Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Бачыш. Бацька твой іх не любіць. Дзед. Прадзед не любіў. Усе… Клеткі не любіць ніхто. Кожны, акрамя труса, хоча яе зламаць. А свабоднага чакаюць сіло, раны, смерць.

Знясілены, ён чуйна прылёг на бок.

— І ўсё адно гэта лепей, — прамармытаў ён. — Забіцца кудысь і… здохнуць. Абы не вісець у торбе, як гусь на адкорме… Каб не лез табе кожны брудным пальцам у дзюбу, не торкаў туды арэшкаў… Чым іхнія арэшкі — дык лепей… свая раска ў балоце.

Сплюшчыліся вочы.

— Ты адзін? — спытаў ён.

— Не, там, на грывах, малочны дзедаў брат.

— Угу, — сказаў Война. — Гэты таксама будзе маўчаць. Ты — ідзі да яго. Я паляжу, ачуняю… Мне трэба быць спакойным. І хітрым.

— Можа, прывесці вам каня?

— Го! Гэта далёка… Вельмі далёка. Цяпер мне трэба здабываць другога, каб дабрацца да свайго.

Алесь устаў.

— Я пайду. Я… не скажу нікому.

— Ведаю, — проста сказаў Война.

Ён змоўк. Алесь акінуў вачыма постаць, паклікаў Алму і пайшоў з ёю да ўзлесся.

Лес радзеў. Алесь бачыў, як праменні сонца ўсё часцей прабівалі сваімі дзідамі лістоту, як яны прабіраліся ў самы гушчар, як насустрач ім дымела зямля.

Паміж ім і сонцам клубіліся ў паветры раі мошак, быццам тысячы да чырвані распаленых вясёлых іскрынак, якія вялі і вялі свой трывожны і радасны танец.

…Гісторыя з балотнай пагоняй скончылася зусім нечакана.

Война не мог ведаць, што на яго ў гэты раз паляваў не адзін Мусатаў. Мусатаву прыслалі ў памочнікі чалавека з губерні. Начальству надакучыла няўлоўнасць Чорнага Войны. З гэтым асколкам мінулага паўстання трэба было канчаць. Начальства не гневалася на Апалона Мусатава: яно ведала, што злачынцу ва ўласным доме памагаюць і сцены, што Мусатаў распарадны і дзейны чалавек і не яго правіна ў тым, што бандыт гуляе на волі.

Збіраць чуткі — гэта была не яго справа. Сачыць, распытваць сялян, лавіць краем вуха іхнія размовы павінен сышчык.

Так з'явіўся ў наваколлі Сухадола Мікалай Буланцоў, знаўца сваёй пачэснай і патрэбнай дзяржаве прафесіі, спраўны чалавек год дваццаці.

Буланцову трэба было ўзвысіцца яшчэ больш, чым Мусатаву. Апошні ўжо дасягнуў сяго-таго, а гэты толькі рабіў першыя крокі. Мусатаў усё ж меў дваранства, няхай жабрачае і заняпалае, а Буланцоў паходзіў з кантаністаў, з парыяў, вучаных на медныя грошы, з тых, ніжэй за каго на ўсіх абшарах Расійскай імперыі былі толькі вайсковыя пасяленцы ды яшчэ паншчынныя мужыкі ў вельмі дрэнных паноў.

Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю — дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар'еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом.

Начальства заўсёды мела рацыю. А калі падначаленым і не вельмі салодка пад ягонай грознаю дланню — тым горш для падначаленых. Значыць, трэба ўзвысіцца, каб не пакутаваць ад рукапрыкладства. Трэба стаць незаменным, і тады сам атрымаеш права біць, сам прымусіш іншых баяцца і цягнуцца струной.

Такія былі яго няхітрыя разважанні. Такія самыя, як і ва ўсёй пароды кар'ерыстаў, якой яна была і якой яна будзе.

Нервовы і жоўчны ў душы, але вонкава дысцыплінаваны і разважлівы, Мікалай Буланцоў зразумеў, што Мусатаў бярэцца за справу не з таго канца. Трэба было дакладна ведаць, дзе бывае бандыт, а ганяцца — справа апошняя.

І ён успомніў аб споведзі, аб таямніцы споведзі. А паколькі ніводзін поп, які паважае сябе, не выдасць гэтай таямніцы, ён падумаў, што поп напэўна можа падзяліцца цікавай навіной з дыяканам сваёй царквы. А ў дыякана, вядома, ёсць жонка, якой няма рэзону трымацца асабліва за чужы сакрэт. Гэта, вядома, не датычылася звычайных плётак, але магло датычыцца сур'ёзных выпадкаў.

Усе цэрквы, акрамя царквы ў Раўбічах і Загоршчыне, былі зачынены загадам старога Вежы.

Служылі толькі ў царкве ў Мілым. І там Буланцову пашанцавала. Яму ўдалося ўцерціся ў давер дыяканісе і атрымаць весткі, што Война памагае грашыма сялянам глухой вёскі Янушполе і часам аднаўляе там запасы аўса для свайго каня.

З губерні і з павятовай паліцыі выклікалі людзей, з псярні Кроера ўзялі сабак і непрыкметна атачылі вёску.

Война нарваўся на дванаццатыя суткі. Выйшаў з пушчы проста пад кулі. Тут бы счакаць і браць яго, але пагарачыліся земскія і адкрылі страляніну, калі да сцярожкага чалавека было яшчэ сажняў сорак. Збаяліся падпусціць яго бліжэй.

Паранены Война ўцёк. За ім гналіся тры гадзіны і, ужо ўначы, загналі яго ў балота, залітае вадой. Мокнуць нікому не хацелася, тым больш што ішлі па крывавых слядах, якія цягнуў Война па расянцы і сіўцы. Таму рэквізавалі тры пласкадонкі і з паходнямі рушылі за ім. Верхам паехаў толькі Мусатаў на сваім дэрашы.

Прачасалі ўсё — і дарэмна: ці то не ўбачылі ў цемры, ці то чалавек захлынуўся, ці паспеў вышмыгнуць з балота ў лес, на шчасце, не такі ўжо і вялікі.

Буланцоў па загаду Мусатава ачапіў лясны востраў. Сам Мусатаў астаўся ля балота, ведаючы, што воўк заўсёды кідаецца ад загоншчыкаў туды, дзе, як яму здаецца, нікога няма і дзе яго чакае паляўнічы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: