Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— "Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне", — спяваў мярцвяк.

І, працягваючы чашу, узглашаў:

— Пійце ад нея ўсі.

— "Відзехом святло сапраўднае, — спявалі галасы, — прыяхом духа нябеснага… То бо нас уратавала ёсць".

Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.

— Швагер, — сказаў Кроер. — Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.

Загорскі спыніўся.

— Прабачце, панове, за жарт, — сказаў Кроер. — Іначай ніхто не прыехаў бы.

— І правільна, — сказаў Біскуповіч. — Бо ў гэтым доме ад кожнай п'янкі хто-небудзь ды памрэ.

— Забудзем спрэчкі, — казаў далей Кроер. — Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?

У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй — загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.

Кроер абводзіў усё гэта вар'яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.

І, відаць, не пажадаў псаваць свята.

— Пусціце іх, — кінуў ён. — А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.

Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.

— І даруй, — сказаў Кроер.

Потым ён стаў у труне.

— Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая — жывіце тут.

Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.

Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.

Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.

Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п'янкай, але сіліўся стаяць роўна.

Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.

— Дзе? — страшным ціхім голасам спытаў ён.

— Ля ганка, пане.

Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.

— Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай — засяку… на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк… каб трупамі ляжалі да раніцы.

І амаль выбег з параднай залы.

…Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.

Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:

— Коней.

— Зараз, — заспяшаўся той.

Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.

На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох "блакітных" і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.

У баку ад гэтай купкі людзей стаяў Мусатаў. Глядзеў як быццам у другі бок, пагладжваў шчэцістыя бакенбарды. Зеленаватыя, як у рысі, вочы прабеглі па абліччах Алеся, пана Юрыя, Біскуповіча і абыякава пачалі разглядаць, бы першы раз бачылі, бліскучыя ад вільгаці дзікія камяні будынка, высокія вокны, падушкі зялёнага моху ля вадастокаў.

Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.

Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. "Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом".

Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.

— Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў — плаці.

Вар'яцкія вочы глядзелі з усмешкай.

Корчак маўчаў.

Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.

— Бацька, што гэта ён? — спытаў Алесь.

— Брыда, — сказаў пан Юры. — Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.

Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.

— Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: