Лагерлёф Сэльма
Шрифт:
Блукаючы на кані ў лясным гушчары, ён толькі падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчасліва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана [12] і папрасіць яго накіравацца ў лес адабраць у Інгільберта пярсцёнак. Але, праязджаючы міма Хедэбю, ён задумаўся, а ці не павярнуць яму туды па дарозе і ці не расказаць ротмістру Лёвеншольду, хто адважыўся спусціцца ў склеп і ўкрасці каралеўскі пярсцёнак.
Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмістр і яго бацька не вельмі ладзілі між сабой. Ротмістр быў настолькі ж міралюбівы, наколькі бацька яго — ваяўнічы. Ён паспяшаўся выйсці ў адстаўку, як толькі быў заключаны мір з расейцамі [13] , і з таго часу ўсе свае сілы аддаваў на аднаўленне росквіту краіны, літаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзінаўладдзя і вайсковых ушанаванняў і нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, і пра многае іншае, што так высока цаніў яго стары бацька. Для большай дакладнасці патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнічаў у рыксдагаўскіх спрэчках [14] , прычым заўсёды як сябра партыі прыхільнікаў міру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.
12
Ленсман — службовая асоба, прадстаўнік каралеўскай улады на месцах.
13
30 жніўня 1721 г. быў заключаны мірны дагавор паміж Расеяй і Швецыяй (Ніштацкі мір), згодна з якім да Расеі адышлі Інгерманландыя, Ліфляндыя, Эстляндыя, Выбарг і паўднёва-заходняя Карэлія.
14
У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў скліканы рыксдаг, на якім разгарнуліся дэбаты наконт далейшага палітычнага курсу краіны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння міру.
Калі сем гадоў таму быў украдзены генеральскі пярсцёнак, пастар, ды і многія іншыя палічылі, што ротмістр не вельмі стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусіла цяпер пастара падумаць: «Якая карысць, калі я вазьму на сябе клопат злезці з каня тут, у Хедэбю. Ротмістр усё роўна не запытаецца, хто носіць сягоння каралеўскі пярсцёнак на пальцы — бацька ці Інгільберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведаміць аб крадзяжы ленсману Карэліусу».
Але пакуль пастар такім чынам раіўся з самім сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, ціхенька адчынілася, ды так і засталася адчыненай насцеж.
Гэта быў сапраўды цуд, але ці мала на свеце розных брам, якія такім жа чынам расчыняюцца самі па сабе, калі яны дрэнна зачынены. І пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымі абставінамі, але палічыў іх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.
Ротмістр прыняў яго гасцінна, куды больш ветліва, чым звычайна.
— Які гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазірнулі да нас. Я якраз вельмі хацеў сустрэцца з вамі і сягоння некалькі разоў намерваўся пайсці да вас у маёнтак і пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!
— Дарэмна б толькі схадзілі, брат Лёвеншольд, — сказаў пастар. — Яшчэ на світанні я паехаў вярхом па прыхадскіх справах на сетэр у Ольсбю і вось толькі зараз вяртаюся назад. Ну і дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькі прыгод!
— Тое ж і са мной было, хоць я наўрад ці ўставаў сягоння з крэсла. Запэўніваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка міне пяцьдзесят і я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так і потым, цудаў, падобных сягонняшнім, мне сустракаць не даводзілася.
— А калі так, — прамовіў пастар, — першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмі цікавую гісторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзіўная з усіх, якія здараліся са мной у жыцці.
— Але, магчыма, — запярэчыў ротмістр, — вам, высокапаважаны брат, мая гісторыя зусім не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я і хачу запытацца: вы чулі, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма [15] ?
— Пра гэтага жахлівага пірата і адчайнага капера [16] , якому кароль Карл надаў чын адмірала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць!
15
Гатэнйельм — Ларс (Ласэ) Андэрсан Гатэ (1689–1718) — вядомы шведскі марак. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, плаваў на шведскіх і замежных гандлёвых суднах. У час Паўночнай вайны арганізаваў каперскую флатылію (гл. ніжэй). Нажыў вялікія багацці і часткова субсідзіраваў каралеўскую казну. У 1715 г. яму быў нададзены дваранскі тытул, пасля чаго стаў называцца Гатэнйельмам. Узвышэнне яго было адмоўна сустрэта шведскай арыстакратыяй, бо яго падазравалі ў сувязях з піратамі. Загінуў у марской бітве пры Гётэборгу.
16
Капер — уладальнік судна ці флатыліі, які займаецца ў час вайны марскім разбоем у нейтральных водах. У адрозненне ад піратаў каперы нападалі толькі на варожыя судны з ведама свайго ўрада, атрымліваючы на гэта спецыяльную грамату. Каперства існавала ў Эўропе да сярэдзіны XIX ст.
— Дык вось, — працягваў ротмістр, — сягоння ў абед размова зайшла пра даўнія ваенныя гады. Мае сыны і іхні гувернёр пачалі распытвацца ў мяне, як і што было ў даўніну; маладыя ж любяць слухаць пра мінулае. І заўважце сабе, брат мой, яны ніколі не пытаюцца пра тую гарачую і суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерці Карла, калі мы з-за вайны ды безграшоўя адсталі ва ўсім. Не, іх цікавяць толькі згубныя ваенныя гады! Далібог, і не паверыш: яны ж лічаць ні за што аднаўленне гарадоў, якія згарэлі дашчэнту, узвядзенне заводаў і мануфактур, выкарчоўку лесу і пад'ём цаліны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне і маіх сучаснікаў за тое, што мы пакончылі з ваеннымі паходамі і перасталі спусташаць чужыя землі. Відаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў і што нам здрадзіла былая магутнасць шведаў!
— Вы, брат Лёвеншольд, сапраўды маеце рацыю, — сказаў пастар. — Такая любоў юнакоў да вайсковай справы заслугоўвае ўсялякага шкадавання.
— Ну вось я і выканаў іх жаданне, — працягваў ротмістр, — і раз яны захацелі пачуць пра якога-небудзь вялікага героя вайны, я і расказаў ім пра Гатэнйельма і пра яго жорсткае абыходжанне з купцамі і мірнымі падарожнікамі, жадаючы выклікаць сваім расказам жах і пагарду. І калі мне гэта ўдалося, я папрасіў сваіх дзяцей паразважаць над тым, што гэты Гатэнйельм быў заўзяты сын ваеннага часу, і пацікавіўся, ці хацелася б ім, каб на зямлі жылі такія вылюдкі?
Але не паспелі мае сыны адказаць, як слова ўзяў іхні гувернёр і папрасіў дазволу расказаць яшчэ адну гісторыю пра Гатэнйельма. І паколькі ён запэўніў мяне, што гэта прыгода капера толькі падмацуе мае папярэднія выказванні пра жахлівыя зверствы і бясчынствы Гатэнйельма, я згадзіўся.
Ён пачаў свой расказ з таго, што Гатэнйельм загінуў маладым і цела яго было пахавана ў ансальскай царкве [17] ў мармуровым саркафагу, які ён выкраў у дацкага караля [18] . Пасля гэтага ў царкве пачалі з'яўляцца такія страшныя прывіды, што ансальскія прыхаджане не ведалі паратунку. Яны не знайшлі іншага сродку, апрача як выцягнуць цела з труны і пахаваць яго ў зямлі на пустынных шхерах далёка-далёка ў моры. З таго часу ў царкве стала мірна і спакойна. Але рыбакі, якім здаралася заплываць да новага месца пахавання Гатэнйельма, расказвалі, што заўсёды чулі там шум і валтузню, і ў любое надвор'е марская пена бурна закіпала над злашчаснымі шхерамі. Рыбакі думалі, што ўсё гэта была справа рук карабельнікаў і гандляроў, якіх Гатэнйельм загадваў кідаць за борт з захопленых ім суднаў. І цяпер яны ўставалі са сваіх сырых марскіх магіл, каб катаваць пірата. А рыбакі ўсяляк асцерагаліся заплываць у той бок. Але аднойчы цёмнай ноччу аднаму з іх собіла апынуцца занадта блізка ад страшнага месца. Ён адчуў, што яго раптам зацягнула ў вір, у твар пляснула марская пена, і чыйсьці грамавы голас звярнуўся да яго:
17
Царква ў прыходзе Ансала, дзе знаходзілася сядзіба Гата, якая належала бацькам Гатэнйельма.
18
Недакладнае выкладанне гістарычнага факту. У сапраўднасці Гатэнйельм заўважыў на адным з захопленых дацкіх суднаў два мармуровыя саркафагі, якія прызначаліся для дацкага караля Фрэдэрыка IV і яго жонкі. Датчане прапанавалі за іх вялікі выкуп, але Гатэнйельм заявіў, што мае намер пакінуць іх для сябе і сваёй жонкі. Тады па загаду дацкага ўрада былі выраблены два якраз такія ж самыя саркафагі з імем і гербам Гатэнйельмаў, і шведскі капер пагадзіўся ўзяць іх у абмен на каралеўскія. Гэтыя саркафагі ўстаноўлены ў ансальскай царкве, у магільным склепе Гатэнйельмаў, і ў адным з іх пахаваны Ларс Гатэ.