Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Пяцьдзесят трэці год зноў прынёс неўраджай. Дрэнная была азіміна, дрэнная была і ярына, бо ў час жніва лілі дажджы і прарастала ў полі нязжатае жыта.
Людзі галадалі і елі хлеб, падобны на торф. Больш-менш чысты хлеб давалі толькі зусім маленькім дзецям. Цар не мог не ведаць гэтага — усе чулі пра данясенне генерал-губернатар магілёўскага, віцебскага і смаленскага Ігнацьева. Той пісаў пра страшныя рэчы, пра жабрацтва адных і несумненную раскошу другіх.
Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння.
І хлопцы зразумелі, што гэта не бацька, а айчым. Айчыма можна ненавідзець, і яны цяпер ненавідзелі яго ўсёй сілай нянавісці, якую толькі маглі змясціць іх дзіцячыя душы.
Алесь зрабіў і першую выснову з гэтай нянавісці, калі яны з Мсціславам ехалі дадому на калядныя вакацыі ў прысланым Вежай вазку.
Снежнае поле курэла. Белыя змеі паўзлі па гурбах да кібіткі і перасякалі сляды палазоў. Прывідна матляліся ў зеленаватым святле месяца чорныя палыны ля дарог. Фурман спяваў нешта сабе пад нос.
Юнакам было трохі халаднавата, і яны шчыльней заціскаліся пад мядзведжую апону. Няяснае святло месяца падала ў акенца вазка.
— Ведаеш, Мсціслаў, — сказаў раптам Алесь, — сэрца не вытрымлівае, калі глядзіш на ўсё, што вакол. Так шкада гэтых бедных людзей, гэтую сірату-зямлю.
— Сказаў яшчэ. Каму не шкада. А што рабіць?
— Астаецца адно, — сказаў Алесь глуха.
— Што?
— Зброя.
Мсціслаў варухнуўся пад апонай.
— Разумная галава думала аж дзве хвіліны. Хто яе возьме? Ты? Я? Грыма?.. Пяць гімназістаў. Ты ж ведаеш: і ў нас, і ў шостым, і ў сёмым класе больш не знайшлося ніводнага.
— Можа, і ёсць, ды маўчаць.
— Дык будуць маўчаць і тады.
— Вашчыла пачаў з трыма сябрамі, — сказаў Алесь. — А потым вакол іх стала войска.
— Ну і скончыў, як пачаў.
— Але ж чатыры гады трос дзяржаву.
— Тады народ быў смелы.
— А цяпер? Цяпер яму яшчэ горш. Лепей смерць, чым гэтакае жыццё. Усе разумеюць: I гэта пякельнае, абразлiвае рабства!..
Мсціслаў глядзеў праз акенца, завея паўзла на сляды палазоў.
— Не, — сказаў ён нарэшце. — Ты ведаеш, я не баязлівец. Але колькі нас. Мы толькі пачалі разумець сябе. Нават калі мы знойдзем яшчэ сотню-другую людзей, гэта скончыцца стратамі і ганеннямі. Наша маленькая думка проста не вытрымае, згасне, мы загінем, а з намі першыя парасткі. І тады нам канец.
Дзеці сур'ёзна гаварылі аб паўстанні і зброі, і гэта было б нават смешна, каб не іхнія пашыраныя вочы, ліхаманкавы румянец шчок і перарывістыя галасы.
— Не, — паўтарыў Мсціслаў. — Мы страцім усё, прыдбанае з такой цяжкасцю.
— Ты мяне не зразумеў, — сказаў Алесь, — я не кажу пра бунт сепаратыстаў, я кажу пра бунт нездаволеных, хто б яны ні былі. Палякі… рускія… літоўцы… людзі Інфлянтаў.
— Тым больш, — сказаў Мсціслаў. — Астатнім што?! У іх шмат астанецца, калі расстраляюць нават тысячы. А ў нас не астанецца нічога, нават калі расстраляюць сто чалавек. Мы маленькі агеньчык, які ледзь пачаў гарэць.
— Знойдуцца яшчэ.
— Праз сто год? — іранічна спытаў Мсціслаў. — Гэта ты важна прыдумаў.
— Няхай, — упарта сказаў Алесь. — А зброю браць усё адно давядзецца. Да таго часу знойдзем людзей… Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух.
Вазок ехаў цяпер зусім па чыстым полі, пакідаючы за сабою самотны звілісты след. І ўсё паўзлі, паўзлі на гэты след белыя змеі.
…Дзед быў усё той самы. Сустрэў абодвух з лёгкай іроніяй і дрэнна схаванай пяшчотай у старэчых вачах. За вячэраю гаварылі аб нязначным: аб зайчыным паляванні, аб тым, што Кроер яшчэ раз паўтарыў свае хаўтуры, на гэты раз куды больш віртуозна, і зноў многія трапілі ў ягоную пастку; аб тым, што ў Маскве згарэў Вялікі тэатр.
— Гэта ён ад сораму, — заўважыў Вежа. — Бо кожны дзень спявалi "Жыццё за цара".
А пасля вячэры Мсціслаў, відаць, вырашыў трохі выпрабаваць старога на радыкалізм.
— Дастаў бы ты, Алесь, тое, што ў цябе ў кішэні, ды пачытаў пану Данілу.
Алесь збялеў. У кішэні ў яго ляжаў спісак "Паэм на маларасійскай гаворцы". Паэмы зваліся "Каўказ" і "Сон". Прозвішча аўтара не было, але яго шэптам перадавалі адзін аднаму: Шаў-чэн-ка.
Алесь паглядзеў на сябра з такім дакорам, што той сумеўся. Але дзед зрабіў выгляд, што нічога не разумее.
— Адну давай, — сказаў ён.
І тады Алесь пачаў чытаць. Дзед слухаў сурова, а калі ўнук скончыў, доўга маўчаў.
— Сцеражыцеся, хлопцы, — сказаў ён нарэшце звонкім ад хвалявання голасам. — Я не буду забараняць: бачу, чаго вы там нахапаліся, ведаю, што позна, вы не паслухаеце. Але сцеражыцеся. Павагаю вашай да мяне прашу. Мне будзе… крыўдна, калі з вамі што-небудзь здарыцца.
Хлопцы, прыгнечаныя страшнай сілай гэтага "сцеражыцеся", маўчалі, быццам упершыню самім сэрцам адчулі небяспеку. І тады стары, шкадуючы іх, раптам сумна ўсміхнуўся: