Шрифт:
Яна глянула на Сашу, убачыла, што тая не ўсё разумее, i пачала расказваць зноў ціхім i роўным, знешне быццам абыякавым голасам:
— Я разумела, што не ўратаваць мне яго, калі ён застанецца ў яме. Раненаму трэба паветра i хаця б звычайныя чалавечыя ўмовы, догляд. Перанесці куды-небудзь у іншую хату — пра гэта i думаць няма чаго. Што рабіць? Рашэнне прынёс загад фон Штуме ачысціць бальніцу. Я ледзь выпрасіла ў яго тыдзень, каб падрыхтаваць барак былой МТС. Ён крычаў: «Я не хачу, каб мне кідалі ў акно гранаты!» Але ён быў упэўнены, што малітвы маці дапамаглі яму застацца жывым… Я сыграла на яго набожнасці. Я перавяла ўсіх іншых хворых у хлеў, у амбулаторыю, а*яго, паліцая, да сябе ў хату. Ён i там ляжаў асобна, у былым радзільным пакоі. Калі яго прывезлі, я жахнулася ад лютасці таго, хто распраўляўся з ім. Яго секлі касой, без касся, відаць, як шабляй. Не было ніводнага жывога месца, больш трыццаці ран… Потым мне расказалі, што гэта зрабіў чатырнаццацігадовы хлапчук: помсціў за маці, якую гэты кат застрэліў… Але я ўрач. Я лячыла яго, вырвала ў смерці… Легка забіць ворага, які страляе ў цябе. A забіць раненага, непрытомнага… Я не магла, не мела права… Але трэба было знайсці выйсце, каб ратаваць чалавека, які помсціў за ўсіх, за народ… Сапраўднага чалавека… На што я спадзявалася? Hi на што. Ды, уласна кажучы, мне было ўсё адно ўжо — адзін адказ… Я пайшла на самае лёгкае, хоць i вельмі рызыкоўнае. Я памяняла ix месцамі. Таго — у яму. А Пятра твайго, нашага Пятра, паклала на яго месца, забінтаваўшы гэтак жа галаву, рукі… Ты бачыла. Я было пераканала сябе, што ніхто не выявіў падмены. Наіўная. Можа, i хворыя так паспешліва сёння выпісваюцца, што многія даведаліся? — спытала яна незразумела каго: Сашу ці самую сябе. Пасля паглядзела знізу на Сашу i парывіста паднялася. — Што ж нам рабіць цяпер, мой друг? — i, не чакаючы Сашынага адказу, прашаптала: — Асцярожнасць. Толькі асцярожнасць можа ратаваць усіх нас. Але так не можа цягнуцца доўга.
Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго… Ты павінна пайсці i адшукаць ix.
— Марыя Сяргееўна!.. — устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць… Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю i вернасцю, i будзе пакутаваць… Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!
— А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? — сурова спытала Марыя Сяргееўна. — Яшчэ выкрыеш нас… Не, табе трэба ісці!
«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча i пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць — член нашай арганізацыі!» — падумала Саша.
— Мне здаецца, крызіс мінуў… Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. A ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка… Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах. У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў… Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з'яўляўся.
Саша больш не вытрывала:
— Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу… Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.
Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула i сказала:
— О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы i кожны дзень плакала — дзе Валодзя? Можа, i мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!
— Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне… Гэта паможа яму…
— Баюся я за цябе.
— Марыя Сяргееўна, ды я без вас i кроку не ступлю. Клянуся!
Урач задумалася.
— Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну…
— Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы…
— Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?
— Другая.
— Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я — універсальны донар.
Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала Пецю. Цяпер у яе з'явілася цвёрдая ўпэўненасць, што Пеця ўратаваны. Яна не думала пра тое, як выбрацца адгэтуль, з небяспекі, якая штохвілінна пагражае ўсім ім. Адзін неасцярожны крок, адно чыёсьці слова — i смерць. Нельга ні на секунду забываць пра гэта!
Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.
Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася i пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе i прашаптаў без здзіўлення i без радасці:
— Саша.
Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант i пераконваюцца, што маці сядзіць побач.
— Пеця!.. Любы мой!
Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, i сказаў ca злосцю:
— Я разбіў яму морду… Сеня… Чуеш? Мне трэба было з пісталета… Вось так… Ах, гад які!
Пальцы Марыі Сяргееўны скамячылі Сашыну кофтачку. Урач застыла, чакаючы: можа, ён скажа што-небудзь больш зразумелае пра сына? Але Пятро зморана прашаптаў словы песні:
— Пасею лебяду на берагу… Сваю…
Саша спрытна мыла падраныя смярдзючыя бальнічныя прасціны i думала, што некалі, калі Пеця захварэў на запаленне лёгкіх, яна прыйшла да яго ў бальніцу i, нягледзячы на забарону галоўурача, сядзела цалюткі дзень. А цяпер Пеця ў больш цяжкім стане, i яна не можа сядзець пры ім, бо ніхто не павінен ведаць, што ён — блізкі ёй чалавек. Самы блізкі, самы родны. А яшчэ думалася пра Ленку. Як там дачка? Ці вярнуўся Уладзімір Іванавіч?
Падышлі два салдаты. Сталі за тры крокі i пачалі пільна назіраць, як яна мые. Саша адчула, як халадзее яе спіна. Чаму яны глядзяць так доўга i пільна? Што ix зацікавіла? Нарэшце адзін наблізіўся, памачыў руку ў мыльнай бруднай пене, правёў ёю Сашы па твары. I абодва весела зарагаталі.