Шрифт:
— Гандэль? Гут!
Відаць, тым з ix, якія не ведалі ўсіх таямніц гітлераўскай палітыкі, хацелася, каб жыццё на захопленай зямлі ўвайшло ў нейкую нармальную каляіну, тады, магчыма, i яны адчувалі б сябе спакайней.
У Залінейным раёне разбурэнняў не было відаць i часцей сустракаліся нашы людзі, бледныя з твару, бедна апранутыя, таропкія ў позірках i рухах.
Сашы не спадабаўся дом, дзе ім трэба было заначаваць i сустракацца з людзьмі. Яна, як i большасць даваенных студэнтаў, што выхоўваліся непрымірымымі да ўсялякай прыватнай уласнасці, не любіла гэтых дамоў з садамі i сабакамі, гаспадары якіх вельмі неахвотна пускалі ix, студэнтаў, на кватэру. Такі быў гэты дом: вялікі — тры акны на вуліцу, стары, але па-гаспадарску дагледжаны, з высокім парканам i мноствам садовых дрэў, апранутых у густы іней. Але Саша крыху ведала гаспадара, Рамана Сяліцкага, чалавека з іхняй вёскі, які пераехаў у горад гадоў пятнаццаць назад i ўвесь час працаваў на заводзе металістам. Лепш яна ведала яго дачку, якая на год раней кончыла фельчарскае вучылішча.
Iм доўга не адчынялі, i Саша ўбачыла, як гэта ўстрывожыла камісара. Нарэшце завала грукнула, i ў брамцы з'явілася сама гаспадыня. Яна быццам не пазнала адразу Сашы: доўга прыглядалася, потым пляснула далонямі:
— А Божачка! A ці не дачка Хведара Траянава? Пазнала! Колькі год не бачыла, а пазнала. Вылітая маці… А мы з тваёй маткай у дзеўках разам гулялі, у адзін год замуж выходзілі…
— Цётка Буля, паначаваць у вас можна?
— А як жа гэта сваім людзям ды нельга пераначаваць? Заязджайце, заязджайце. Калі ласка. Толькі — вой! — у нас цэлую зіму вароты не адчыняліся. Пайду паклічу старога. Раман! — Гаспадыня гаварыла гучна, на ўсю вуліцу, i Лялькевіч адразу павесялеў: іграла яна сваю ролю ўмела, правільна.
— А гэта чалавек твой?
— Чалавек, цётка Буля.
— Паўчалавека, — пажартаваў Уладзімір Іванавіч, паказваючы на сваю нагу.
— Дзякуй Богу, што жывы… Жывы — заўсёды чалавек.
Выйшаў гаспадар, невысокі, хударлявы, з рудымі вусамі, якія тырчалі пікамі i надавалі яго твару нейкі злосны, натапыраны выгляд. Ён павітаўся без лішніх слоў i пачаў адчыняць вароты.
У хаце, застаўшыся з Сашай, пакуль мужчыны даглядалі каня, гаспадыня цяжка ўздыхнула i, употайкі выціраючы слёзы, сумна сказала:
— A маіх няма, Сашачка. Ваня машыністам ездзіў недзе на Поўначы, там i астаўся. I сям'я там. Дзе цяпер ездзіць — хто ведае. Ліду ў армію забралі ў першыя ж дні… А Коля — дзіця горкае, шаснаццаць гадкоў — у апалчэнне запісаўся i адступіў з нашымі. Усе — на вайне. I мы, бачыш, са старым ваюем, як умеем…
Яна як бы спалохалася, што сказала лішняе, хутка ўзяла ад Сашы сала, бутэльку самагонкі, якую яны захайілі «для гасцінца», i пачала адразу ж збіраць на стол.
Гаспадар i Лялькевіч чамусьці бавіліся на двары. Змяркалася. У дамах насупраць шчыльна зачынялі аканіцы. Саша сядзела каля акна i разглядала сямейны фотаальбом — шчаслівую гісторыю рабочай сям'і: маладыя гаспадары, вясёлыя дзеці, хрэсьбіны, вяселле старэйшага сына, першы ўнук… Ніводнай фотакарткі, якая б сведчыла аб горы ці смутку. Альбом нагадваў яе ўласнае нядаўняе шчасце, i яна, задумаўшыся, не пачула, як у дом прыйшлі людзі. Пачула чужы бас:
— А мы ідзём, бачым — след саней. Хадзем, кажу, браток, можа, самагоначкі з вёскі прывезлі. Пачастуюць.
Саша ўстрывожылася: выпадкова зайшлі чужыя людзі i могуць перашкодзіць сустрэчы. Але ўбачыла чалавека, што першы ўвайшоў у пакой, i супакоілася, бо адразу пазнала яго, хоць ні разу ў жыцці не бачыла; пазнала па яго словах каваля: шырокі закураны твар з дзіўна белымі брывамі, ca шрамам на носе (некалі адскочыў кавалак гарачай падковы), доўгія рукі з вузлаватымі чорнымі пальцамі. Кіраўнік падпольнай групы завода, дзе немцы рамантавалі танкі, Дрозд (Саша не ведала, ці гэта клічка, ці сапраўднае прозвішча) — таксама каваль, стары друг Аляксея Сафронавіча. Ён моўчкі i асцярожна, быццам вельмі кволую рэч, паціснуў Сашыну руку. З-за яго спіны выглянуў хлопец з круглым тварам, задзірыста-кірпаносы, з вожыкам бялявых валасоў. Ён, наадварот, паціснуў руку Сашы моцна, весела падміргнуў i так, як, відаць, заўсёды, калі знаёміўся з дзяўчатамі, назваў сябе:
— Цімафей.
Саша адразу вызначыла, што гэта адзін з тых вясёлых хлопцаў, якія маюць зайздросную прывабную здольнасць вельмі лёгка знаёміцца з людзьмі, асабліва з дзяўчатамі, i хутка заваёўваць агульную павагу i любоў. Ён, відаць, не ведаў ці не надта верыў, што Саша — жонка «адказнага сувязнога», бо пазней, за сталом, сеўшы з ёй побач, спытаў шэптам: «Вы з атрада?» — «Не, з вёскі. У мяне — грудное дзіця», — адказала яна, як бы апраўдваючыся, чаму не ў атрадзе. Гэта яго расчаравала крыху.
Дрозд убачыў сала на стале, асцярожна двума пальцамі ўзяў скрылёк, пачціва паглядзеў, удыхнуў пах, не падносячы блізка да твару, i гэтак жа асцярожна паклаў назад на талерку.
— Эх, даўно я сала не еў. Забыўся, як i пахне, — i звярнуўся да Лялькевіча: — Галадае народ, таварыш Пятро. Абрабавалі людзей, паразіты. Эталон за эталонам гоняць у Нямеччыну.
— Вы пагутарце, а я аканіцы зачыню, — сказаў гаспадар i выйшаў.
Дрозд i Лялькевіч селі на канапцы, каля грубкі. Цімафей падсеў бліжэй да Сашы. Мабыць, стары падпольшчык кіўнуў на яе (Саша не прыкмеціла гэтага, аддаючы больш увагі вясёламу хлопцу), бо Лялькевіч сказаў:
— Саша — наш таварыш, наша сувязная.
Стары адкашляўся, як перад доўгім выступлением, i пачаў дакладваць прыглушаным голасам, амаль шэптам:
— Значыцца, так, таварыш Пятро, такія справы… Аб нашай рабоце. Група патроху расце. Дзевяць чалавек маем ужо… На танках, якія праходзяць праз нашы рукі, немец не наваюе доўга — да першага бою. Устанавілі сувязь з другімі групамі. З мясакамбінатам. З друкарняй. Цімох вось адтуль. Хлопцы ў яго там хоць куды. Малайцы. Баявыя. Восьбланачкі якія штампуюць! — Ён дастаў з запазухі пачак папер i перадаў Лялькевічу. — I вось той падаруначак таксама ад ix. Намацалі чалавека ў картачным бюро. Стары настаўнік нямецкай мовы, але чалавек савецкі. Наш. Правяраем. Вельмі ж нам трэба хлебныя картачкі. Уладзілі пару дзяўчат у шпіталь. Дэпо на сувязь не ідзе, хоць людзі там нашы ёсць, адчуваем, нават ведаем некаторых. Вельмі ж лютая чыгуначная ахова, вока не спускае, на кожным рагу — гітлераўскі пёс. На кожнай стрэлцы — па сабаку. Кажуць, у Оршы нашы моцна падкузьмілі ix. Ды i на другіх вузлах, чуваць, не спяць хлопцы. Адным словам, сувязь з чыгуначнікамі мы наладзім. Так i перадайце. Ужо маем за каго зачапіцца. Цяпер такая справа, таварыш Пятро. У горадзе з'явіўся партызанскі прадстаўнік. Вядома вам пра гэта?