Шрифт:
«Вось якія песні вярнуліся… Прыгонныя… А дзе цяпер той настаўнік? Ен жа да гэтага года быў у ix школе, вучыў Данілу. Яны на рыбу разам хадзілі.— Думкі яе зноў вярнуліся да брата. — Эх, Данік, Данік… Добрыя людзі цябе вучылі… Я цябе так любіла, няньчыла малога… А ты… Куды ты хілішся? За кім ты ідзеш? Няўжо яны запаланілі тваю душу? Няўжо ім удаецца паланіць i душы людзей?»
З болем, злосцю i крыўдай думала яна пра брата. Але разам з тым упершыню ўзнікае думка, што сама яна, магчыма, таксама няправільна паводзіць сябе ў адносінах да яго. Паступова думка гэтая робіцца перакананнем. Ён дзіця яшчэ, блазнюк, захапіўся вайной, зброяй. Трэба змагацца за яго, трэба адарваць ад Кузьмы.^
Кузьма — ix стрыечны брат — першы паліцэйскі ў вёсцы, цяпер начальнік паліцэйскага паста, «вярхоўная ўлада», як ён сам крычаў п'яны. «Галоўны здраднік» — назвала яго Саша. Здрада Кузьмы была вельмі балючым ударам, i яна дагэтуль не можа зразумець, што штурхнула маладога чалавека з працавітай сям'і на такі шлях. Саша разумела, калі ў паліцэйскія пайшоў сын кулака Гніды. Не здзівілася, калі ў паліцыю запісаўся былы яе аднакласнік Колька Трапаш. Гэты i ў школе быў мацюжнік, курэц, карцёжнік, ды i сям'я ў ix нейкая бесталковая, ix у вёсцы «цыганамі» завуць. А Кузьма з такой паважанай сям'i. Маці яго — родная сястра ix бацькі — надзіва сумленная, набожная i працавітая жанчына. Калі расказвалі, што ніхто не бачыў, калі яна спіць i есць, то Саша верыла гэтаму. Цётка Хадоска перакусвала непрыкметна каля прыпечка, «зводзіла вока» дзе-небудзь у разоры, за полівам, ды зноў за працу. Кузьмоў бацька, кажуць, не такі быў цягавіты, працавіты, часам заглядаў у чарку, але i яго ўспаміналі з иавагай. Саша яго помніла слаба, ён памёр у першы год калектывізацыі. На руках у цёткі асталося шасцёра дзяцей, i яна ганарылася, што выгадавала ix, «вывела ў людзі». У навуку яны не пайшлі, толькі адна з малодшых дачок скончыла педвучылішча. Набожная Хадоска i не імкнулася ix вучыць. «Няхай на зямлі працуюць, — казала яна. — Зямелька ўсіх пракорміць». Але дзеці чамусьці не затрымліваліся ў калгace. Самы старэйшы прыстаў у прымы ў горадзе, у сям'ю рабочага. Адна дачка выйшла за лесніка, другую звёз нейкі шафёр-украінец. I самы працавіты, па маці, быў Кузьма. У школе ён вучыўся не надта, але затое з малых год карміў сям'ю рыбай. Ён быў такі заўзяты i ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім i бралі з сабой. А яшчэ ён захапляўся коньмі. Скончыўшы гадоў за сем чатыры класы, Кузьма стаў калгасным пастухом. Потым наняўся на конезавод i працаваў там год пяць. Ажаніўся. Прывёз да маці жонку. I раптам гады за два перад вайной апынуўся ў рыбалавецкай арцелі недзе на Дняпры. Адтуль ён i з'явіўся ў родную вёску паліцэйскім, неўзабаве пасля ўступлення немцаў, да якіх ён трапіў, як высветлілася, яшчэ месяца паўтара назад, пад Жлобінам.
Пакуль ён быў проста паліцэйскі, i прытым адзін у вёсцы, то не надта мазоліў вочы людзям — больш сядзеў дома. Але як толькі стаў начальнікам паста i атрымаў над сваю ўладу яшчэ двух чалавек, адразу ж чамусьці зрабіў абход усіх сваякоў. Зайшоў да Траянавых. Ужо крыху падвыпіўшы недзе, павітаўся гучна, весела:
— Хайль, дарагія сестры!
Саша адвярнулася. Гэта яго ўкалола, i ён з іроніяй спытаўся:
— Не падабаецца табе, сястрычка? Вядома, дзе табе будзе падабацца! Ты ж камсамолка, цябе савецкая ўлада вывучыла…
— А цябе яна крыўдзіла? — злосна кінула Саша.
— Не крыўдзіла, але i ходу не давала. Я мазалямі кавалак хлеба зарабляў.
— Куды ж гэта табе ходу не давалі?
— Гаспадаром стаць.
— Кулаком?
— Вось-вось… Так ваша ўлада i разважала: чуць станавіўся чалавек на ногі, багацеў — кулак, на Салаўкі яго…
— Вось якое нутро ў цябе! Не ведала. Значыцца, ты спадзяешся, што немцы за тваю службу маёнтак табе дадуць? Панам зробяць? А мы будзем батрачыць у цябе… так?
Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай!
Кузьма заўважыў гэтыя знакі.
— Што ты там моргаеш, Поля? Баішся? Не бойся. Я ж не чужы — брат… Я сваіх не пакрыўджу. Толькі каб мне сваякі ножкі не падстаўлялі… Падтрымаеце мяне — будзеце жыць i гора не мець… А што думае Саша — гэта мне i так вядома. Нічога… Перамелецца — мука будзе. Людзі не адразу разумеюць…
— Адзін ты адразу разумны стаў,— зноў не вытрывала Саша.
Ён не адказаў на гэты закід — гаварыў далей:
— A батракамі ніхто вас рабіць не думае. Кожны будзе жыць, як ён хоча. Ніхто не будзе стукаць у вокны: выходзь на работу! Ты на доктара вучылася — ідзі працуй доктарам. Я ўжо гутарыў у воласці з бургамістрам, каб медпункт у нас зноў адкрыць. Для цябе, Саша, месца… Гарантую!
— Дзякуй за ласку! — з горкай іроніяй адказала Саша, з нейкай дзіўнай асалодай адчуваючы, як расце ў ёй непрыстойнае жаданне — плюнуць браціку ў чырвоную п'янаватую фізіяномію.
— Ты ж не немцаў будзеш лячыць — сваіх людзей…
— Не чапай яе, Кузьма, — рашуча запярэчыла Поля, звяртаючыся, аднак, да паліцэйскага ветліва. — Яна нездаровая. Не трэба ёй працаваць… Як-небудзь так пражывём.
— Пратэстуеце? — кісла ўсміхнуўся Кузьма. — Ну што ж, пратэстуйце. Толькі,— ён пагразіў пальцам, — глядзіце ў мяне, каб з гэтай хаты не выходзіла ні слова, ні яшчэ што. Ты, Поля, разумная дзяўчына. Я цябе ведаю i спакойны. А ты, Саша, глядзі, язык не распускай. Я за цябе адказваць не жадаю. Помні: непарадкаў ніводная ўлада не любіць.
— Не бойся, Кузьма, мы не падвядзём, — заспакоіла яго Поля.
Саша адчувала, што калі пойдзе гаворка далей, то сварKi ім не пазбегчы, можа i горшае што здарыцца. А таму, узяўшы з калыскі Ленку, дэманстрагыўна палезла на печ. Яна заўсёды там хавалася, калі, здаралася, у хату заходзілі немцы. Цяпер яна вырашыла, што будзе гэтак жа хавацца i ад паліцэйскіх, у тым ліку i ад Кузьмы. Няхай ведае, якая ў ix улада. А гутарыць з ім — прыніжаць сваю годнасць. Больш яна не скажа ні слова. Чаму ён сядзіць? Ішоў бы прэч хутчэй! Навошта Поля заводзіць з ім гаворку: пра здароўе цёткі, пра надзелы зямлі?