Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Наперадзе ехаў на мышастым Кахновым канi Андрэй. Ехаў, высока закiнуўшы галаву.
За iм на цiсавай Кахновай кабылцы, неяк бокам, па-залiхвацку, ехаў Кандрат. Кабылка няспешна трухала i часам, быццам адчуваючы вiльготны водар далёкiх паплавоў, шумна пырхала мяккiмi ноздрамi.
За старэйшымi братамi ехалi побач, нага да нагi, Павал i Алесь. Павал на сплова-стракатым жарэбчыку, Алесь на спакойнай белай кабыле. Конскiя капыты з мяккiм плясканнем паглыблялiся ў цёплы пыл вулiцы.
Вёска ўжо засыпала. Рэдка-рэдка ў якiм акне свяцiў, як памiраў, ружовы агеньчык. У схаладнелым паветры гучна разлягаўся недзе далёка сабачы брэх. З дубовых шатаў на могiлках гучаў часам неўразумелы крык дрэўнага жабяняцi-квакшы. Больш нiчога.
Хлопцы ехалi, падмасцiўшы пад сябе кажухi i сярмягi. У празрыста-сiнiм небе гарэла на захадзе Вечарнiца. Пералiвалася, як сцюдзёная кропля.
I Алесь шырока расплюшчанымi вачыма глядзеў на ўсё гэта, быццам з заўтрашняй ранiцы яму выпадала жыць зусiм пад iншым небам, без гэтай Вечарнiцы, без гэтых скупых паўночных сузор'яў, без самотных Стажараў, якiя цесна сышлiся, каб пагаманiць аб справах нябесных i зямных.
Цёмныя стрэхi вёскi засталiся за iмi. Конскiя капыты зачвякалi: табунок пераязджаў цераз вiльготны лугавы клiн каля затокi. Потым дыхнуў халаднаваты павеў з Дняпра i пачалi наблiжацца круглыя, як стагi, хмызы.
Табун спусцiўся з адхону, i конi па калена зайшлi ў ваду, а яна закалыхалася, расплылася кругамі ад iхнiх ног, зрабiла зоркi дрыготкiмi i вельмi вялiкiмi.
Цiсавая кабылка зайшла ў ваду глыбей за ўсiх i працягнула мяккую храпу да вячэрняй зоркi ў вадзе. Зорка замiтусiлася ў трывозе.
— Зараз праглыне, — шэптам сказаў Алесю Андрэй, i Алесь усмiхнуўся ўдзячна. Андрэй разумеў яго.
Конi пiлi доўга, усмак, часам адрываючыся ад вады. Чуйна слухалi вецер з зарэчных паплавоў, адпачывалi, а потым зноў прагна прыпадалi да зорак, да кругоў, якiя бясконца беглi ў змрок.
— Досыць вам, воўчае мяса, — буркнуў нарэшце Кандрат.
Падымалiся на адхон, i чуваць было, як булькоча ў пакруглелых конскiх жыватах вада.
…На лузе Алесь з Паўлам спуталi коней. Старэйшыя хлопцы нацягалi сушняку. Зыркае полымя рвалася ўжо кудысьцi ў ноч.
Яны сядзелi на шырокай касе, што ўдавалася ў Дняпро. На ёй былi там-сям раскiданы дубы з рэдкай яшчэ лiстотай. Толькi вузкi перашыек памiж касой i высокiм мацерыковым берагам быў сухi. Астатнюю частку поймы займаў мокры луг, якi цягнуўся вярсты за дзве. За iм былi, невыразныя цяпер у цемры, шаты парку, а над шатамi гарэў яшчэ, як амаль нябачная iскра, далёкi агеньчык.
— У Раўбiчавым маёнтку нехта не спiць, — сказаў Павал.
— I наша вогнiшча бачыць, — дадаў Алесь.
— Напэўна бачыць, — сказаў Кандрат, — адсюль да Раўбiчавага дому вярсты тры якiх. Замаўчалi, гледзячы на агонь.
Полымя шугала высока. Конi даўно разышлiся ад яго па касе. Толькi страляла часам у агнi вiльготная галiнка, ды ўтрапёна сакаталi жабы ў далёкай затоцы, ды на другiм беразе, у лугах, раз-пораз крычаў драч. Як палатно дзёр.
Хлопцы ляжалi вакол агню на кажухах i свiтках, ляжалi нерухома, з шырокiмi ад задуменнасцi вачыма. Толькi Кандрат не мог супакоiцца. Ды i той клаў бульбу ў прысак асцярожна i амаль бязгучна.
Маленькi, меншы за самую маленькую iскру, свяцiўся ў цемры далёкi-далёкi агеньчык. Бабухнула недзе: вiдаць, абвалiўся ў ваду бераг.
— А памятаеш, Кандрат, як бацька нас упершыню на начлег узяў? — спытаў Андрэй.
— Анягож. I собiла ж яму якраз у тую ноч.
— А што такое? — спытаў Павал.
— Ноч была, — цiха сказаў ён, — такая ж, як сёння, цёмная. I якраз на пачатку мая. Берагi ў такi час заўсёды бурацца. Мы, малыя, ляжалi на кажусе. I раптам бабухнула. Далёка, глуха, страшна. Зусiм не як бераг… I потым звон аднекуль здалёк. Узгоркi i дрэвы яго глытаюць, i таму звон рэдкi. Як на хаўтурах.
Памаўчаў.
— У тую ноч старэйшая дачка Раўбiчава нарадзiлася. Дык гэта Раўбiч з гарматы стрэлiў. Там, пэўна, весела было, а тут страшна. Надта ўжо цёмная ноч была.
Маўчалi. Вадкая барва трапятала на тварах, i тварам было горача, а патылiцы ласкава сцiскаў начны халадок.
— А цi праўду гэта кажуць, Андрэйка, што Раўбiч той — чараўнiк? — спытаў Кандрат.
— Чаму гэта? — упершыню за ўвесь вечар спытаў Алесь.
— Не ведаю, — сказаў Кандрат.
— I я чуў, — упэўнена сказаў Павал. — Бо ён вунiятам быў.
— Цю на цябе, — сказаў Кандрат. — Гэтак выходзiць, што i наша мацi чарадзейка. Яна ж таксама з вунiятаў была, аж пакуль iх ад вунii не адвялi. Сiлком адводзiлi. Каб гэта яшчэ поп убачыў, што яна дагэтуль смуткуючага [6] ў каморы хавае, дык звону было б, як на сабачае вяселле.
— Наша мацi — iншае, — сказаў Андрэй. — Ну забаранiлi малiцца як хочацца, дык яна i кiнула.
— А Раўбiч, кажуць, сапраўды чараўнiк. Бо нi з чым не змiрыўся, як унiю знiшчылi, i, кажуць, у першую ж ноч прадаў д'яблу душу, абы толькi не па-iхняму выйшла…
6
Смуткуючы — статуэтка Хрыста ў паставе роздуму.