Полыпчу і Нямеччыну. Сям-там пракідаліся былыя гімнасцёркі і казёныя раменныя папругі. Абуты былі хто ў боты, хто ў шчыблеты з абмоткамі часоў керыншчыны, а хто ў традыцыйныя палескія лапці, але сам народ быў сур'ёзны, цягавіты, гартаваны бурамі вайны і рэвалюцыі і гатовы біцца не на жарты, народ, з якім не Так-та лёгка змагацца ў гэтых балотах і палескіх трушчобах.
А групы ваяк прыбывалі, натоўп узброеных людзей рос і рос. Нарэшце, калі збор кончыўся, выступіў дзед Талаш.
— Таварышы, партызанскае войска! Давайце пагамонім аб справе. Пара нам за дзела ўзяцца. Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі, папалілі нашы хаты, разбурылі нашы гарапашніцкія двары, разграбілі наш набытак. А за што? За тое, што не захацелі быць панскімі батракамі, што асмеліліся скінуць ярмо, у якое ўпрэглі гарапашніцкі бедны народ паны і капіталісты; за тое, таварышы, што стаялі мы і стаімо за бальшавікоў, за Савецкую ўладу, якая скінула ўладу багатых і перадала яе ў рукі рабочых і беднага сялянства. Рушылі паны ў наступ сваё белае войска, каб адабраць ад нас зямлю, каб парабіць нас сваімі падданымі ды зноў прымусіць працаваць на сябе. Ці ж згодзімся ізноў стаць панскімі нявольнікамі?
— Далоў паноў! — грымнулі партызаны.
— Дык не будзем жа мы туляцца па лясах ды сядзець злажыўшы рукі. У нас ужо ёсць сіла, і сёе-тое можам рабіць. А што нам рабіць? Мы звяжам тут рукі панам, прымусім іх трымаць тут войска, будзем нападаць на іх абозы, разбураць дарогі, паліць іх маёнткі, без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Паможам нашай Чырвонай Арміі, покі збярэ яна сілу, і разам з ёю пагонім паноў і іхнюю паліцыю, ксяндзоў і ўсякую поскудзь.
Пасля дзеда Талаша слова ўзяў Нявідны.
— Дазвольце, таварышы, ад імя партыі бальшавікоў прывітаць вас, актыўных барацьбітоў, выступіўшых арганізавана і са зброяй супраць нахабнай навалы наймітаў капіталістычнай Еўропы.
Таварышы! Наша партыя, загартаваная ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі і ўзяла дзяржаўнае стырно ў свае рукі для таго, каб разняволіць закабаленыя масы рабочых і сялян ад гнёту капіталу, ад панскага ярма, каб аддаць у рукі працоўных фабрыкі, заводы, зямлю, каб зрабіць іх гаспадарамі гэтых фабрык, заводаў, зямлі, каб яны самі сталі вольнымі будаўнікамі свайго дабрабыту, свайго жыцця на новых сацыялістычных асновах. Выгнаныя фабрыканты, купцы, прамыслоўцы, памешчыкі, царскія генералы і іншы зброд дармаедаў знайшлі сабе спачуванне сярод замежных капіталістаў. З іх дапамогаю сабралі яны полчышчы белагвардзейцаў, узброіўшы іх браневікамі і танкамі, і пад камандаю царскіх генералаў і афіцэраў рушылі іх супраць улады Саветаў, каб у крыві рабочых і працоўных сялянскай беднаты заліць агонь рэвалюцыі і вярнуць сабе ўладу, уладу бізуна і нагайкі. Якая гэта ўлада, вы ведаеце самі цяпер. Дзянікін з поўдня, Калчак з Далёкага Усходу, Юдзеніч з захаду, ангельцы з поўначы здушылі цесным колам нашу краіну, каб замарыць яе голадам, каб прыбраць нас, галодных, абяскроўленых, у свае рукі і знішчыць Савецкую ўладу. Але, таварышы, наша маладая рэвалюцыйная рабоча-сялянская Чырвоная Армія, пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі, напаўгалодная, слаба ўзбрбеная, разбіла ўшчэнт царскіх генералаў і адміралаў, выгнала вон чужацкае войска замежных капіталістаў, а цяпер дабівае Врангеля. Але нашы бязлітасныя класавыя ворагі, замежныя капіталісты на чале з Англіяй не супакойваюцца. Яны ўтварылі так званую "Вялікую Польшчу" і выкарысталі панскую прагавітасць захапляць чужыя землі для таго, каб накіраваць яе супраць Савецкай улады. I вось, таварышы, вайна гэта пачалася. Што нясе нам гэта вайна, вы ведаеце. Вы самі, таварышы, узяліся за зброю — вы сталі на правільную дарогу: другога шляху нам няма. Таварышы, мы ваюем не для таго, каб забіраць чужыя землі, мы змушаны ваяваць, абараняць сваю айчыну, сваю ўладу, свае інтарэсы: наша ўлада — гэта мы, гэта нашы інтарэсы. Савецкая ўлада — гэта сімвал вызвалення ўсяго прыгнечанага чалавецтва ад няволі капіталізму. Мы ваюем не з Польшчаю наогул, мы ваюем з панскаю белаю Польшчаю, з Польшчаю капіталістычнага прыгнечання. У нашых радах, у радах бальшавіцкай партыі, ёсць многа, тысячы выдатных рэвалюцыянераў-бальшавікоў палякаў, якія разам з намі б'юцца з панскаю Польшчаю. У радах польскага войска ёсць шмат рабочых і сялян, часткаю абдураных сваім урадам і ксяндзамі часткаю змушаных гвалтам стаць у рады арміі. I трэба, таварышы, не толькі пускаць у ход зброю знішчэння ў вайне з панамі, а трэба таксама і развязваць вочы несвядомым польскім салдатам, абуджаць іх класавую свядомасць: з ворагаў яны стануць нашымі саюзнікамі і плячо ў плячо з намі пойдуць супраць сваіх прыгнятальнікаў. Таварышы, мы пераможам, будучыня наша! Цяпер жа, таварышы, прыступайце да арганізацыі, рэвалюцыйных камітэтаў — гэтай паходнай баявой Савецкай улады: недалёка той час, калі Савецкая ўлада стане тут цвёрдымі нагамі. Няхай трыумфуюць нашы ворагі з прычыны сваіх перамог — трыумф іх нядоўгі. Дык за справу, таварышы, за адзіна справядлівую нашу рабоча-сялянскую класавую вайну з панамі!
Няхай жывуць чырвоныя партызаны!
Няхай жыве Чырвоная Армія і яе арганізатар — Камуністычная партыя!
Мітынг скончыўся клятваю біцца да канца з панамі, біцца за вызваленне працоўных.
XXXII
Самыя цяжкія і самыя страшныя хвіліны, якіх яшчэ ніколі не перажываў Саўка Мільгун, былі для яго тыя хвіліны, калі выносіў яму свой прысуд дзед Талаш. Калі б дзед Талаш сказаў: "Смерць Саўку!" — то гэта не так уразіла б, як уразілі яго простыя, звычайныя словы суровага, але па істоце добрага, бясхітраснага чалавека: "Ідзі! Ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!" і яго апошняе слова: "Жыві!"