Шрифт:
Саша нічога не баялася тут. Няхай разбушуецца рака, узнімецца вецер, ламаюцца дрэвы, валяцца стагі. Няхай больш шуму — гэта лепш. Абы ціха было там, на тым беразе, куды паплылі ўсе яе сябры на чале з Уладзімірам Іванавічам. Яго ўгаворвалі не плысці, застацца тут. Ён узлаваўся на разведчыкаў i загадаў ім маўчаць. Саша таксама хацела плысці — ён узлаваўся i на яе. Яна засталася адна. Колькі ёй прыйдзецца чакаць тут? Яна будзе стаяць да раніцы… Не, усё жыццё, калі яны… Не, не. Там ціха. Абы там не стралялі…
Яны высадзіліся вось тут, насупраць, дзе поле. Потым папаўзуць вунь туды, дзе свеціцца адзінокі агеньчык. Можа, гэта ў хаце Марыі Сяргееўны? Можа, кепска Пецю i яна ратуе яго? Ці гэта свеціцца ў немцаў? Хлопцы павінны падпаўзці туды непрыкметна, калі што — ціха зняць вартавога, пакласці Пецю на насілкі i вярнуцца сюды, дзе чакае стары рыбак з лодкамі.
Колькі прайшло часу? Гадзіна, дзве? Можа, яны нясуць ужо яго, а ззаду ідзе Марыя Сяргееўна i шэптам просіць, каб неслі асцярожна, не тузалі? Можа, плывуць ужо? Саша напружена прыслухоўваецца. Здаецца, што журчыць вада пад чаўнамі, ціха скрыпіць вясло. Шмат што здаецца. Ёй, няверуючай, хочацца памаліцца Богу, рацэ, хмарам, каб нішто не парушыла цішыні на тым беразе.
I раптам там, на кручы, дзе свяціўся агеньчык, успышкі — адна, другая… Што гэта? Дакаціліся стрэлы. Ударылі ў самае сэрца. Заляскалі ўсё часцей, часцей… Загаманілі кулямёты, быццам рассыпалі гарох. Здалося, што ўвесь свет запоўніўся грымотамі. Зялёныя, жоўтыя, чырвоныя нітачкі пацягнуліся за раку. Пад хмары ўзляцелі ракеты i асвяцілі ваду мёртвым святлом. Усюды — смерць. Смерць!
Саша адступіла на крок, села на мокрую траву.
— Усё… Гэта ўсё, — шапталі яе вусны. — Няўжо ўсё? Няўжо не будзе Пеці? Загіне Марыя Сяргееўна? A Данік? A Уладзімір Іванавіч? Не, не! Не можа гэтага здарыцца! Не хачу! — закрычала яна і, падхапіўшыся, ступіла ў ваду. Што яна надумала ў той міг? Плысці? Можа, i паплыла б, каб не пачула ціхіх усплёскаў вёслаў i фыркания чалавека.
Два чаўны вынырнулі з цемры адначасова. За імі, дабраўшыся да мелі, аддыхваліся разведчыкі — яны перабіраліся ўплаў. Нехта ціха сказаў:
— Няхай салютуюць, дурні.
Другі гэтак жа ціха засмяяўся.
— Смаляць у белы свет…
— Саша! — пачула яна шэпт Уладзіміра Іванавіча.
— Саша? — мяккія i халодныя рукі абвілі яе шыю. — Вось i мы, мой друг. Дзякую табе.
«Дзякую вам. Усім вам», — хацела адказаць Саша i не змагла. Як заўсёды ў такія хвіліны, словы былі непатрэбныя, лішнія. Толькі цяпер яна адчула часціну той радасці, якую два гады перажывала ў думках, уяўляючы будучую сустрэчу з Пятром. Яе, радасці, не было там, у бальніцы. Там былі смутак i гора. Яна прыйшла тут, калі мінула небяспека, калі побач не ворагі, а сябры i навокал — бяскрайнія прасторы роднай зямлі, балоты, лясы, якія дадуць ім прытулак. Няхай яна не такая радасць, якую Саша бачыла ў марах. Але тое, што прыйшла яна праз пакуты i гора, праз смяртэльную небяспеку, у цяжкую хвіліну, рабіла яе яшчэ больш дарагой i непаўторнай. Недарма яна запаўняла ўсю Сашыну істоту, звінела дзівоснай музыкай у вушах, у галаве, у сэрцы. Нават стрэлы там, за ракой, не парушалі яе стройнай мелодыі. Сашы хацелася заплакаць, але так, як яна не плакала ні разу за два гады, — ад радасць Хацелася абняць Лялькевіча, хлопцаў, Марыю Сяргееўну, ды не адважвалася крануцца з месца, як бы баючыся распляскаць свае пачуцці.
Разведчыкі без слоў выцягнулі лодкі.
Стары Дняпро ласкава цалаваў рукі i ногі мужным i добрым, з чыстымі сэрцамі людзям.
1958
Мост
I
Ляснік легка, адной рукой, падняў мяшок, паважыў. Крутнуў галавой, як бы асуджаючы некага за тое, што скупа насыпаў. Нахіліўся, нагроб бульбы паўкаша, вытрас у мяшок. Здавалася, што гэты сукаваты, каструбаваты чалавек, быццам некалі зламаны бурай, усё робіць нязграбна. Такое адчуванне было, відаць, ад нязграбнасці яго постаці. Калі ж Шапятовіч угледзеўся болыи пільна, то ўбачыў, што доўгія рукі лесніка з вузлаватымі, парэпанымі пальцамі вельмі ўчэпістыя i ўмелыя. З такіх рук нічога не выслізне, яны зробяць любую работу, не надта, праўда, прыгожа i чыста, але трывала, надзейна.
У хаце сядзелі тры дарослыя дачкі лесніка. Але ён не папрасіў ix памагчы. Усё рабіў сам. I з дзяўчат ніводная не паварушылася. Дзве сядзелі на вузкім драўляным ложку, на якім не было ніякай пасцелі, акрамя старой салдацкай коўдры. Трэцяя — на ляжанцы. Усе трое был i да неверагоднасці падобныя адна на адну і… на бацьку: такія ж высокія, нязграбныя, худыя.
Шапятовіч, якому дагэтуль не давялося ix бачыць разам, спачатку разглядаў «лясных красунь» з вясёлым гумарам. Ад вяскоўцаў i Сашы, якая наведалася да хворай леснічыхі, Пятро чуў, што старэйшай з лесніковых дачок за трыццаць, а малодшай — семнаццаць. Аднак ён не адразу пазнаў, каторая з ix старэйшая, каторая малодшая. Адзеты яны былі па-рознаму. Але абуты… усе — у «буркі», пашытыя з салдацкага шыняля. I ўсе без панчох. З-пад нядоўгіх спадніц бліскалі худыя калені.
Дзяўчаты таксама разглядалі яго бесцырымонна — нібы ўбачылі ўпершыню. Вось ён якое дзіва — доктарчын муж!
Шапятовіч сядзеў на ўслоне, абапёршыся локцем правай рукі на хісткі стол, засланы падранай i бруднай цыраткай.
У лесніка было ласкавае, сапраўды лясное прозвішча, якое рассмяшыла Пятра, калі ён упершыню пачуў яго, — Лісцік. «На лісцікі вы непадобныя», — падумаў пра дзяўчат. Але шкада ix не было. Кажуць, старэйшыя, якія маглі вучыцца да вайны, не скончылі i па чатыры к л асы. Дурніцы. Лесавікі. Жывуць у лесе, а не маюць стала людскага. Якая пустэча ў хаце! На чым яны спяць пяцёра? А бульбы вунь якая куча! Проста на падлозе, каля сцяны, — відаць, учора адкрылі капец i перанеслі бульбу ў хату. Цяпер за гэтую кучу можна азалаціцца: дзвесце рублёў пуд!
Убачыўшы, што ляснік укінуў у мяшок яшчэ паўкаша, Шапятовіч сказаў:
— Не сыпце многа — не разлічуся я з вамі. Невядома, калі тая зарплата.
— Нічога, дзілектар. Разлічымося, калі будзем жывы.
Нельга было зразумець, чаму ляснік упарта называе
яго «дзілектарам», хоць добра ведае, што ён — проста настаўнік.
— Я па дарозе зважу ў краме. Можаце паверыць.
— Чаго вам насіць па крамах? — Лісцік адарваў мяшок ад падлогі, перакінуў бліжэй да дзвярэй, сказаў: — Пуд верны будзе, — i абтрос з далоняў пясок.