Шрифт:
Разведчыкі яшчэ ўчора ўстанавілі, што Саша наведалася ў Заполле, пераначавала там, пайшла назад i ў мястэчку затрымалася ў бальніцы. Толя Кустар з-за ракі нават бачыў яе ў бінокль: яна мыла бялізну. Але папярэдзіць яе ніяк не маглі, побач былі немцы. Пакуль нарэшце сёння не знайшлі старога дняпроўскага рыбака — дзеда Кліма, які неаднойчы памагаў партызанам. Цяпер чакалі Сашу ў пэўным месцы, але з перасцярогай.
«А калі яе не выпусцяць? Затрымаюць?» — думаў Лялькевіч. Ад думкі такой ныла сэрца. Ён падскочыў, калі пачуў радасны крык Данілы:
— Ідзе!
— Хто?
— Саша!
— Глядзі добра. Яна?
Данік хвіліну маўчаў. Потым выкрыкнуў:
— Так i ёсць!
— Што?
— Хвост.
— Які хвост?
— Нехта ідзе за ёю назіркам.
— Можа, нашы?
— Не, непадобна.
Лялькевіч схаваўся ў лазняку, не зводзячы вачэй з хлопца, якога ледзь можна было прыкмеціць у густым галлі дуба.
— Данік, ідзе?
— Бяжыць.
— А той?
— Схаваўся ў кустах.
— Злазь. Хадзем насустрач.
— Чакайце. Здаецца, нашы. Ідуць за тым.
Лялькевіч з палёгкай уздыхнуў.
…Магчыма, фон Штуме не звярнуў бы на Сашу больш увагі, каб яна дапамагла ўрачу перасяліць хворых, а потым аднойчы раніцой спакойна пайшла дадому. Але калі «фрау Марыя» сказала, што памочніца яе засумавала па дачцэ i хоча пайсці, просіць пропуск, каб яе больш не затрымлівалі, гэта яго насцярожыла. Так нечакана, пад вечар, пайсці ў няблізкую дарогу, праз лес, балота, партызанскую зону? Ён выклікаў начальніка паліцыі i загадаў: няхай адзін з агентаў прасочыць, куды пойдзе гэтая маладая жанчына.
Сашу перавезлі цераз Дняпро на паліцэйскай лодцы. Каб не выдаць сваёй вялікай усхваляванасці, яна жартавала з маладымі паліцаямі, сярод якіх быў i яе «праваднік». Ён схаваўся ў кустах i пайшоў следам за ёй. Саша не бачыла яго. А ён не бачыў, што за ім гэтак жа назіркам ідуць тры партызанскія разведчыкі, дужыя хлопцы. На краі балота яны скруцілі яго без адзінага гуку.
Саша сапраўды бегла ўсю дарогу. Як толькі вытрымала яе сэрца! Яно не выстуквала, a выхліпвала адно слова: Ленка, Лен-ка… A ў вушах шумела: пра-вал, пра-вал… Хто застаўся жывы? Хто чакае яе? Чакаць павінны, здаецца, недзе тут… I ўсё адно яна ўскрыкнула ад нечаканасці, кал i Уладзімір Іванавіч выйшаў з кустоў насустрач.
— Ах, — i кінулася да яго, учапілася ў рукавы сарочкі.—
Ленка! Што з ёй?
— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна. Жывая, здаро-
вая. У атрадзе. Поля з ёй. А вунь Данік.
— Саша! — гукнуў брат, злазячы з дуба.
— Адзін дарагі нам чалавек загінуў — Аляксей Сафронавіч. Пайшоў на смерць, каб ратаваць Ленку, хлопцаў…
Змораная, змучаная, узрадаваная за дачку, за сваіх i паранейшаму ўстрывожаная за Пятра, Саша ўпала тварам на грудзі Лялькевіча i заплакала. Hi разу дагэтуль яна не илакала перад ім. Ён асцярожна i ласкава пагладзіў яе плечы.
— Што вы, Саша!
— Уладзімір Іванавіч, ратуйце Пецю, — папрасіла яна праз слёзы.
— Пецю? А дзе ён?!
— Там… у бальніцы… у Марыі Сяргееўны. Цяжкаранены… Ён кінуў гранату ў школу…
— Так. Мая здагадка правільная. Яны што, схапілі яго?
— Не. Немцы не ведаюць. Марыя Сяргееўна схавала…
— Вось як!
— Паклала на месца нейкага паліцая, а таго — у яму. Але пра гэта ведаюць бабулі-санітаркі… Могуць прагаварыцца, выдаць… Тады смерць i Пецю i Марыі Сяргееўне… Уладзімір Іванавіч!
Ён лёгка адхіліў яе.
— Чакай. Раскажы ўсё спакойна, а мы падумаем.
Саша расказвала пасля таго, як адбыўся суд над паліцаем, які шпіёніў за ёй. Думалі ўсе: Уладзімір Іванавіч, Даніла, Толя Кустар, Дажора, разведчыкі. Уласна кажучы, усе іншыя думалі нядоўга. Лялькевіч адразу прачытаў на ix тварах: трэба ратаваць Пецю i Марыю Сяргееўну. Але, трэба ратаваць — такое i яго цвёрдае рашэнне. Але як? У мястэчку, па падліках Сашы i разведчыкаў, па паказанню шпіёна, каля сарака немцаў ды добрая паўсотня паліцэйскіх. Пасля выбуху ў школе яны асабліва пільныя, насцярожаныя. Паехаць папрасіць увесь атрад i штурмам разграміць варожы гарнізон? За Дняпром, на кручы, з палявымі подступамі?.. Не, не пойдуць на гэта ні Капыткоў, ні нават Дзед. Паспрабаваць выкрасці Пятра сіламі разведчыкаў ды тых хлопцаў, якія толькі што ўратаваліся ад гестапа? A ці не на верную смерць ён пашле гэтых дзевяць смельчакоў, маладых, дужых, жыццярадасных? Што скажа тады Капыткоў?
«Ды ну яго да д'ябла, гэтага Капыткова! З якога гэта часу я пачаў азірацца на яго? Нічога ён не скажа. Не вернуцца яны — не вярнуся i я, бо пайду разам з імі. А ратаваць Пецю — мой абавязак!»
Як яны глядзяць на яго, асабліва Саша i Данік! Чакаюць яго рашэння, яго слова. Вераць, што ён скажа гэтае слова!
Уладзімір Іванавіч трасянуў галавой, як бы адганяючы непрыемныя думкі, i шырока ўсміхнуўся…
Ноч была халодная i цёмная. Зрэдку ў прасветы хмар выглядвалі адзінокія зоркі. Але Саша не бачыла ix. Яна стаяла на халодным пяску i ўзіралася ў зарэчную цемру. Рака лізала яе босыя ногі. Яна не адчувала холаду. Рака плёскалася, віравала няспынна, шапталася, а за спіной, быццам тысячы жывых істот, варушыўся лазняк. Узляталі i падалі ў атаву начныя птушкі.