Вход/Регистрация
Паміж "А" і "Б"
вернуться

Машков Владимир Георгиевич

Шрифт:

Пры з’яленні Барыса Міхайлавіча ўсе ўскочылі, заляпалі вечкамі парт, закрычалі: “Добры дзень, Барыс Міхайлавіч!”

— Сябры, — усміхаючыся, пачаў важаты, — значыць, так будзе. Нашы два класы — 6 “А” і 6 “Б” — адправяцца ў турысцкі паход-спаборніцтва. У кожнага атрада будзе заданне. Хто яго хутчэй выканае і прыйдзе ва ўмоленае месца, той і пераможа. Таму і прысвояць першае месца ў дружыне.

— Ура! — зашумелі таварышы.

Потым пачаліся роспыты:

— А калі пойдзем у паход?

— А куды пойдзем?

— Як толькі заняткі скончацца, — ледзь паспяваў адказваць Барыс Міхайлавіч. — Маршрут яшчэ распрацоўваецца, але трэба ўжо рыхтавацца. З вамі пайду я.

— Ура! — зноў закрычалі таварышы.

— Мы абгонім 6 “А”! — загарлалі яны.

— Мы будзем самымі першымі!

— Ой, дзяўчаткі, а прыгоды будуць? — усклікнула Лена Кубліцкая.

Пры слове “прыгоды” ўсе на хвілінку заціхлі, а тады зашумелі і загаварылі з новай сілай. Усе яны вельмі любілі прыгоды, жыць без іх не маглі. Але так да крыўднага мала было прыгодаў у кожнага ў жыцці, што ўсе пачалі іх паціху выдумляць.

— Я быў у Белавежскай пушчы, — сказаў Сашка Акулік, — і бачыў там жывых зуброў. Я нітрохі іх не баяўся і нават карміў і гладзіў самых маленькіх. — Тут вочы ў Сашкі па-здрадніцку міргнулі.

— А я лазіла па Каўказскіх гарах, — сказала Лена Кубліцкая, — яны такія высокія, што параходы на моры падобныя на чаек. Праўда, праўда.

— А ў мяне на спінінг трапіўся шчупак, — прыняўся выдумляць Мішка Зайцаў, - ён быў такі вялізны, што я не мог яго выцягнуць. А потым, слова гонару, шчупак пацягнуў маю лодку па рацэ. Я шмат кіламетраў праехаў, як на водных лыжах, за рыбінай, пакуль мяне і шчупака не перахапілі ля моста рыбакі.

Барыс Міхайлавіч паспрабаваў быў перабіць гэты роўны, як дожджык, гул успамінаў, але ў яго нічога не атрымалася. Тады Барыс Міхайлавіч крыкнуў:

— Ціха, сябры, вы яшчэ ў школе.

Мы ведалі, што мы яшчэ ў школе. Але ўрокі ўжо скончыліся, і можна было нарэшце пашумець удосталь.

Барыс Міхайлавіч паспрабаваў яшчэ раз крыкнуць: “Ціха, сябры!”, але шум не ўлёгся. Тады важаты махнуў на нас рукой і выйшаў з класа. Ён, мабыць, добра памятаў сваё дзяцінства і памятаў, якімі бываюць школьнікі, а таму не стаў нам перашкаджаць. Добра, калі дарослыя памятаюць сваё дзяцінства. Мы такіх адразу пазнаём і любім па- сапраўднаму.

А ўспаміны аб прыгодах не спыняліся. Толькі я ціха сядзеў і не ўлазіў у размову. І калі таварышы ахрыплымі галасамі дасказвалі апошнія ўспаміны, я спытаў:

— А хто адной сярнічкай можа запаліць вогнішча?

Дожджык успамінаў скончыўся. Таварышы сталі пазіраць адно на аднаго, а хто і напраўду можа запаліць вогнішча адной запалкай? Аказваецца, на Месяц лягчэй злятаць, чым вогнішча адной сярнічкай запаліць.

— А ты ўмееш? — х’едліва спытаў Мішка Зайцаў.

— Лёгка, — усміхнуўся я.

— Хлусіць ты ўмееш, — скрывіў грымасу Мішка.

І ўсе засмяяліся. Ім спадабалася Мішкаў дурнаваты жарт. А на мяне зусім перасталі звяртаць увагу.

Я запхнуў кніжкі ў сумку і рушыў дамоў. Два класы супраць мяне. А я ні ў чым не вінаваты. Проста так усё атрымліваецца, што я вінаваты.

Каля ўвахода ў парк я заўважыў Галку Наважылаву. Яна прагульвалася туды-сюды і пазірала на ліхтар. Калі яна ўбачыла мяне, то вельмі ўзрадавалася. Ці мне так здалося?

— Што ты змрочны сёння? — спытала яна.

Я паглядзеў ёй у вочы і раптам, немаведама чаму, усё расказаў. Што на мяне ўз’еўся 6 “Б”, як некалі 6 “А”, і цяпер я не ведаю, куды падацца.

— На Месяц? Але там няма атмасферы.

Галка моўчкі выслухала маю скрушную гаворку.

— А можа, ты да нас вернешся? — ціха сказала яна.

Я скрывіўся.

— Два дні засталося, усё роўна.

Мы пайшлі па вуліцы.

— Ты бываў калі-небудзь на Белым возеры? — спытала Галка.

— Не, а што гэта за возера?

— Цудоўнае! — Галка нават прыцмокнула вуснамі. — Там сосны да самай вады падыходзяць, а пляжы якія — адзін пясочак. І дно — суцэльны пясочак. І маліны там колькі! Мы туды пойдзем у паход.

— Я, мусіць, не пайду, — паныла сказаў я. — Усе мяне ненавідзяць, дык чаго я буду старацца для іх першае месца зарабляць.

— Дарэмна, — сумна сказала Галка. — Але, можа, ты перадумаеш? А?

— Не ведаю, — паціснуў я плячыма. А самому раптам страшэнна захацелася пайсці ў паход да такога цудоўнага возера. І абавязкова — разам з Сёмкам, Галкай ды іншымі таварышамі з 6 “А”.

— Бывай, — сказаў я Галцы каля яе дома.

— Да пабачэння, — Галка працягнула мне руку. Я паціснуў яе. Рука была цвёрдай і моцнай, і гэта мне спадабалася.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: