Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Пяць мільёнаў!.. Цi не занадта многа для "рабочай гаворкі"? — сказаў Алесь.
— Я паважаю вашы пачуцці, — сказаў Ходзька. — Але цi не занадта вы малады, каб…
— Чакайце, — сказаў са свайго кута Сыракомля. — Гэта забаронены ўдар.
— Чаму забаронены? — умяшаўся Лізагуб. — Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.
— Малады чалавек, — сказаў Сыракомля. — Веды i вера ў радзіму — розныя рэчы.
— Магчыма, пане Кандратовіч, — у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. — Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.
Ходзька кінуў на яго ўхвальны позірк:
— Я ўдзячны вам. Не турбуйцеся. У мяне яшчэ няма старэчага маразму.
— Паважаю пана, — сказаў Лiзагуб. — Але дадам толькi адно. Брыдка, калi адукаваны чалавек, князь, пачынае насiць лапцi праз нейкiя там меркаваннi. Гаворка гэтая для людзей вашай культуры — тое самае, што лапцi замест чаравiкаў.
— Глупства, — раптам сказаў Марцінкевіч. — Выходзіць, я лапцюжны паэт? I пан Кандратовіч таксама?
— Не звяртайце ўвaгi, — нервова сказаў Сыракомля. — Я не хачу пакрыўдзіць пана Лізагуба, сказаўшы, што яго словы — праява злачыннай абыякавacці да перакананняў.
I замкнуўся, нервова перабіраючы брэлокі. Лізагуб, на знак павагі да слоў паэта, схіліў галаву.
Усім было трохі някавата. Алесь бачыў, што ўсе глядзяць на яго. Нават Манюшка кінуў сваю каву i ўглядаўся, мружачы добрыя вочы.
— Я адкажу спачатку пану Марцінкевічу, — сказаў Ходзька. — Не, я не кажу, што ваша паэзія лапцюжная. Я з прыемнасцю слухаю вашы ідыліі. Ваша "Сялянка" — гэта добра.
— Калі-небудзь я напішу такую ідылію, што вы не будзеце ведаць, куды схавацца ад людскога смеху, — буркнуў гарбун.
— Не, яна не лапцюжная. Яна недарэчная. Пішучы на беларускай гаворцы, вы насаджаеце сярод мясцовага люду, сярод мужыкоў i нават сярод некаторых дваран, як мы бачым, правінцыялізм.
Дунін-Марцінкевіч засмуціўся. Развёў рукамі.
— Я не хачу звадаў, — глуха сказаў ён. — Я хачу i намагаюся пераканаць у патрэбнасці гэтага ўcix… Я хачу, каб yciм было добра, каб на зямлі панавалі гармонія і радасць. Досыць ужо вытрымаў агню гэты няшчасны край. I што ж, мяне кусаюць адусюль. Няма такога сабакі, які не палічыў бы cвaiм абавязкам ухапіць мяне за нагу. А я не хачу даваць кухталі людзям. Нават дрэнныя, яны — людзі.
— Гуманізм, які б'юць і справа і злева, — буркнуў Грыма. — Зноў тое самае.
Але гарбун, відаць, не заўсёды трымаўся таго правіла, што людзям трэба дараваць, нават калі яны кусаюць за ногі. На ягоныя вусны ўспаўзла павольная разумная ўсмешка.
— Самае дзіўнае, што ніхто не выступіў супраць маёй паэзіі ў каралеўстве, у Польшчы. Лаюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай, нашы паны. Больш ваююць за Польшчу, чым самі палякі. Відаць, таму, што ніколі iм не быць ні беларусамі, ні палякамі, ні немцамі, хоць яны схільны быць і тым, і другім, і трэцім.
— Зразумейце, пане Марцінкевіч, — сказаў Ходзька. — Я не супраць гэтага як рэдкасці, як своеасаблівага рарытэту. Але ж гэта наследаванне нязграбных тутэйшых песняў… Ці варта паўтараць тое, што памрэ.
І тут Алесь убачыў, як гаротна затрэсліся вусны інтэлігентнага каротказорага чалавека, які дарма намагаўся схаваць за кавай сваю разгубленасць і ніякаватасць.
— Я таксама gente albarutenus natione polonus [74] , — сказаў Манюшка. — Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам — азначае душыць астатніх. Быць палякам — гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні… Гэта ўжо я магу вам заявіць.
74
Паходжання беларускага, нацыі польскай (лат.)
На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.
"А мо сапраўды бог?" — падумаў Алесь.
— Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.
І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.
— Што ж, — спытаў Ходзька, — замест Чымарозы смярдзючы мужык?
— Я з мужыкоў, — сказаў Каратынскі, — будзеце злоўжываць гэтым — скончыцца дрэнна.
— Што ж, — сказаў Ходзька. — Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара — п'яны кат з бузуном.
— Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, — сказаў Грыма. — Мы хочам волі.
— А атрымаеце бізун… Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы — наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, — гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое — вас самнуць.
Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.
— Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?