Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Жабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі. Непаразумела зірнуў на Алеся. І раптам вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель.

— Здурэў, ці што? — спытаў ён гучным кплівым голасам.

Алесь цярпець не мог, каб з яго кпілі незнаёмыя.

— Цябе не спыталі, — сказаў ён.

— Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка, як макаўка, а розуму — як…

Загорскі ведаў, што працяг прыказкі злосны і трохі непрыстойны.

— Ты б паўтарыў, — з пагрозаю сказаў ён.

— А я не глухому гавару, — сказаў хлопец.

— То і відаць, што скнара. За такую песню паўрубля яму шкада.

— За гэтую песню мне мільёна не шкада. Ды толькі не з тваіх рук.

— А што мае рукі?

— А тое, што іншая дабрыня горшая за дурасць. А дабрыня багатага…

— Затое ты, відаць, з багатых. Сем коп лапцей…

Алесь сказаў гэта з вялікай крыўды. Але падлетак, апрануты сапраўды сціпла, здавалася, не пакрыўдзіўся.

— Люблю Сярка за звычай, — паказаў ён сляпуча белыя зубы. — Ды толькі не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што бога знаюць. Забяры свае бязбожныя грошы.

— Чым гэта яны горшыя?! — спытаў Алесь. — Чаго ты да мяне прычапіўся?!

— А тым, што яны дурной галавой дадзены, гэтыя грошы.

Алесь мераў хлопца вачыма. Так, той быў, відаць, дужэйшы, але ў яго было менш гнуткасці і спрыту.

— А я вось дам, дык ты і нагамі накрыешся, — сказаў хлопец.

— Ану дай. Сам пяты задзярэш.

Праз хвіліну яны малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў.

Пыл так і курэў над месцам бойкі.

Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным.

— Атрымаў? — спытаў хлопец.

— Дый ты атрымаў.

У хлопца сапраўды распухла і без таго пухлая ніжняя губа; у Алеся вуха было чырвонае і пякло.

— Ну і што? — спытаў хлопец.

— А тое, што дурань, — ужо не так злосна сказаў Алесь.

Яны ўсё яшчэ сачылі адзін за адным, але відаць было, што бойка згасне.

— Гэта ты дурань, — сказаў хлопец. — Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.

— А паперак няма? — буркнуў Алесь.

— Не ў старцоў, ёлуп хвашчоўскі.

Алесь разумеў, што хлопец кажа праўду, але вуха пякло, а незнаёмы яшчэ і лаяўся. Варожасць зноў пачала нарастаць.

— Ты хто такі? — не вельмі ветліва спытаў ён.

— А табе што?

— Ну хто? Паляк? Мазур?

І тут ён пачуў такое, што аж вочы сталі круглыя ад здзіўлення.

— Беларус, — спакойна сказаў хлопец.

— Што-о?

Алесь не мог зразумець, адкуль гэтаму хлопцу стала вядома яго таямніца, ягонае адкрыццё. Але хлопец, відаць, зразумеў пытанне як выгук пагарды.

Алесь не стрымаўся.

— Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я — беларус.

— Адзін Гаўрыла ў Полацку, — усміхнуўся хлопец. — Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ — Капернік.

— Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…

Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага.

А хлопец раптам сказаў:

— Я шкадую, што цябе стукнуў.

— І я таксама шкадую, — Алесь падаў хлопцу руку.

Хлопец зрабіў крок, і падлеткі моцна паціснулі рукі.

— Ты адкуль такі? — спытаў хлопец.

— З Дняпра. А ты?

— Я тутэйшы. Бацька прывёз тавар, а я з ім.

— Твой бацька купец?

— Не, дваранін. Але ў яго ёсць маленькая фабрычка. Абрусы, сурвэткі, усё такое, словам.

— Значыць, вы небагатыя?

— Небагатыя. У нас вялікая сям'я. Адных дзяцей лічыш-лічыш ды саб'ешся.

— Ты вучышся дзе?

— Тут і вучуся, — сказаў хлопец, — у прагімназіі. Праз пятнаццаць нейкіх дзён канец волі. Зубрэнне гэтае. А ты любіш вучыцца?

— Люблю. Толькі я дома вучуся. Мяне рыхтуюць у чацвёрты клас.

— Маеш шчасце. Я таксама вучыцца люблю, ды толькі настаўнікі ў нас дрэнь. — Уздыхнуў. — Скончу, пайду ва універсітэт. Урокамі буду зарабляць, а выб'юся. З нашай зямлі не пражывеш: бацька ўсіх не пракорміць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: