Шрифт:
Праз тыдзень, забыўшыся на дырэктара і на камітэт, на ўсе іх папярэджанні, Пятро зноў ляцеў да Сашы. Больш ён не чакаў ні машыны, ні парахода, а з цягніка пабег па знаёмай дарозе, і здалася яна цяпер вельмі прыгожай.
V
У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Пятру не спалася ад адчування шчасця, ад той душэўнай узнёсласці, якая ўсё яшчэ не пакідала яго, хоць ішоў другі месяц, як яны пажаніліся. Ён ляжаў на краі ложка і баяўся паварушыцца, адчуваючы на руцэ мяккія валасы Сашы. Яна спала спакойна, роўна дыхаючы. Ён асцярожна павярнуў галаву ў бок Сашы і любаваўся ёю; і ў сне на яе твары адбіваліся нейкія пачуцці: вусны то складваліся ва ўсмешку, то застывалі ад сур'ёзнай увагі, то іранічна крывіліся, зрэдку ўздрыгвала брыво. Гэта ігра рыс на любым твары здавалася Пятру такой прывабнай і пацешнай, што яму вельмі хацелася цалаваць і вусны, і вочы яе, але ён баяўся разбудзіць жонку.
«Няхай спіць, яна змарылася за дзень, набегалася, — з пяшчотай, як аб дзіцяці, думаў ён. — Трэба і мне спаць. Спаць, спаць!»
Але заснуць не ўдавалася. Ноч лезла ў пакой далёкім смехам дзяўчат, прыглушанымі пералівамі гармоніка недзе ў суседняй вёсцы, пахам кветак… І яшчэ адно дзіўнае адчуванне не давала заснуць — нейкая неасэнсаваная трывога, нібы перад навальніцай ці перад невядомай далёкай дарогай. Яна, гэтая трывога, была недзе ў самай глыбіні душы, пад шчасцем і захапленнем, але чым настойлівей ён змагаўся з бяссонніцай, тым часцей яна адгукалася ў сэрцы, нібы прабіваючыся на паверхню. Што гэта? Чаму гэта? Можа, зноў недарэчная рэўнасць, пра якую яму зараз сорамна ўспамінаць? Не. Гэта нешта зусім іншае. Ён успамінаў падзеі дня — што бачыў, з кім сустракаўся, пра што гаварыў… І раптам успомніў: нямецкая армія ўступіла ў Парыж. Пятро пачуў гэтую навіну па радыё ў сельсавеце. Прысутныя там старшыня, упаўнаважаны, настаўнікі выказвалі свае думкі наконт гэтай падзеі. Трывогі ніхто не выказаў, трывога, відаць, ва ўсіх засталася ў сэрцы і выявілася, як і ў яго, не адразу, а пазней, уначы, калі кожны застаўся сам з сабой. Там жа ўсё больш гаварылі пра немцаў, пра іх сілу і тэхніку:
— Вось пруць, гады!
— Сілішча! Што ты хочаш!
— За дзень Галандыю, за другі — Бельгію… Ангельцаў у мора кульнулі…
— Храновыя ваякі супраць іх… Каб стаялі насмерць — не ішоў бы так!
— Супраць нас не пайшоў бы так! Назад пакаціўся б!
— Тэхнікі, відаць, малавата ў французаў… У немцаў танкі вунь усюды…
— Не ў адной тэхніцы сіла… Камандзіры ні к чорту! А калі генералы ў кусты, дык што рабіць салдату? Салдату трэба каманда…
Пятро таксама выказваў нейкія меркаванні і нават вызначыўся сваімі ведамі аб нямецкай ваеннай тэхніцы, пра якую вычытаў у часопісах. Так яны пагутарылі і разышліся. А цяпер вось гэтая трывога, гэты неспакой у душы. Чаму? Францыя!.. Парыж!.. Як гэта далёка для хлопца, які нават у Маскве быў толькі праездам, нікуды асабліва не ездзіў і не надта глыбока разбіраўся ў міжнародных справах! Але разам з тым як гэта і блізка — блізка сэрцу юнака, які толькі са школьнай парты! Ніводную краіну мы не ведаем са школьных год так, як Францыю. Ужо з першых класаў, з першых чытанак мы дазнаваліся пра Парыжскую камуну, з кніг глядзелі на нас партрэты герояў-камунараў, на ўсё жыццё запаміналіся прозвішчы — Варлен, Дэлеклюз, Дамброўскі. Потым гісторыя, тая школьная гісторыя сярэдніх вякоў і новая, у якой Францыі адводзілася добрая палавіна, бо Францыя дала Рабесп'ера і Марата, дала рэвалюцыю 1848 года і, нарэшце, Парыжскую камуну.
Нават у самага кепскага вучня, які кідаў школу пасля сямі-васьмі класаў, на ўсё жыццё захоўваліся ў памяці ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. А ў тых, хто вучыўся далей, веды аб Францыі бясконца пашыраліся.
За гісторыяй — літаратура. Спачатку Жуль Верн і Гюго, потым — Бальзак, Ралан і Анры Барбюс. Мы любілі герояў іх кніжак і праз іх палюбілі Францыю.
Пятро ўявіў Парыж так, як можна ўявіць гэты горад па прачытаных кнігах і фільмах, уявіў, як ідуць па ім чужыя салдаты, грубыя і нахабныя, як усе заваёўнікі, і сэрцу стала балюча — балюча за далёкіх незнаёмых французаў, мусіць, такіх жа хлопцаў, як ён сам, і такіх жа жанчын і дзяўчат, як яго Саша. Саша! Мілая, слаўная Саша! Ён пяшчотна паглядзеў на жонку, прыслухаўся да яе роўнага дыхання. І раптам з'явілася думка, упершыню такая недарэчная: «А што, калі яны пачнуць вайну супраць нас? Прыйдуць сюды, на нашу зямлю, як прыйшлі ў Парыж?»
Што ж гэта будзе? Разбурыцца шчасце, вось гэтае яго шчасце, якое ён толькі што спазнаў? Адарвуць яго ад Сашы, вось ад гэтых яе мяккіх валасоў, якія нават пахнуць шчасцем, ад яе рук, такіх пяшчотных…
Яму зрабілася жудасна ад гэтай думкі. Вайна, яе ўяўная рамантыка можа вабіць толькі дзяцей і юнакоў; для чалавека, які зразумеў сэнс жыцця і ўведаў шчасце, вайна не можа не быць страшнай і агіднай.
Пятро стараўся адагнаць гэтую жудасную думку. «Ніколі яны сюды не прыйдуць! Мы будзем біць іх на іх зямлі, калі яны адважацца напасці, на сваю не пусцім», — ён быў перакананы ў гэтым непахісна. Мы ўсе верылі, што будзем біць ворага на яго зямлі.
Каля хаты спынілася фурманка. Конь, якога, відаць, вельмі гналі, з палёгкай фыркнуў. «Зноў па Сашу», — падумаў Пятро. Рэдка выпадала ноч, каб яе не выклікалі да парадзіхі.
Ціхі, але настойлівы стук у шыбу і нясмелы голас:
— Доктарка!
Саша адразу прачнулася, асцярожна ўзнялася і, адчыніўшы фортку, прашаптала невядомаму чалавеку за акном:
— Іду. Не стукайце.
Яна збіралася паціху, каб не разбудзіць Пятра, мяркуючы, што ён, як звычайна, спіць. Але Пятро паклікаў яе.
— Ты не спіш? Спі. Мяне зноў клічуць. — Яна пацалавала яго і, узяўшы ў рукі чаравікі, каб не стукаць абцасамі па падлозе, выйшла.
Пятро з нейкай дзіўнай радасцю падумаў, што недзе зноў народзіцца чалавек, зноў прыйдзе радасць у хату, і ад думкі гэтай адразу зніклі яго трывога, неспакой, быццам ён раптам упэўніўся ў непераможнасці жыцця. Ён хутка заснуў. Прачнуўся на світанні ад дотыку Сашыных рук: яна лажылася побач. Цела яе было халоднае, і ўся яна пахла свежым сенам, дарожным пылам і ёдам. А праз гадзіну яе выклікалі зноў.