Лагерлёф Сэльма
Шрифт:
Ротмістр пачаў распытваць сялян, што яны рабілі ў лесе так рана і дзе знайшлі Інгільберта. Іварсаны жылі заможна, і ім было не па душы, што ў іх так гэта выпытваюць, але самае галоўнае ротмістру ўсё ж удалося выведаць.
За дзень да гэтага з мукой і харчаваннем для работнікаў яны падняліся на свой сэтар, размешчаны за некалькі міль адсюль, у глыбіні лесу, ды там і заначавалі. На досвітку накіраваліся назад. Івар Іварсан неўзабаве абагнаў сваіх спадарожнікаў. Ён жа былы салдат, майстар хадзіць, і нялёгка было паспяваць за ім.
Намнога апярэдзіўшы сваіх спадарожнікаў, Івар Іварсан раптам убачыў, што насустрач яму па сцяжынцы ідзе нейкі чалавек. А лес там быў даволі рэдкі. Ніякіх кустоў, адны толькі магутныя ствалы, і Івар яшчэ здалёк убачыў гэтага чалавека. Але пазнаць адразу — не пазнаў. Між дрэў плавалі клубы туману, і калі іх асвятлялі сонечныя промні, то яны ператварыліся ў залатую смугу. Сёе-тое можна было разгледзець праз гэтае туманнае марыва, але не вельмі выразна.
Івар Іварсан заўважыў, што, як толькі сустрэчны ўбачыў яго ў тумане, то адразу ж спыніўся і з вялікім жахам, быццам абараняючыся, распасцёр перад сабой рукі. Калі ж Івар зрабіў яшчэ некалькі крокаў наперад, той кінуўся на калені і закрычаў, каб Івар не набліжаўся да яго. Здавалася, што чалавек гэты не пры сваім розуме. Івар Іварсан хацеў быў паспяшацца да яго, каб супакоіць, аднак той ужо ўскочыў на ногі і кінуўся наўцёкі ў глыбіню лесу. Але прабег ён усяго толькі некалькі крокаў. Амаль у той жа момант ён паваліўся на зямлю і застаўся ляжаць нерухома. Калі Івар Іварсан падышоў да яго, ён быў мёртвы.
Цяпер Івар Іварсан тут жа пазнаў гэтага чалавека: гэта быў не хто іншы, як Інгільберт Бордсан, сын таго самага Борда, які раней жыў у Ольсбю, але потым, калі двор ягоны згарэў, а жонка ўтапілася, перабраўся на летні сэтар. Івар ніяк не мог зразумець, чаму Інгільберт паваліўся і памёр: нічыя ж рука не дакранулася да яго. Ён спрабаваў вярнуць яго да жыцця, але гэта не ўдалося. Калі падышлі астатнія, яны таксама ўбачылі, што Інгільберт мёртвы. Але Бордсаны былі калісьці суседзямі Іварсанаў у Ольсбю, і ім не захацелася пакідаць Інгільберта ў лесе; і вось яны зрабілі насілкі і забралі яго з сабой.
Ротмістр з панурым выглядам слухаў гэты аповед. Ён падаўся яму цалкам праўдзівым. Інгільберт ляжаў на насілках, быццам сабраўся ў далёкую дарогу: за спінаю — торба, а на нагах — чаравікі. Мядзведжая рагаціна, якая ляжала побач, бадай, таксама належала яму. Не інакш як Інгільберт хацеў накіравацца на чужыну, каб прадаць там пярсцёнак; але калі ў лясным тумане яму сустрэўся Івар Іварсан, то палічыў яго за прывід генерала. Ну, вядома! Так яно і было! Івар Іварсан быў апрануты ў стары салдацкі мундзір, а палі ягонага капелюша былі загнуты на каралінскі манер [20] . Тое, што Інгільберт абазнаўся, лёгка тлумачылася адлегласцю, туманам і тым, што сумленне ў яго было нячыстае.
20
Каралінамі называліся салдаты арміі Карла XII (ад лац. Carolus — Карл).
Тым не менш ротмістр усё яшчэ быў незадаволены. Ён кіпеў лютай злосцю і прагнуў крыві. Яму хацелася б задушыць Інгільберта сваімі рукамі. Лёвеншольду патрэбна было даць выхад гарачаму жаданню помсты, а выхаду не было.
Аднак, паступова ротмістр зразумеў, які ён несправядлівы, і настолькі авалодаў сабой, што нават расказаў Іварсанам, для чаго ён з чалядзінцамі выйшаў сягоння ранкам у лес. І дадаў, што хоча даведацца, ці пры мерцвяку пярсцёнак.
Ротмістру нават хацелася, каб сяляне з Ольсбю адказалі «не»; тады ён мог бы са зброяй у руках пастаяць за свае правы. Але яны палічылі яго патрабаванне натуральным і крыху адышлі ўбок, пакуль чалядзінцы абшуквалі кішэні мерцвяка. Ягоныя чаравікі, торбу, кожнае шво ягонай вопраткі.
Спачатку ротмістр з велізарнай увагай сачыў за вобыскам, але раптам ён нечакана зірнуў на сялян, і яму падалося, быццам тыя абмяняліся насмешлівымі позіркамі, нібы былі перакананы, што ён усё роўна нічога не знойдзе.
Так яно і выйшла. Пошукі давялося спыніць, а пярсцёнак так і не знайшоўся. Тады падазрэнні ротмістра зусім справядліва леглі на сялян. Гэтае ж самае падумалі і чалядзінцы. Куды падзеўся пярсцёнак? Калі Інгільберт рашыўся ўцякаць, то ён абавязкова ўзяў яго з сабой. Дзе ён?
Хоць і цяпер ніхто з іх не бачыў генерала, але ўсе адчувалі ягоную нябачную прысутнасць. Стоячы ў натоўпе, ён паказваў на ўсю тройцу з Ольсбю. Пярсцёнак у іх!
Сапраўды, гэта яны абшукалі кішэні мерцвяка і знайшлі пярсцёнак.
Хутчэй за ўсё, гісторыя, якую яны толькі што расказалі, — выдуманая, а на самай справе ўсё адбылося зусім інакш. Магчыма, Іварсаны, якія былі аднавяскоўцамі Бордсанаў, ведалі, што тыя завалодалі каралеўскім пярсцёнкам. Магчыма, яны даведаліся, што Борд памёр, а сустрэўшыся з сынам у лесе, адразу здагадаліся, што ён сабраўся ўцячы з гэтым пярсцёнкам; вось яны і напалі на Інгільберта і забілі яго, каб прысвоіць пярсцёнак.
На целе Інгільберта не было ніякіх слядоў калецтва, апрача кровападцёку на ілбе. Іварсаны сказалі, што ён стукнуўся галавой аб камень, калі паваліўся. Але хіба гэты крывавы жаўлак не мог быць нанесены тоўстай сукаватай паліцай, якую трымаў у руках Паўль Эліясан.
Ротмістр стаяў, апусціўшы вочы. Ён пакутліва змагаўся з самім сабой. Ніколі не чуў ён аб гэтых трох нічога, апрача добрага, і яму ніяк не верылася, што яны забойцы і злодзеі.
Чалядзінцы акружылі ротмістра. Сёй-той з іх ужо бразгаў зброяй, і ўсе да аднаго лічылі, што без бойкі ім адсюль не пайсці.