Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Ды ўжо, — сказаў Кандраці. — Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!
Дзед асекся.
— Што трэба пану брату Данілу?
— Тройку для панiча, — сказаў дзед. — Зараз.
Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.
— Дзеду, — ціха сказаў Алесь. — Я вам гэтага ніколі не забуду.
— Не варта падзякі, — сказаў дзед. — Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.
— Я разумею…
Вежа ўздыхнуў.
— Сёння якое?
— Дзевятае.
— Адны суткі. Калі паспяшаешся, можаш сустрэць.
— Тады лепей вярхом.
Дзед памаўчаў.
— Так што хапай яго на "яме" і цягні сюды. Перадай: не прыедзе — табе будзе балюча, а я за цябе пакрыўджуся. Цікава паглядзець, што то за птушка, з якой дзяліцца даводзіцца.
…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.
Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.
Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.
Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне — і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.
Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.
Гэта былі руіны "моста на крыві", на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.
А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці "свайго" Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.
Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам по галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.
Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.
Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.
Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая — хоць ты пальцам на ёй пішы — паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.
Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.
Нейкія не тыя людзі. Стары чыноўнік з клуначкам… Жанчына ў чапцы, відаць, ягоная жонка… Семінарыст… Два шляхцюкі з сярэдніх.
— Скажыце, дыліжанс па смаленскай лініі рушыў ужо?
У той самы момант, як спытаў гэта ў семінарыста, з радасцю ўбачыў, што не спазніўся.
Кастусь сядзей ля сцяны, на лавачцы. Сядзеў, палажыўшы падбароддзе на сугiб рукi, i глядзеў сваiмi сiнiмi вачымi, як запрагаюць коней. Глядзеў пахмура i з вiдочнай нудотай.
Гэта быў той і не той Кастусь. Валасы па-ранейшаму падалі назад, паказваючы высокі і чысты лоб, але былі даўжэйшыя. Ледзь прыкметна прабіваліся вусы, і хлопцаў рот здаваўся, ад асмужанага ценю над ім, яшчэ больш уладным.
Апрануты ён быў у сурдуцік, у бэжавыя нанкавыя панталоны і запыленыя паўбоцікі. На гожай мускулістай шыі сцягваў каўнер белай кашулі шырокі чырвоны гальштук.
Каліноўскі ўзняў галаву і доўгім непаразумелым позіркам, нібы не пазнаючы, абвёў цёмнага ад загару юнака.
— Алеська…
— Кастусь!..
— Панове, — сказаў гарэлачным голасам станцыйны наглядчык. — Проша сядаць.
— Я… еду зараз, — яшчэ цішэй сказаў Кастусь. — Во і дыліжанс.
— Пайшлі яны са сваім дыліжансам! — выгукнуў Загорскі.
Кастусь збянтэжана муляўся. І тады Алесь працягнуў яму рукі.
— Кастусь!.. Во дык Кастусь.
— Алеська! Братка! Алеська!