Шрифт:
Саша схамянулася i працягнула руку:
— Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.
Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, i пахіснуўся. Поля падтрымала яго:
— Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся.
Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму.
Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але i паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:
— Здароў, Пеця!
Лялькевіч павярнуўся i адразу ж радасна абняў Даніка.
— Здароў, Данік, здароў, дарагі!..
Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь i Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца i расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася — заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла на лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю i таксама праслязілася. Слёзы ix аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана — прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад i ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парогa, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік i тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў:
— Ксана! Сашын муж прыйшоў… Пеця! З лагера!..
Маладая жанчына, якая, пачуўшы гэту навіну на вуліцы, прыбегла, каб пераканацца самой, ад нечаканасці выпусціла з рук сіта, яно пакацілася цераз усю хату пад ногі Сашы.
Аксана нясмела, сарамліва падышла, працягнула чырвоную, загрубелую руку:
— Добры дзень, Пеця. Ca зваротам вас… Шчаслівым…
Няхай будзе шчаслівы…
Потым кінулася да Сашы, абняла i залілася слязьмі. Убачыла чужыя радасць i гора — успомніла сваё: забітага немцам! свёкра, мужа, які невядома дзе цяпер, можа, даўно снег укрыў яго белыя косці.
Саша разумела, што ёй трэба адказаць слязьмі i нейкімі словамі. Але не было ні слёз, ні слоў. У гэты момант заплакала ў калысцы Ленка. Поля ўзяла яе i пад несла «бацьку». Ён пацалаваў i ціха сказаў:
— Дачка мая.
Саша ўздрыгнула, пачуўшы гэта. Яна забылася на Аксану, на яе слёзы, уся неяк сціснулася, напружылася i раўніва сачыла за кожным рухам Лялькевіча, гатовая ў любую хвіліну кінуцца i адабраць у яго дзіця. Якая яна яму дачка! Але Уладзімір Іванавіч як бы адчуў гэта i хутка перадаў малую Полі. Саша ўздыхнула, успомніла сваю ролю i пацалавала суседку ў мокрую шчаку.
— Супакойся, Аксана. Такі наш лес жаночы.
— Ксана, — звярнулася да яе Поля, — ты пазычыш мне?.. — Яна не сказала — чаго. — Госця сустрэць. Можа, калі-небудзь разжывёмся…
— Полечка, родная, про што ты кажаш! Усё, што ёсць у маёй хаце! Усё! Разам жыць — разам гора перажыць…
Поля i Аксана хутка выйшлі.
Данік хітра ўсміхнуўся камісару:
— «Полечка, родная, пра што ты кажаш!» Усё, чым мы сустракаем госця.
Яны асталіся адны, калі не лічыць Ленку. Хвіліну маўчалі.
«Чаму ён маўчыць?» — нервавалася Саша. Але каб яна не баялася глянуць, то здагадалася б, чаму ён маўчыць. Пасля непасільнага для раненага напружання i душэўнага хвалявання камісару стала блага. Збялелы, ён прытуліўся галавой да сцяны, баючыся страціць прытомнасць. Не, i на гэты раз ён перамог сваю слабасць, выцер рукавом халодны пот на лбе, ціха папрасіў:
— Аляксандра Фёдараўна, дайце, калі ласка, вады.
Яна глянула i ахнула:
— Вам нядобра?..
Ён піў, i зубы яго стукалі аб конаўку. Цяпер яна стаяла побач, уважлівая, чулая, забыўшыся на свае пачуцці.
— Можа, ляжаце?
— Не, нічога. Прайшло. — Ён вінавата ўсміхнуўся. — Аляксандра Фёдараўна, я хачу, каб вы паверылі, што я нічога не ведаў… Для мяне гэта вельмі важна.
— Уладзімір Іванавіч, навошта вы так? Чаму вы думаеце, што я не веру вам? Вы як бы засцерагаеце мяне ад нечага, i выходзіць, што вы самі не верыце мне. Зразумейце, для мяне гэта задание арганізацыі, ваша…
— Толькі не мае…
— Партызан! А вы ix камандзір. Глядзіце на мяне як на партызанку, якая выконвае ваша задание. Так мне лягчэй будзе. Вы — камандзір, я — ваш баец. Аб усім іншым я сама буду думаць. Аб сваёй дачцэ, аб сваім мужу…
Ён схіліу галаву:
— Я разумею вас. Дзякую вам.
Саша нахмурылася.
— Завошта дзякаваць? Я нічога яшчэ не зрабіла. — I, жадаючы перавесці размову на іншую тэму, яна спытала: — Даўно вас ранілі?
— На свята. Мы вырашылі паднесці ім «святочны сюрпрыз». Наляцелі на Зубраўку, там у ix склад боепрыпасаў. Склад мы запалілі… Але на станцыі чамусьці апынуліся танкі. Гітлераўцы кінулі ix наўздагон нам. Танкі білі з гармат. I мяне — асколкамі…
— Скажыце, многа ў вас там людзей, у лесе?