Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Біў у галаву.
Але ў Загорскага рэакцыя супраць шпагі, супраць кулака была імгненная. І ён нездарма стаў галавою да люфта.
Алесь таргануў галавою — і Альгердаў кулак змаху наляцеў на медны, востры зачап юшкі.
Корвід адскочыў, сагнуўшыся. Ён сычэў ад болю. З далоні цурком лілася на падлогу кроў.
Адкінуўшы нагою Язэпа Цялкоўскага, Алесь стаў у кут і падрыхтаваўся. Наляцеў Фан дэр Фліт — па мордзе, па мордзе сушанай трасцэ. Нагою ў пах Гальяшу Цялкоўскаму… Набліжаецца Лізагуб… Зноў у сківіцу.
Усё ж яго вырвалі з кута, абкружылі. Нехта — мабыць, Фан дэр Фліт — ударыў ззаду па галаве. Лізагуб сунуў у грудзі…
І раптам усё сціхла. Дзверы прыбіральні адчыніліся, і адтуль выйшаў настаўнік гімнастыкі, адстаўны афіцэр з маладых, падборысты і шыракагруды чалавек з дзіўным прозвішчам Крэст. Крэста большасць гімназістаў любіла, бо ён не задаваўся, не ўдаваў з сябе настаўніка, а паколькі спорт ледзь-ледзь пачынаў уваходзіць у моду і ніхто не лічыў яго за сур'ёзную дысцыпліну, а выкладчыка — за паўнацэннага, Крэст трымаўся з гімназістамі проста і роўна, хутчэй як не з вучнямі, а як з малодшымі сябрамі. Гэта выяўлялася шмат у чым. Між іншым, і ў тым, што ён ніколі не карыстаўся прыбіральняй для настаўнікаў.
Усе адскочылі. Крэст стаяў, выціраючы вільготныя рукі хустачкай, і белазубая ўсмешка ляжала на яго ружовым абліччы.
— Курыце ў прыбіральні, бэйбасы? — звярнуўся ён да Цялкоўскіх. — Усе кураць, халдзеі вы… Будзеце мець курыныя грудзі… Вось што.
Усе, хто нападаў, апусцілі галовы. Толькі Алесь глядзеў проста ў вочы Крэсту. Бачыў, як плавала на самавітым абліччы настаўніка лагодная ўсмешка.
— Прабачце, джэнтльмены, — сказаў Крэст, — я выпадкова чуў усё. Я не хацеў бы перашкаджаць вам. Іначай мне давялося б праседзець у прыбіральні да канца рэкрэацыі. Не звяртайце ўвагі.
Пайшоў прэч. Потым прыхільна спыніўся каля Лізагуба. Добразычліва параіў:
— Хіба так б'юць? Калі б'еш — бі ў жывот.
Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. І раптам мільгнуў перад вачыма Лізагуб, а потым у вачах успыхнула вострая цемра…
Ігнацы скарыстаў параду.
Трымаючыся за сонечнае спляценне, Алесь хістаўся на нагах і не мог дыхнуць. Усё вакол то цямнела, то святлела.
Лізагуб стаяў перад ім і цадзіў праз зубы словы, якія таксама то знікалі, то даляталі аднекуль здалёк, то раптам жундзелі нібы ў самым вуху:
— Слухай, ты, дзярмо… Ты, мужыцкая зязюля… Ты, бруднае беларускае быдла… Мы цябе для тваёй жа карысці трохі патопчам нагамі, павучым… А перад гэтым ты запомні мае словы… Кінь…
Загорскага ўрэшце адпусціла. Яшчэ імгненне — і ён задыхнуўся б. Неймаверна салодкае паветра ўварвалася ў грудзі. Пачало святлець перад вачыма.
— Юда! — з усхліпамі хапаў паветра Алесь. — Мразь!
У вачах стала зусім светла. І тут Алесь убачыў за спіною ў Лізагуба, у дзвярах прыбіральні, светлавокага Сашку Волгіна. Волгін стаяў, папраўляючы рэмень, і глядзеў на тое, што рабілася, з неўразуменнем.
— Ты слухай, — звягаў Лізагуб. — Запамінай. Ты запомніш, бо потым мы цябе… для памяці…
— Зап-омню, — упершыню выдыхнуў Алесь. — За-помню.
— Запомніш… Не вякай пра гэты свой "прыгон"… Не вякай пра гэтую сваю "Беларусь"… Ведай, хто цябе церпіць… Ведай, каму ты раб… Вялікай Польшчы, а не Маскве…
Ярасць выбухнула раптам такім полымем, што ў Алеся збялелі вочы. Яна прыйшла нібыта з паветрам, якое ўдыхнуў ён і якім памылкова дыхала гэта дрэнь.
— Сашка, — сказаў ён. — Што ж ты глядзіш?! Бі свалоту!
Але ён не паспеў яшчэ крыкнуць да канца. Сашка нечакана ўзняў нагу і моцна, як страус, даў падэшвай у паясніцу Лізагубу. Нібы зламаўшыся, Ігнацы падаўся жыватом наперад, і тут Алесь, канчаткова ачуняўшы, ударыў Лізагуба пад ніжнюю шчэлепу.
У далоні Гальяша Цялкоўскага бліснуў вялікі медны кружок: боўдзіла нацягваў на руку каўчукавы цяж накладкі. Не даючы яму апамятацца, Алесь даў Гальяшу правай у скронь, і той пакаціўся па падлозе.
І тады астатнія з галёканнем рынулі на іх. Малацілі, хрыпелі, імкнуліся дарвацца бліжэй.
Было зусім дрэнна. Хаця Алесь і Волгін стаялі спіной да муру. Алесь убачыў, як Корвід дубасіць Сашку. Убачыў, што вочы ва ўсіх шалёныя і што ў гарачцы могуць кагосьці і забіць.
І тады ён схапіў плявацельніцу і — з маху — пусціў ёю ў акно. Шкло са звонам пасыпалася на двор. Сашка падскочыў бліжэй да акна і — у два пальцы — свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам.
Над дваром, над пляцоўкай для лапты рэзка, як нож, праляцеў гімназічны кліч аб дапамозе.