Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Лыцар, — сказаў Война. — Ты ж глядзі, лыцар, не забудзь папярэдзіць "блакітных", што мяне бачылі ў наваколлі.

— Папярэджу, — спакойна сказаў Раўбіч. — У мяне таксама ёсць тое, чаго нельга ставіць на карту.

Война скручваў з грубага тытуню цыгарку. Знявечаныя пальцы рухаліся няспрытна.

— Дай я, — сказаў Раўбіч.

— Не трэба. Ва ўсякім разе, адзін палец у мяне здаровы… Той, што кладзецца на курок.

— Война, — сказаў Раўбіч. — Не рызыкуй сабой, Война. Пачакай трошкі. Час надыходзіць. А ты можаш не дажыць. Ты будзеш патрэбен жывы, а не мёртвы. Перасядзі год-два. Месца я табе знайду. Адпачні. А потым я паклічу.

Цень Войнавай галавы адмоўна хіснуўся на сцяне.

— Ты нядрэнны чалавек. Але я кажу — не. Таму, што ты шукаеш сяброў. А сябры прададуць. Чалавек — быдла. У атрадзе з трох — адзін здраднік. І, потым, мне няма часу. Старыя салдаты жывуць, пакуль ідуць. Калі я прысяду — я не ўстану, такая стома ў маіх касцях. Я падаю табе знак і прыходжу сюды, калі ўжо зусім немагчыма. Я сплю тут як чалавек, але потым мне зноў цяжка звыкаць да насцярожаных вачэй, да дажджу, да свайго берлагу… як дваццаць год таму.

Ён апусціў павекі.

— Сёння я раскажу табе нешта, — не вельмі ахвотна сказаў ён. — Ты памятаеш бунт у трыццатым годзе?

— Але. Толькі тады я быў іншы і не разумеў яго.

— А я разумеў. Мне тады было дзевятнаццаць, i я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзi яму не здрадзяць. Веру я ў гэта цяпер або не — мая справа. Золата самы брудны метал, але з яго робяць шапку, i яе гаспадар з мазгамi каптэнармуса атрымлiвае права сядзець на чалавечай пiрамiдзе, мучыць людзей, якiх ён мазаля не варты. Гарнастай — подлы i хцiвы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, i яе гаспадар чамусьцi атрымлiвае правы шматаваць свой народ i процьму другiх.

Война паклаў на стол цяжкую далонь.

— Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што я любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі [48] . Дыктатар паўстання. Напалеончык… Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху… Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі. Але я верыў. Праз год я прыйшоў да некаторых сяброў і сказаў, што час пачынаць спачатку. І ўбачыў, што адзін разводзіць капусту, а другі служыць столаначальнікам. Убачыў пустыя ад жаху вочы… А яны ж былі зусім як я. І я зразумеў: яны спыніліся ў нянавісці. Што мне было рабіць? Начальнікі здрадзілі. Сябры дрыжалі. Народ пакорліва цягнуў ярмо. Усё, у што я верыў, было, значыцца, як байка для дурных дзяцей, а мая мара — паламаная цацка.

48

Хлапіцкі — дыктатар у паўстанні 1830 г.

Ён усміхнуўся.

— Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!

Цяпер у яго словах гучала наіўная, але цвёрдая гордасць.

— І вось яно жыве. Яны думаюць, што задушылі яго, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы. Які яшчэ мяцеж трымаўся так доўга?! Таму я і сплю адным вокам, таму сцерагуся. Яно павінна жыць доўга… аж пакуль не падстрэляць мяне. Мне нельга спыняцца. Іначай атрымаецца, што я дарэмна жыў.

Уздыхнуў.

— Часам мне цяжка. Я гляджу здалёк на твайго Стася. Гляджу на тваю Наталлю. На Франса. На Майку… Я люблю дзяцей. Часам думаеш, што супраціўленне ні да чаго не вядзе. Можна кінуць усё і жыць… Але потым я ўспамінаю, як мітусяцца яны ўсе, пачынаючы з Мусатава. Я ўспамінаю, што кожны мой стрэл — гэта поўха тым, з пустымі вачыма… І вось таму мне з табой не па дарозе. Я не магу чакаць.

— Добра, — сказаў Раўбіч. — Я пайду, бо ты зусім засынаеш… Спі спакойна, кум.

— Чаму ж не спаць? Буду спаць. Інсургент спіць, а інсурэкцыя [49] ідзе.

49

Паўстанне.

XIII

Калі першая птушка ціўкнула ў хмызах — ёй ніхто не азваўся. І гэта азначала, што быў жнівень і птушкі сталі больш лянотнымі.

Такая, мусіць, халодная раса! Так не хочацца кідаць гняздоўя! Хто гэта там азваўся? Ах, ён няўрымста!.. Хоць бы яшчэ хвіліну! Хві-лі-начку!

Раса сапраўды была халодная. Лісцікі бэзу, густа пакрытыя ёю, здаваліся шэрымі. Шэрае, туманнае прабівалася праз лістоту святло.

Страсяні галіну карычкі — сцюдзёны і нават балючы, як шрот, дождж прамочыць з галавы да ног.

У першым святле вывелі коней на цёмны ад расы жвір. Логвін, пазяхаючы, глядзеў, як Кандрат і Андрэй запрагаюць у маленькую лялечную брычку двох шатландскіх поні. А тыя запрагалі і не пераставалі здзіўляцца жывёлам. У поні былі чубкі і вочы, такія рахманыя.

Худы, падабраны Логвін быў усцешаны тым, што не давядзецца ехаць. Ён вось пастаіць-пастаіць, а потым і пойдзе і даспіць гадзінку-другую. Хай сабе едуць адны. Хто пакрыўдзіць дзяцей? Дзеці — усмешка божая. Іх крыўдзіць нельга.

І таму Логвін здаволена ўсміхнуўся. Разбудзілі "дам", кінуўшы жменю пяску ў акно першага паверха. Яны апрануліся хутка і, праз капрыз Майкі, вылезлі праз акно і, вядома, адразу ж прамоклі. Таму іх, пад агульны рогат, давялося з месца садзіць у брычку і захутваць вярблюджай папонай. Так яны і сядзелі, як двайняткі. І прыемна было глядзець на ганарлівы твар Майкі і свежанькае пыска Яні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: