Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Дзіўна было, што Алесь яшчэ не нарадзіўся, а паэт ужо адказаў на тыя пытанні, што пачынаюць мучыць яго, Загорскага, толькі цяпер.

Оратор римский говорил Средь бурь гражданских и тревоги: "Я поздно встал — и на дороге Застигнут ночью Рима был!"

Тут усё было праўда. Сапраўды, вакол была ноч краіны. Сапраўды, усе яны нарадзіліся занадта позна. І ўсё ж…

Счастлив, кто посетил сей мир В его минуты роковые — Его призвали всеблагие Как собеседника на пир.

І гэта было цудоўна. Як цудоўныя былі радкі "Mal'aria", што спісаў аднекуль Мсціслаў. І радкі "Апошняга кахання". Настаўнік чытаў іх трохі нараспеў, як ніколі не чытаў Дзяржавіна. І вокладка часопіса, з якога ён чытаў, была старанна загорнута ў паперу. Бо гэта быў "Современник", якога баяліся, як чумы, і не падпускалі да гімназічных муроў.

Алесю было смешна. Няўжо настаўнік думае, што яны — дзеці і чытаюць толькі тое, што прадугледжана праграмай. Гэты нумар часопіса члены "Братэрства шыпшыны і чартапалоху" зачыталі да дзірак два гады назад.

О, как на склоне наших лет Нежней мы любим и суеверней… Сияй, сияй, прощальный свет Любви последней, зари вечерней!

Гэта было нязнанае, неймавернае на зямлі шчасце.

Полнеба обхватила тень, Лишь там, на западе, бродит сиянье, — Помедли, помедли, вечерний день, Продлись, продлись, очарованье.

У тым сумным, суровым і пяшчотным настроі, які заўсёды авалодваў ім пасля добрых вершаў, ён праседзеў другі ўрок, геаграфіі. Мсціслаў збоку паглядаў на яго. І ў вачах была іскра насмешкі і іроніі.

"Павяло", — падумаў Мсціслаў.

А Алесь не заўважаў. Як не заўважаў і таго, што Цыпрыян Дэмбавецкі, крадком жуючы нешта, раз ці два азірнуўся на яго.

Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор, дзе на сугрэве, каля мура, было ўжо зусім цёпла, брук нагрэўся, а апошні чорны снег ляжаў толькі ў вечным ценю процілеглай аркады двара.

Алесь выйшаў павольна, апошні, і адразу ўбачыў, што на паваротцы да сходаў стаіць група "арыстакратаў з лёкайскай", як аднойчы ахрысціў іх Сашка Волгін.

"Арыстакраты з лёкайскай" трымаліся заўсёды купкаю і вельмі крыва глядзелі на Алеся і Мсціслава за тое, што яны староняцца іх і водзяць сяброўства з Грымам і Ясюкевічам.

Яны стаялі купкай і цяпер. Прылізаны і карэктны Ігнацы Лізагуб. Побач з ім Альберт Фан дэр Фліт з халоднымі вачыма, якія, нягледзячы на светлы колер, былі цьмяныя, як сутонне. А за імі стаяў Дэмбавецкі.

Яшчэ адзін член іхняга гуртка, Альгерд Корвід, стаяў ля сценкі і глядзеў убок. Прыгожае, жорсткае аблічча Альгерда было абыякавае.

І, убачыўшы яго, Алесь зразумеў, што справы — дрэнь. Альгерд Корвід вызначаўся тым, што мог адным непрыкметным ударам пад дыхала або яшчэ некуды кінуць чалавека ў непрытомнасць і вывесці з бойкі на доўгі час.

Як на грэх — нікога не было вакол. Ні сяброў, ні проста прыязных людзей, якія маглі б папярэдзіць. У Алеся нарадзілася раптам брыдкае і халоднае пачуццё бездапаможнасці і агіды. Яго ніколі не білі вось так. Здараліся, вядома, сяброўскія або варожыя бойкі недзе ў прыбіральні ці на вілійскім лёдзе, але гэта былі сумленныя бойкі: адзін на адзін ці сцяна на сцяну.

Тое, што бойкi не мiнуць, ён зразумеў адразу. Iначай на якога д'ябла iм быў патрэбен Корвiд?

— Пачакайце, князь, — сказаў Лізагуб.

Алесь спыніўся.

Лізагуб мякка, амаль па-сяброўску, так, што смешна было вырывацца, узяў Алеся пад руку і адвёў ад сходаў.

— Мне хацелася б атрымаць ад вас некаторыя тлумачэнні наконт вашых учарашніх слоў.

— Я нікому не хачу іх даваць, сказаў Алесь. — Што сказана, тое сказана.

— Прабачце, не тлумачэнні, а працяг спрэчкі і, магчыма, некаторае неўразуменне і збянтэжанасць, што датычыцца вашых паводзін.

Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.

— Ваша неўразуменне мяне мала датычыць. Збянтэжанасць — таксама. Учора я сказаў тое, што хацеў.

Алесь вырашыў пайсці, а калі затрымаюць — прабіцца, адкінуўшы кагосьці з дарогі. Тут не магло быць і размовы аб тым, што ўцякаць — ганебна.

І тут адчыніліся дзверы прыбіральні, і з яе з'явіліся, нібы чэрці з табакеркі, яшчэ трое. Першыя крочылі Язэп і Гальяш Цялкоўскія. Браты. Не блізнюкі. Проста абодва мелі звычай па два гады сядзець у кожным класе. Гальяш аднойчы зрабіў подзвіг: не астаўся. І такім чынам дагнаў брата.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: