Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Пятро чуў ад Сашы, ад другіх, што ёсць у Панізоўі інвалід Андрэй Запечка, які, уцёкшы з нямецкага палону, быў французскім партызанам, вярнуўся з ix ордэнам, даведкамі. Даўно хацелася спаткацца з гэтым чалавекам. Пятро нават намерваўся запрасіць яго ў школу — няхай раскажа дзецям пра Францыю, пра Супраціўленне, якое там было. Але ўсё неяк не выпадала пазнаёміцца. I вось пазнаёміліся. Запечка пачырванеў, як дзяўчынка, ад агульнай увагі да яго асобы.

— А што расказваць? Па-рознаму i там жывуць. Буржуі, гады, дык яны i пры бошах… немцах, значыцца, раскашавалі. А рабочаму чалавеку туга прыходзілася. Але разрухі ў ix такой няма. Столькі не разбурана, не спалена. A калі ўсё цэлае, дык, самі разумееце, неяк лягчэй абыходзіцца… — развёў рукамі i вінавата ўсміхнуўся, як бы просячы прабачыць, што не ўмее ён расказваць. Відаць было, што чалавек сапраўды не надта красамоўны. I, магчыма, не ад прыроды такі — навучыла жыццё.

— Падабаліся вам французы? — спытаў Пятро.

— Дык розныя ж яны… Партызаны — хлопцы свойскія…

Камуністы некаторыя.

— Калі мы вас запросім у школу — раскажаце?

— Пра што?

— Ну, пра Францыю. Як партызанілі там…

Запечка разгубіўся:

— Не… У мяне ўсяго шэсць класаў.

— У вас цяпер універсітэт. Акадэмія. Столькі пажыць i пабачыць!

I вось тут Грамыка нечакана i залішне патрабавальна, амаль злосна, перапыніў ix размову:

— «Канчай начаваць», як казаў той казах. Давайце працаваць! Няма калі пераліваць з пустога ў парожняе. Сеяць трэба! Займаемся чорт ведае чым!..

— Але, браткі, пайшлі. Не будзем замінаць! — падтрымаў яго Асадчы i першы накіраваўся да дзвярэй, але з парогa папрасіў: — Не забывайце нас, пакрыўджаных Богам.

— Не забудзем! — бадзёра i задаволена запэўніў Бабкоў.

Пятро маўчаў. Не сказаць, што выхадка Грамыкі яго пакрыўдзіла. Але ўсё-такі неяк непрыемна кранула самалюбства. Заўсёды Панас слухаў яго з такой павагай. А тут, пры людзях, па сутнасці, крыкнуў, як на блазнюка. Завошта? Што яму не спадабалася?

V

…I з'явілася жанчына, прыгожая, як багіня. У адзенні казачным — доўгім, да пят, пурпуровым, аксамітным. I села яна побач з ім, Пятром, за парту, заплямленую чарнілам. Пятро спалохаўся, што запэцкае яна сваё царскае адзенне. Хацеў быў сказаць пра гэта, але тут жа зразумеў, што звярнуць яе ўвагу на такія парты — значыцца, паказаць сваю нявыхаванасць, нетактоўнасць. Такое можна сказаць любой жанчыне, але толькі не гэтай… Адзін дотык яе адзення — мяккага, як гагачы пух, гарачае дыханне ап'янілі яго. Закружылася галава. Ён збянтэжыўся i засаромеўся, як хлапчук. Але яна ласкава прашаптала:

«Абнімі мяне».

I ён абняў яе з душэўным трапятаннем i бояззю: раптам убачыць Саша? Але не Саша ўгледзела яго «грэх». Немаведама адкуль з'явіўся Атрошчанка з адным вялікім, як у цыклопа, вокам і, паказваючы на ix ненатуральна доўгім пальцам, злосна зарагатаў:

«Ага, праведнік! Цяпер i я цябе злавіў. Мяне ты за Гашу «пясочыў» на партсходзе, а сам во з якой краляй цалуешся! Заўтра будзеш на бюро райкома».

Ды ён, Пятро, у той міг здагадаўся, хто яна, i з дакорам сказаў Атрошчанку:

«Дурань, гэта — багіня Афрадыта. За багінь на бюро не выклікаюць».

Атрошчанка так засаромеўся свайго невуцтва, што адразу набыў звычайны чалавечы выгляд, нават, здалося, не пратэз у яго правай вачніцы пад абгарэлым брывом, а жывое вока, i не такое хітрае, як тое, адзінае здаровае, не вока насмешніка i мацюжніка, а добрае, чыстае, як у дзіцяці.

«Ага, хоць раз ты сеў у лужыну», — з радасцю падумаў Пятро, назіраючы, з якой павагай, задам, адступае ад багіні старшыня сельпо. Але, аглянуушыся, Пятро ўбачыў воддаль у паўзмрочнай вялізнай зале, пад мармуровымі калонамі, Панаса Грамыку. Перш за ўсё падумаў пра калоны — які ордэр: іанічны, карынфскі? Паспрабаваў прыгадаць, якая розніца паміж гэтымі ордэрамі. У формах капітэлі. Але капітэлі тонуць у змроку. Ды i Грамыка не дае засяродзіцца, падумаць — глядзіць скептычна, насмешліва, дакорліва ківае галавой. Адкрывае рот — i голас яго адбіваецца рэхам, ляціць з усіх бакоў:

«Наіўны ты, як дзіця. Ніякая гэта не Афрадыта. Гэта — Эхідна. I яна цябе падвядзе пад манастыр, памянеш маё слова. Бабы, брат, яны ўсе такія — хітрыя, як чэрці».

Багіня засмяялася смехам Марыі Антонаўны, ix настаўніцы, самай языкатай. I пацалавала яго ў шчаку, ды не звычайнымі жаночымі вуснамі, гарачымі i духмянымі, а нейкімі драўлянымі, цвёрдымі — аж балюча зрабілася.

Ліст «Міфаў Старажытнай Грэцыі» быў скамечаны i заплямлены слінай. Край кнігі намуляў шчаку.

Пятро расцёр шчаку, разгладзіў ліст, зменшыў агонь у лямпе, што стаяла тут жа, на стале, пасярод кніг. Падумаў, што вось так, заснуўшы над кнігай (а гэта не першы раз), ён можа незнарок перакуліць лямпу i нарабіць пажару. Трэба вешаць на сцяну. Але тады святла няма як засланіць, i яно будзе перашкаджаць Сашы i Ленцы спаць. Падумаў пра жонку, дачку — i толькі тады «растармазіліся» мазгавыя клеткі, i ён успомніў свой дзіўны сон. Сон прыгадаўся неяк адразу i вельмі яскрава, быццам паўтарыўся наяве. Пятро не мог стрымацца ад смеху. Асабліва смешна было, як Атрошчанка адступае ад багіні. I гэта: «За багінь на бюро не выклікаюць».

«Кожная з вас у пэўны момант бывае багіняй», — падумау пра жанчын увогуле i адразу — пра Сашу, з замілаваннем, з пяшчотай. Падняўся, глянуў на ложак, дзе спала жонка. Яе голая рука, мармурова-белая, сапраўды як у багіні, ляжала паверх коўдры. Нясцерпна захацелася прыпасці вуснамі да гэтай рукі. Выпіць водар гарачага цела, яе прыпухлых, як у дзіцяці, заўсёды чамусьці прыемна-саланаватых губ. Але шкада трывожыць жончын сон: за дзень яна столькі набегалася! Ды i яму трэба чытаць, вучыць — неўзабаве сесія. Дня не хапае, прыходзіцца адрываць у ночы. Трэба дысцыпліна, нават трохі аскетызму, калі ўзяўся за навуку!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 172
  • 173
  • 174
  • 175
  • 176
  • 177
  • 178
  • 179
  • 180
  • 181
  • 182
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: