Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Бацька вод, — паправіў Алесь. — Вось так і Дняпро пачынаецца недзе.

— Жывая вада, — сказала Яня.

І яна апусцілася на калені і зламала пальчыкамі крыштальную паверхню.

— Піце. Будзеце жыць сто год…

Яны ляглі на жываты і доўга, часам адрываючыся, пілі ваду, такую халодную, што яна абручом сціскала лоб.

А вакол быў зялёны і чорны паўзмрок, і толькі адзін прамень падаў між іхніх галоў на нябачную ваду, мякка залоцячы дно.

XIV

Усё праходзіць. Прайшлі і тыя шчаслівыя дні, калі ўсе былі побач, мала спалі: абуджаліся раней за птушак, сустракалі ўсход, праводзілі сонца, калі яно, нізкае, адбіваецца ва ўсіх вокнах, і вокны гараць расплаўленым золатам і дом нібы пылае ўнутры, і клаліся позна.

Паехалі. Толькі і засталося, што ўспаміны ды надзея. Бо нездарма ж Майка казала: "На ўсё жыццё". Суцяшала гэта дрэнна.

Цэлымі днямі адзін — Фельдбаўха і француза ў сябры сабе не возьмеш, — маці чытае або вышывае другі ваздух, бацька цэлымі днямі на палях, а то на паляванні.

І вось у адзін з дзён, — стаяла сярэдзіна жніўня, — бацька і маці нешта доўга шапталіся за вячэрай, а твары ў іх былі ўстрывожаныя і ўрачыстыя. Урэшце, калі прыбралі са стала, матуля сказала:

— Дзядуля прыслаў з пасыльным ліст, сынок.

Алесь узняў вочы.

— Ён просіць, каб ты прыехаў да яго… Адзін.

Бацька выняў з пулярэса ліст паперы і прачытаў:

— "Мізантропія мая і хандра разгуляліся. Мне цяжка бачыць новых людзей. Таму і не зваў вас. Твар падабенства божага мне абрыдзеў, так мала ў ім божага. Але паколькі настрой гэты ўсё цягнецца і канца яму не відаць, а ў жываце нашым бог волен кожны дзень, то ўнуку майму Аляксандру належыць ведаць ва ўладанне чым ён уступіць пасля мае смерці і паспяховага адыходу ў тое, што пасля яе. Таму хай прыязджае да мяне на адзін-два дні…"

Матуля закрыла вочы рукою, пальцы яе дрыжалі.

— Я ведаю, Georges, чаму ён не хоча бачыць цябе. Гэта праз Кроера. Праз яго ён і мяне не любіць.

— Недарэчнасць, — сказаў пан Юры. — Ах, чорт стары, семдзесят восем год, я ён блазуе, як недаростак. У яго капрызы, як у цяжарнай! Ты для яго — слабая святоша. Я — сабачнік, няздатны на справу.

— Georges! Пры дзіцяці?! Ты што?

— А таму, каханая, — нечакана цвёрда сказаў пан Юры, — што з цябе здзекавацца я нiкому не дазволю,

хоць бы і роднаму бацьку. Звык, у другім веку жывучы, мудраваць і свае прыхамаці вышэй за ўсё ставіць.

— Пакінь, — сказала пані Антаніда. — Я, напэўна, памылілася. Ён сапраўды старога веку чалавек. Столькі бачыў, што яму абрыдлі людзі, хочацца спакою.

І тут нечакана ўмяшаўся Алесь.

— А ў мяне ніхто не пытае, — сказаў ён.

— А што тут пытаць? — азваўся бацька.

— А тое, што я не паеду, — упарта сказаў сын. — Я не лялька. Цяжка яму бачыць людзей — хай не бачыць. Я таксама чалавек, а не кацянё якое.

Пані Антаніда спалохалася.

— Ты гэта дзеля мяне зробіш, сынок, — мякка сказала яна. — Ты не звяртай увагі.

— Не паеду.

— Можа, ты і спадабаешся яму.

— Не хачу нікому падабацца, — зусім па-вясковаму сказаў Алесь. — Што я, дзеўка?

Умяшаўся пан Юры.

— Ён твой дзед, ён даў табе кроў. Самае дарагое, што ёсць у цябе. Ніхто яшчэ не казаў, што Загорскія не паважаюць продкаў.

— Я таксама Загорскі.

Бацька няшчыра ўздыхнуў:

— Не, брат, ты не Загорскі. Загорскія не баяліся самых цяжкіх людзей. Яны, — вось хаця б твой дзед, — з імператарамі не ладзілі, караля не паважалі, калі ён быў не варты таго.

Яшчэ раз уздыхнуў:

— Ты не з тых… А я думаў… Ёсць у Загорскіх звычай адзін… Ды ты да яго не дарос.

— Які?

— Калі ўсе бачаць, што хлопец стаў зусім дарослы, ён ідзе вандраваць. Зусім адзін. Сам едзе, сам начуе, дзе хоча. Па корчмах ці проста ля вогнішча. І гэтым даводзіць, што ён дарослы. Вось я і думаў, што такой вандроўкай табе будзе дарога да дзеда. Паедзеш сам, адзін, узброены… Урга конь далікатны, яму догляд патрэбен, дык ты ўзяў бы Касюньку… І паехаў. А я, ведаючы дзеда, які можа любога затрымаць на колькі захоча…

— Як гэта?

— Ён ведае, што двараніну пешшу хадзіць ганьба. Вось і замкне каня. І чалавек сядзіць… Дык я, ведаючы гэта, да Доўгай Кручы, якая недалёка ад маёнтка, потым даслаў бы Логвіна і загадаў бы яму два дні чакаць. Калі бы ты не захацеў заставацца — дайшоў бы якую вярсту ды і вярнуўся дамоў. Тым больш што такога чакаць не даводзіцца: дзед запрашае на адзін дзень.

Ён гаварыў разважліва.

— Але ты, відаць, не дарос да такога падарожжа. Што ж, пачакаем.

У Алеся пачырванелі шчокі. З бліскучымі вачыма ён сказаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: