Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Што ж гэта яна? — жаласна спытала Майка. — Нашто знікла?

— Чакай, — сказаў Андрэй, — зараз будзе табе ўзнагарода.

І ўзнагарода з'явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з'явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.

— Ты адкуль ведаў? — спытала Майка з павагаю.

— Ведаў, — проста адказаў Андрэй.

Майка з павагаю ўздыхнула.

…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з'явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.

Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.

Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.

— Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, — сказаў Алесь.

Майка міжвольна зірнула на Андрэя.

— А што ж, — сказаў Андрэй. — Што мы, зломкі?

А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:

— Злазь ужо, галата! Злазь!

— Прывязка, — сказаў Андрэй.

— Злазь! — крычаў Мсціслаў. — Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.

Раззлаваны за "цівуна Пацука", Андрэй палез уніз.

А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.

— Ты атрымаў? — спытала яна.

— Атрымаў.

— Хораша тут?

— Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.

— Давай, — уздыхнула яна. — На ўсё жыццё?

— На ўсё жыццё.

Пасля таго як пад'елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.

Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.

Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.

Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.

Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.

Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.

Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.

…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.

Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.

Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.

— Аднаго ведаю, — шэптам сказаў ён. — Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…

Паківач спалохаўся.

— Ты што?

На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:

— Іх усіх — пад корань… панянят, княжат…

— Ну і дурань, — сказаў Грынь. — З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.

— Залішняй злосці не бывае, — сказаў Корчак. — Хадзем адсюль.

Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.

А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.

Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы "гейзер", амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.

— Бацька вады, — шэптам сказала Майка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: