Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Многа. — У ягокарых вачах успыхнула ледзьпрыкметная ўсмешка. — Вы маеце на ўвазе наш атрад? Але хіба наш атрад адзін? Атрады ўсюды, у кожным раёне, у кожным лесе. Яны растуць, як грыбы.

Саша даверліва наблізілася:

— Вось добра! Трэба, каб пра гэта ведал i людзі. А то мы сядзелі тут, што ў цемры. Нічога не ведалі, нічога не бачылі. Пакуль хлопцы не звязаліся з вамі. Вы не ўяўляеце, як гэта страшна. Якія цяжкія думкі з'яўляюцца.

Вочы камісара раптам загарэліся дзіўным агнём, ён азірнуўся на вокны i схапіў Сашу за руку. Яна хацела адняць руку, але ён цягнуў яе да сябе.

— Слухайце, Аляксандра Фёдараўна! Вам… вам першай… я скажу навіну… Шчаслівую навіну. Пазаўчора па радыё прынялі…

Пачуўшы гэта, Саша паслухмяна села на лаву, побач з ім, не аднімаючы больш рукі, якую ён сціскаў усё мацней i мацней.

— Нашы разграмілі немцаў пад Масквой. Чуеце, Саша? Разбілі! I гоняць прэч гадаў. Тысячы трафеяў! Тысячы палонных!.. Вось пра гэта трэба, каб народ як мага хутчэй даведаўся! У маім шынялі зашыта некалькі лістовак. Мы ix размножым…

Нехта застукаў у сенцах. Яны спынілі размову, i Саша хутка адышла да калыскі. Радасна ўсхваляваная навіной, яна падумала, што чалавек гэты прыйшоў сюды не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны, але i каб працягваць барацьбу, кіраваць імі, маладымі падпольшчыкамі.

Праз гадзіну-паўтары, калі добра ўжо сцямнела, у хаце сабраліся Аксана, дзядзька Раман з жонкай, сусед Хвядос, які месяцы два таму назад прыйшоў, ранены, з акружэння, дзве суседкі-бабулі. Жанчынам хацелася пабачыць Сашынага мужа, мужчынам — чалавека, які вярнуўся з лагера палонных. На стале, засланым святочным абрусам, тым, што ткала яшчэ нябожчыца маці ў пасаг дочкам, стаялі талеркі ca скрылькамі сала, міскі з гуркамі, капустай, бульбай, ад якой да самай столі падымалася пахучая пара, дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха.

Спачатку ўсе паводзілі сябе стрымана, паважна, як належыць у такіх выпадках. Мужчыны, увайшоўшы ў хату, віталіся з «Пецем» за руку, цёткі цалаваліся з Сашай i пла», калі. У тыя чорныя дні ў жанчын хапала прычын, каб паплакаць.

За стол селі не ўсе: суседкі ад запрашэння ветліва адмовіліся i прымасціліся на лаве. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша — яго хросніца. Шклянак было ўсяго дзве, i дзядзька Раман наліў у першую чаргу сабе i «Пецю».

— Ну, сынок, за тое, каб нам жыць i жыць, на злосць супастатам. Не гаруй, што без нагі… Кажуць, чаму бываць, таго не мінаваць. Судзьба. Я вось з пятнаццатага года на дзеравяшцы… Таксама ад ix снарада. — Ён кіўнуў галавой у акно.

Саша, якая насцярожана сачыла за ўсім, убачыла, як уздрыгнулі ў Лялькевіча бровы i задрыжала рука. «Навошта дзядзька суцяшае? Каму легка ў дваццаць пяць год аставацца калекам? Навошта пра гэта напамінаць?»

А дзядзька не сунімаўся:

— Але нічога, брат, як бачыш, жыву. Была б галава на плячах. A ў цябе яна ёсць. Чалавек ты вучоны. Тэхнік. Мы з табой яшчэ не адну дарогу пабудуем, на злосць супастатам. Дык будзьма ж!..

Саша не садзілася. Поля ўступіла ёй абавязкі гаспадыні, i яна завіхалася па хаце, шукаючы сабе работы i стараючыся менш быць на святле — над сталом гарэла Аксаніна лямпа. Саша калыхала дачку, падавала капусту, падкідвала дровы ў печ, дзе варыўся другі чыгун бульбы. Калі выпілі ўсе, хто сядзеў за сталом, Саша паднесла пачастунак суседкам. Бабулі хрысціліся i казалі аднолькавае пажаданне:

— Няхай табе Бог шчасця дае. Каб шчасліва жылося вам…

Прыгублівалі для прыліку, выціралі рагамі хустак вусны i адмаўляліся ад закускі.

У Сашы ад ix простых i шчырых слоў балюча сціскалася сэрца. «Каб нам шчасліва жылося? Бабулькі, родныя, каб вы ведалі, хто мы! Але так трэба… Так трэба!»

Мужчыны не саромеліся закусваць, але больш налягалі на гуркі i бульбу, бо ведалі, што сала ў гэтай сірочай хаце не сваё — пазычанае.

Лялькевіч выпіў, з'еў гарачай бульбы, i бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі.

— Што, братка, кажуць, страх што робіцца ў гэтых лагерах? — спытаў Хвядос, з жахам думаючы, што ён таксама мог трапіць туды.

— Ды ўжо ж вядома, у палоне — не ў цешчы ў гасцях, — стрымана адказаў Лялькевіч, зірнуўшы на Даніка, які адзін за ўсіх апетытна ўплятаў сала.

— Кажуць, раненых ды хворых яны канчаюць там, душагубы праклятыя, — азвалася цётка Ганна, Раманава жонка.

Лялькевіч кінуў позірк на Сашу. Яна стаяла ля калыскі i ў сваю чаргу глядзела на яго, разумеючы, як нялёгка адказваць яму на такія словы: трэба захаваць асцярожнасць i ў той жа час не здацца гэтым добрым людзям чужаком, не страціць ix давер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: