Шрифт:
— Я прымала роды ў яго жонкі,— сказала Саша. — Я думаю, дзеці не вінаваты, што бацька ў ix такі…
— Дзяцей ніхто не вінаваціць, — сурова адказаў Цішка. — Мы не фашысты.
Саша ўзрадавалася, што размова аднавілася. Але Толя Кустар у гэты момант пачаў гаварыць зусім пра іншае:
— Таварышы, набліжаецца свята Кастрычніка. Мы павінны адзначыць яго. Людзі павінны ведаць, што ёсць сілы, якія змагаюцца з ворагам… што фашысцкая прапаганда — брахня… ІТрапаную… Першае — расклеіць лістоўкі… Будзем спадзявацца, што атрымаем ix з партызанскага атрада, калі ж не — напішам самі… Другое… Прапаную на ўсіх грамадскіх будынках — на школе, сельсавеце, клубе — вывесіць чырвоныя сцягі. Пашыць сцягі даручым Сашы. Згодна? — звярнуўся ён да яе.
Саша кіўнула галавой. Але першае баявое задание не ўзрадавала яе, бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі!
Хлопцы сур'ёзна абмяркоўвалі, дзе ўзяць тканіну на сцягі, як лепш ix вывесіць, каму пісаць лістоўкі. А Сашы здавалася, што робяць яны гэта знарок, каб не гаварыць пры ёй пра больш важныя справы. Данік прапанаваў у дзень свята спаліць мост на шашы — той самы, які ўзарваў Алёша Кошалеў i які акупанты нядаўна аднавілі. Прапановы яго чамусьці не прынялі. I Саша зноў падумала, што не прынялі таму, што прысутнічае яна, слабая жанчына, якая быццам пашкадавала здрадніка.
Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія яна ўпотайкі пашыла i перадала Даніку.
Раніцой, калі яны з Поляй пачалі паліць у печы, да ix прыбегла суседка Аксана, узрушаная, трохі спалоханая, але ўзрадаваная.
Яна нават забылася павітацца, а з парогa таямніча зашептала:
— Бачылі? Сцягі! Нашы! — Вочы яе гарэлі.
Яны выйшлі на вуліцу. Напярэдадні выпаў снег. Першая ваенная зіма ўсюды лягла вельмі рана. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар i было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Снег зусім па-зімоваму рыпеў пад нагамі. З комінаў у празрысты блакіт падымаліся белыя слупы дыму. Але не гэтае хараство прыцягвала ўвагу людзей. Вялікі чырвоны сцяг над школай — вось што выводзіла з хат старых i малых. Сцяг ледзь трапятаўся, палымнеў i на фоне блакіту, над цёмнай сцяной лесу здаваўся агромністым, як зара, — на паўнеба. Сэрца ў Сашы адразу напоўнілася ўрачыстасцю: прыйшло свята, суровае, падпольнае, але такое, якога нікому i ніколі не знішчыць, не згасіць, якое заўсёды, у любых умовах, будзе палымнець вось такімі сцягамі. Гэта не проста сцягі, гэта — кроў тых, хто аддаў жыццё за гэтае свята, гэта сэрцы — яе, Данікава, Толева, Цішкава, невядомага ёй Старога — палымнеюць там, над дахамі школы, сельсавета, клуба. Ад такога адчування стала радасна.
Саша прайшлася па вуліцы. Усе глядзелі на сцягі, як на нейкую знамянальную з'яву. Смялейшыя стаялі на вуліцы, нават збіраліся групамі, больш асцярожныя — у сваіх дварах. Але нават у рухах i словах людзей адчуваўся святочны настрой.
Цішка Матыль павітаўся i ціха павіншаваў:
— Ca святам, Саша!
А праз колькі двароў яе гэтак жа ціха павіншаваў аднаногі дзядзька Раман:
— Ca святам, хросніца!
— Вас таксама, хросны!
Саша прыпынілася каля яго.
— Малайцы хлопцы! — кіўнуў ён на будынак сельсавета.
— Якія хлопцы? — здзівілася яна, устрывожаная.
— Што сцягі павесілі. Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я пацалаваў бы ix, галубкоў шызых…
Сцягі доўга ніхто не здымаў — ні паліцаі, ні стараста. Потым Саша даведалася, што каля кожнага з ix хлопцы прымацавалі дошчачку з надпісам: «Замініравана». Толькі ў другой палавіне дня прыехаў ваенны камендант з атрадам жандараў i паліцаяў. Камендант загадаў пасадзіць пад арышт мясцовых паліцэйскіх, выцяў бізуном старасту i скінуў яго з пасады. Потым сабраў самых старых мужчын i пачаў расказваць ім, якая моцная нямецкая армія i якая слабая савецкая, радасным крыкам паведаміў, што нямецкія часці ўступілі ў Маскву, a ў заключэнне пагразіў:
— Калі ў вашай вёсцы будзе яшчэ хаця б адзін бандыцкі выпад супраць новага парадку, я павешу вас. — Ён абвёў позіркам групу панурых барадатых людзей, падумаў i дадаў: — Не, я павешу не вас. Я павешу кожнага другога ва ўзросце ад пятнаццаці да трыццаці год. Майце на ўвазе гэта i перадайце ўсім!
Камендант i эсэсаўцы паехалі, a паліцаі асталіся: вёска была занесена ў лік небяспечных крамольных пунктаў, i замест невялікай варты ў школе размясціўся цэлы гарнізон. Новыя паліцаі вялі сябе нахабна: кралі курэй, парасят, разганялі зборы, вечарынкі, каго сустракалі позна ўвечары, збівалі, хто б гэта ні быў — малы, стары, жанчына; як валацугі, цэлую ноч шлындалі па вёсцы, падслухоўвалі, падглядвалі ў вокны. Адным словам, «новы парадак» праявіў сябе на поўную сілу.
Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі.
У хаце не было газы. Зараблялі кавалак хлеба пры лучыне _ пралі кудзелю для тых увішных гаспадароў ці гаспадынь, якія, нягледзячы на вайну, выбралі для сябе калгасны лён. Саша ніколі раней не прала i з першых жа дзён зненавідзела гэтую дапатопную работу. Манатоннае гудзенне самапрадкі, няроўнае святло лучыны — то ўспыхне, то згасне, свіст ветру i крокі паліцэйскіх — усё гэта наганяла такую нуду i роспач, што хацелася зрабіць немаведама што, абы не сядзець вось так. Саша з нецярплівасцю чакала, калі падпольшчыкі дадуць ёй задание. Але падполле маўчала, нават на сход ці збор больш яе не запрашалі.
Астаўшыся ў хаце сам-насам з братам, яна наступала на яго:
— Чаму мы маўчым, нічога не робім? Чаму не збіраемся?
— Чакай, Саша. Не гарачыся. Больш вытрымкі, сястра! — па-сталаму разважліва адказваў ён.
— Я ведаю… Вы збіраецеся, вы дзейнічаеце, — сказала яна другі раз. — Але вы не хочаце даваць мне задания. Вам не спадабалася, што я пашкадавала дзяцей ляснічага…
— Калі ты будзеш думаць i гаварыць глупства, — узлаваўся Данік, — мы сапраўды цябе выключым. Я першы прагаласую.