Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Каляіны дарог былі засыпаны апалым лісцем. На агароджы, на бадай што голых ужо вішнях, на прыдарожным быльнягу вісела павуцінне бабінага лета.

Пятро хацеў радавацца. Ён жа многа чытаў у розных кнігах, у часопісах, бачыў у кіно, як радуецца моладзь, калі адыходзіць у армію. Чаму ж у яго няма гэтай радасці? Ён падумаў, што, відаць, гэты смутак, які сціскаў яму сэрца, навеяны восенню.

«Навошта прызываюць увосень, калі нават прырода смуткуе, так пуста навокал… павуцінне?.. Няхай бы гэта было вясной, калі ўсё зацвітае, ажывае… Весела было б…»

Ён проста шукаў апраўдання свайму смутку, бо яму было сорамна — хіба ён горшы за іншых? Хіба не імкнуўся ён яшчэ са школьных год у армію, не хацеў паступіць у ваенную школу? Не, ён таксама з гонарам і радасцю ідзе выконваць свой пачэсны грамадзянскі абавязак! А настрой гэты ад таго, што цяжка пакідаць Сашу… Яна застанецца адна сярод чужых… Хутка гэтая бязлесная раўніна пакрыецца снегам. Стане яшчэ больш сумна. Яна адна будзе сядзець доўгімі вечарамі, а ўдзень — хадзіць да хворых… Ён убачыў, як Саша ўзяла партфель у другую руку.

— Табе цяжка. Давай я панясу.

— Ні крышачкі не цяжка. Што ты выдумаў!

— Ведаеш, ты менш хадзі цяпер, няхай возяць… А то будзеш бегаць у дальнія вёскі, асабліва зімой…

— Чаму — менш?..

— «Чаму, чаму»! Ты ведаеш — чаму…

— Дурненькі ты… Ты нічога не разумееш. Хадзіць трэба больш. Гэта карысна і мне, і яму…

— Ёй!

Саша засмяялася:

— Які ты ўпарты. Усё адно…

Поле перад імі ляжала роўнае, голае, толькі з аднаго боку позірк цешыла маладая рунь азіміны, а з другога — як кінуць вокам — цягнуліся шэрая пожня і чорная ралля. Ніводнай жывой істоты, калі не лічыць адзінокага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка, чорным жуком. З-за таго ж узгорка выглядалі верхавіны таполяў у прыдняпроўскай вёсцы.

— Колькі разоў я цябе сустракала тут і праводзіла! За аднаго паўгода! Адны сустрэчы і расставанні… Хаця б месяц пажылі разам! — У голасе Сашы гучалі дакор і скарга.

— Дурань я, што паехаў пасля хваробы на працу. Я ж мог быць дагэтуль з табою. На паўтара месяца паляцеў у такую далеч.

— Я ж казала табе. Ты — упарты…

— Ды хіба я не хацеў застацца! Сашок! — Ён узяў яе за локаць, сціснуў і прытуліўся шчакой да яе пляча. — Але гэты закон… Баяўся, што будуць непрыемнасці…

— Мы ўсяго баімся. І калі мы ўжо не будзем баяцца?

— Саша, мілая, дамаўляліся не гаварыць пра сумнае.

Саша ўздыхнула:

— Я і дагэтуль не занесла ў сельсавет тры рублі.

Успамін пра тое, як яны колькі дзён назад пайшлі ў сельсавет запісацца і як у іх не аказалася трох рублёў заплаціць пошліну, заўсёды смяшыў іх. Але цяпер і гэты ўспамін здаўся Пятру вельмі сумным: у яго наогул не было грошай. Ён і дагэтуль быў па-студэнцку бедны, і Саша дала яму на дарогу. Каб змяніць тэму размовы, ён успомніў пра іншае:

— Смешна, як мой бацька крычаў, што толькі дурні жэняцца перад арміяй, калі я сказаў дома, што ажаніўся. Ім цяжка зразумець. Яны ніколі не зразумеюць, што інакш і быць не магло ў нас… Праўда, Сашок?

— А я сваім і дагэтуль не прызналася.

— Ты напішы ім.

— Каму? Бацьку і мачысе?

— Сястры. І маім напішы…

— А што напісаць?

— Маці толькі прасіла. Ты зразумей… — Яму здалося, што яна не хоча пісаць.

— Я разумею, я напішу, сёння ж напішу, — заспакоіла яго Саша.

Раптам яны змоўклі. Угары над імі пачулася сумнае курлыканне. Яны спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў, роўны клін іх аддаляўся на поўдзень. Жураўлі курлыкнулі толькі адзін раз, але так жаласна і працягла, быццам развітваліся з нечым вельмі родным. Далей ляцелі моўчкі. Саша доўга позіркам праводзіла іх. Пятро ўбачыў, як па шчоках у яе скаціліся слёзы. Ён асцярожна паклікаў яе. Саша закрыла твар далонямі, а калі адняла рукі — вочы былі сухія.

— А ўсё-такі гэта цяжка… Вельмі цяжка… Божа мой! Тры гады! Народзіцца і вырасце дзіця! А цябе не будзе!..

— Саша, любая мая, харошая… Я ж праз год прыеду ў водпуск… Мне ж дадуць водпуск. Я буду старацца, буду прасіць… Ты не хвалюйся. — Ён адчуваў, што суцяшае яе наіўна, але іншых слоў не знаходзіў.

— Ну, добра, пойдзем. У цябе яшчэ вялікая дарога. Добра, калі сядзеш на машыну.

Яны выйшлі на шлях, абсаджаны маладымі бярозкамі, клёнікамі і таполямі. Дрэўцы стаялі ўжо голыя — дзе-нідзе сіратліва трапяталі адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ больш маркотнай і пустой.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: