Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Клянуся!

— Клянуся!

— Клянуся табе, Цішка!

— Мы адпомсцім за цябе!

— Адпомсцім!..

Анатоль узяў рыдлёўку i ўпершыню разгубіўся: цяжка, ой як цяжка было сыпануць халодны жвір на адкрыты твар Цішкі, на вочы, што былі такія ясныя, на вусны, якія колькі гадзін назад весела смяяліся. Саша зразумела гэта, падняла лёгкія галінкі i кінула ў магілу, галінкі закрылі нябожчыку твар. Тады хлопцы пачалі засыпаць магілу. Недзе фыркнуў конь. Яны адразу прыселі, Анатоль i Данік выхапілі пісталеты… Але пачуўся ўмоўны свіст вартавога — Лёні.

— Дзядзька Аляксей, — здагадаўся Данік.

Каваль пад'ехаў на кані, саскочыў з саней і, блытаючыся ў доўгай папоўскай расе, рушыў да ix; Лёня не ўправіўся яму нічога сказаць, i ён не ведаў, што Цішкі ўжо няма, ён ехаў з намерам забраць яго, завезці за раку.

Абмінуў кучу галля, убачыў магілу i — застыў на месцы. Нейкую хвіліну няўцямна глядзеў на свежую зямлю, потым сарваў з галавы шапку, упусціў яе на прытаптаны снег, абышоў вакол магілы i, чамусьці моцна тручы далонямі зарослыя шчокі, вымавіў са стогнам:

— Хлопчык мой… Хлопчык мой!..

* * *

Яны чакалі яе i баяліся яе прыходу. I ўсё-такі яна траха не захапіла ix знянацку. Поля ўбачыла жанчыну праз акно тады, калі яна ўжо зайшла ў ix двор. Спалохана папярэдзіла:

— Матыліха!

Данік спаў на печы, ён моцна прастудзіўся, у яго пачалася гарачка. Аднак i ён адразу прахапіўся.

Уладзімір Іванавіч падскочыў да яго, зашаптаў:

— Данік, трымайся! Цішкава маці! Кажы так, як мы дамовіліся.

Саша таксама ледзь трымалася на нагах. Яна нават дрэнна помніла, як дзядзька Аляксей прывёз яе дадому: яны доўга кружылі па лесе, па полі i прыехалі пазней, чым прыйшоу Данік. Цяпер Саша спалохалася больш, чым хто.

Лялькевіч, убачыўшы, як яна збялела, падаў ёй Ленку:

— Схавайцеся за грубку i карміце дзіця. Не паказвайцеся!

Жанчына паважна павіталася i, каб пачаць неяк размову, сказала як бы жартам:

— Мужчыны ў хаце, а сцежку не пачысцяць. Прайсці нельга — так намяло.

— Такія мужчыны! — адказала Поля, бразгаючы ў куце посудам; яна таксама старалася не глядзець на маці, якая нічога не ведала i не павінна была ведаць.

— А мой мужчына некуды знік. Учора ўвечары сказаў, што да Ніны на пасёлак пойдзе, яна прасіла памагчы дроў напілаваць. Сёння Ніна сама прыйшла — не было яго. Ты, Данічак, не ведаеш, дзе ён можа быць?

— В-ведаю.

Лялькевіч, тупнуўшы драўляным пратэзам, які сам зрабіў, хутка падаў жанчыне табурэт:

— Сядайце, калі ласка. — Не спадабалася яму, як заікаецца Данік, i ён імкнуўся крыху адцягнуць увагу жанчыны. — Сядайце, цётка. Гэтыя падшыванцы ўсё знаюць.

— Куды ж ён сышоў, што i матцы не сказаў?

— B-ведаю… Т-толькі, цётка Марына, гэта с-сакрэт… Вы н-нікому не кажыце… С-скажыце, што п-пайшоў Цішка некуды… да с-сваякоў…— Жанчына насцярожана ўстала з табурэта. — А ён… ён пайшоў з партызанамі…

— Ах, Божачка мой! Дзіцё горкае! — У голасе маці былі спалох, здзіўленне i адначасова гонар за сына. — Вось бачыш, Сашачка, росціш, росціш ix, а яны слова маці не скажуць. Надумаў — усё кінуў, пайшоў. Ну, няхай толькі вернецца, я яму пакажу, не пагляджу, што партызан…

Саша заціснула пялёнкай рот, каб не застагнаць. Яна зноў чула голас Цішкі, яго апошнія словы: «Ма-ма! Мама!»

Мама! Так вайна забірала тваіх сыноў.

IX

Лялькевіч i Саша ехалі ў горад — везлі бочкі, цэбры, вёдры.

Ачуняўшы, камісар знайшоў сабе занятак, карысны ва ўсіх адносінах: успомніў прафесію бацькі i дзядзькоў сваіх, якія былі бондарамі i сяму-таму некалі навучылі яго. Тут, у гэтай вёсцы, таксама было нямала бондараў — жылі сярод лесу, — ды амаль усе пайшлі на фронт. Аднак у дварах засталася нарыхтаваная клёпка, i салдаткі ахвотна аддавалі яе Сашынаму Пецю, як усе яны называлі яго, у душы зайздросцячы Сашы: яе чалавек хоць без ступні нагі, але вярнуўся жывы, ды вунь яшчэ майстра які — на ўсе рукі. A ці вернуцца бацькі ix дзяцей?

З дапамогай Даніка Уладзімір Іванавіч узяўся бандарыць. Першыя цэбры выходзілі не надта зграбныя, але хутка справа наладзілася. Партыю бочак Данік завёз на Украіну i выменяў на муку i сала. Гэта адразу палепшыла становішча сям'і, бо ад прапановы атрада «падкідваць» яму прадукты Лялькевіч адмовіўся, баючыся, што гэта можа выкрыць ix. З атрада хлопцы прыносілі толькі самае неабходнае — лістоўкі, міны.

Было прадвесне — сакавік, але дзень выдаўся па-зімоваму халодны, хмурны; лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Як бы зачараванае гэтай прыгажосцю, усё застыла навокал — паветра, дрэвы. Спіна каня таксама пасерабрылася. Ехалі ўзбоч шашы, па высечанай немцамі паласе, бо асфальт ужо амаль ачысціўся ад снегу, ды i ехаць па шашы было рызыкоўна: нямецкія грузавікі часта наляталі на фурманкі i забівалі, калечылі людзей.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: