Шрифт:
Па-асенняму рана вярнуўся з пашы статак. Каровы сваім муканнем абудзілі цішыню. Але разышлася жывёла па дварах, i зноў стала ціха i пуста. Цішыня i пустэча — змоўклі пеўні, бо ix парэзалі, зніклі сабакі, не гулялі на вуліцах дзеці, не хадзілі без пільнай патрэбы дарослыя — характэрныя рысы жыцця вёскі ў часы акупацыі.
Трэба прынесці вады — напаіць карову. Саша схапіла вёдры, выскачыла на вуліцу. Ix хата стаяла на аднолькавай адлегласці ад суседніх калодзежаў, i яны хадзілі то да аднаго, то да другога — каму куды падабалася. Цяпер Сашу пацягнула ў той, што бліжэй да школы. Але ў тым калодзежы нямецкія танкі зламалі журавель, i цяпер вяскоўцы хадзілі туды кожны са сваёй вяроўкай. Саша вярнулася ў двор i ўзяла пад паветкай лейцы. Яна набірала ваду i не зводзіла вачэй са школьнага двара, з таго калодзежа, што вытыркаўся з зямлі абглянцаванай бетоннай трубой. Там таксама было ціха i пуста, як i ўсюды навокал. Над комінам школы ўзнімаўся ў хмарнае асенняе неба празрысты дымок. «Рана запалілі паліцаі. Відаць, зноў самагонку гоняць».
Саша доўга чэрпала ваду. Падняла цяжкія вёдры на каромысел, намерваючыся ісці. Зноў паставіла на зямлю… Нарэшце, пасля доўгага вагання, нясмела рушыла да школы з лейцамі ў руках.
«Я толькі гляну — які ён, партызан? Толькі гляну», — стукала сэрца моцна i часта.
Брамка на школьны двор была зачынена. Але як толькі яна штурхнула яе, на ганку, як па сігналу, з'явіўся Кузьма.
— Э-э! Хто там? Ты, Саша? — здзівіўся ён, аднак хутка саскочыў з ганка, каб адчыніць.
— Кажуць, Кузьма, ты партызана злавіў? Праўда?
— Праўда. Вунь сядзіць у калодзежы як міленькі.
— Можна паглядзець, які ён?
— Для цябе, Саша, усё можна. Ты ж ведаеш, я цябе заўсёды паважаў,— намагаўся заваяваць яе прыхільнасць паліцай; мабыць, неспакойна было ў здрадніка на душы ад думкi, што нават сваякі асуджаюць яго. — А ён… вар'ят нейкі… Сядзіць — песні спявае, вершы на памяць чэша… Быццам не разумев, што яго чакае.
Саша схілілася над калодзежам i ўбачыла ў глыбіні, адкуль патыхала гніллю, схіленую постаць чалавека. Ён ціха спяваў па-ўкраінску прыглушаным голасам, аднак выразна вымаўляючы словы:
Як хороше, як весело На білим свіці жить!.. Чого ж у мене серденько I мліе, и болить?..Быццам горкі яблык захрас у горле Сашы. Магчыма, сляза яе ўпала на таго, хто сядзеў i спяваў там, унізе. Ён падняў галаву. Саша ўбачыла, як па-кашачы заблішчалі яго вочы ў паўзмроку калодзежа.
— О! — выгукнуў ён маладым голасам. — Хто ты? Анёл з неба ці зорка вячэрняя?.. Зорка Марыя. — Ён засмяяўся i нечакана прачытаў незнаёмыя Сашы вершы па-руску:
Протекали столетья, как сны, Долго ждал я тебя на земле…— Хто ты? — у сваю чаргу, i таксама на ты, ціха спытала Саша.
— О, падучая дева-звезда хочет земных речей? Я? — Ён падхапіўся, падняў рукі i сказаў зусім іншым голасам, сур'ёзна, горда — Ча-ла-век я! Чала-авек! Ты ведаеш, зорка Марыя, што такое чалавек?..
— Бачыла дурнога? — засмяяўся Кузьма i адышоў ад калодзежа: яму абрыдлі ўжо дзівацтвы партызана. Ён двойчы дапытваў яго, біў — i нічога не выбіў. Паслаў Гніду ў воласць з рапартам начальніку паліцыі. Чакаючы, што з такой прычыны начальнік можа сам завітаць да ix, яны з Колькам Трапашам пераганялі самагонку, каб зрабіць чысты спірт.
— Як ты трапіў сюды? — яшчэ цішэй спытала Саша, нахіліўшыся ў самы калодзеж.
— А ты спытай у таго сабакі, што гырчыць недзе там.
Саша азірнулася — Кузьма падымаўся на ганак школы.
— Табе цяжка?
— Спусціся да мяне — мне будзе весялей.
— Ты сапраўдны партызан?
— Не, зроблены… татай i мамай…
— Ты ведаеш, што цябе чакае?
— Мяне? — Ён на міг як бы задумаўся i раптам зноў засмяяўся. — Анёлы на небе. У раі. Ляцім са мной!
— Ты мог бы вылезці адтуль?
Ён неяк ірвануўся, прыціснуўся да трубы, быццам на яго нешта падала.
Саша азірнулася зноў. Кузьмы не было. I тады на партызана сапраўды ўпаў канец лейцаў, другі канец ix Саша хутка накручвала на руку i шаптала:
— Яго няма… Ён пайшоў у школу…
I адразу востры край трубы разануў яе рукі, грудзі… Яна не паспела нават падумаць, што робіць, што ёй можа быць за гэта, а ён перамахнуў ужо цераз трубу i схаваўся на тым баку калодзежа. Перад яе вачамі мільгануў апухлы, з кровападцёкамі твар.
— А ты? Ты як? — гарачым шэптам спытаў ён, не паказваючыся з-за трубы.
— Я? — Яна ні да чаго не рыхтавалася, ні аб чым не думала, усё гэта здарылася вельмі нечакана для яе самой, але мозг працаваў з такой яснасцю, што яна адразу знайшла, што адказаць, каб супакоіць яго: — Я — нічога… Я — сястра паліцая.
— А-а, — працягнуў ён i кошкай, амаль на чацвярэньках, сігануў да хлява, з незвычайнай спрытнасцю пераскочыў цераз паркан і, пятляючы, пабег па полі да алешніку.