Бечык Варлен
Шрифт:
11.IV.
Многа — два месяцы — прапушчана. Тым часам адбыў месяц за свой кошт у Пухавічах і на Свіцязі. На Свіцязі цяжка захварэў і поўзаў амаль на карачках.
Адна асоба зацята і многа гаворыць, што любіць мяне, а я — без радасці і шчасця.
Стаў загадчыкам аддзела ў «Немане» (з 1 красав.), прыняты ў Саюз (9-га, у пятніцу). Перайначаны артыкул у «Литер, газете» — пакрыўджаная Лось. Надпіс Rараткевіча на кнізе.
Было ўвесь час нешта і добрае, і благое. На банкеце ў «Журавінцы» было ўсякае.
Самае іранічнае: у бяздарнасці дапякалі адзін аднаго найбольш «роўныя» таленты. Чаму? Чаго? Што кіруе людзьмі? Я думаў пра многіх з іх: дзе ваша грамадская і чалавечая скіраванасць? А былі людзі, за якіх балела душа.
18.IV.
...Я іду з «Немана». У заяве: «Сердечное спасибо Вам и всем добрым людям «Немана» — работа в Вашем коллективе была полезной и интересной для меня...»
30.IV.
Ліст Лойку: «...я рады, што няма ў Вас ні ценю пыхі і чыннасці, што Вы жывеце гэтак душэўна шырока і ў простай штодзённасці, і ў літаратуры, адмаўляецеся ад крыжавых пуцінаў, спакус нялюдскіх і трывог».
30.V.
Зноў «ЛіМ», аддзел літаратуры: Гіль, Стральцоў і я. Прывыкаю.
Май з апальным сонцам, гарачынёю. Кніга пакуль адкладаецца. У імя чаго? Ды вось жа: суботня-нядзельныя выезды ў Прылукі, на мора. Сёмкава — нязнаны раней прыгожы куток з ціхай рачулкай, лугам, які робіць шчымлівымі ўспаміны пра дзяцінства, спакойнай вечнасцю прыроды. Тут у дзіцячым доме рос Толя Псікаў, ён сюды і падахвоціў. Натыкнуўся на стральцоўскі верш:
Няхай у гордай паняверцы
Сабе мы кажам: трын-трава
Зусім не тое тчэцца ў сэрцы,
Чым часам трызніць галава.
За два тыдні «ЛіМа» напісаў 2 заметкі, утрос выдавецкія справы.
У Будапешце ва ўзросце 86 гадоў памёр Дзьердзь Лукач. Ад паўдня — у Сёмкава, у цеплыню, зеляніну, рэчку, ціхі і шумны тлум жывой прыроды. Яшчэ ў дарозе — цёмныя хмары, густая навальнічная цемната, потым — ледзь не шквал вады, што біла, секла, мяла, несла ўрачыстасць, чысціню, свежасць усім травам, дрэвам, кветкам і самой зямлі.
Босы. Цеплыня пад нагамі ад слізкай сагрэтай зямлі, прыемны халадок змакрэлай травы. Гулкія грамы, рэзкія сполахі, вясёлы шабаш птушак і жаб. Змакрэлы дзівак шмель капашыўся ў кветках.
Густыя дрэвы парку ў Сёмкаве — як клубы вады.
Клубілася зеляніна альшэўніку і вербаў у прырэччьг. Званочкі, смолкі, шчаўе, канюшына і ўсё рознае святкавалі гэтую цёплую дажджавую радасць росту і выспявання.
Прыгнаны дажджом пад прыстрэшак канюшні, дыхаў дажджом і вёскай. Ляскалі парасчыненыя вокны недабудаванай хаты, ахвотна макрэлі на прыпасе коні, пастух тырчэў, як бусел, на абшчыпку зарэчнага лугу.
Я туляўся між хмарамі, дажджамі, сонцам у гэтым прырэччы і быў амаль шчаслівы паўнатой нечакана далучанага да душы раскашавання лугу і быў босым вольным сынам зямлі без абавязкаў і прытулку. I паколькі былі са мной літ. знаўчыя кнігі, яны родніліся з зямлёй і светам, як гэтакія ж выпадковыя беспрытульнікі — свет іх расхінаўся ўшыркі, падыходзіў да рэчкі, лугу, збажыны, расады, канюшыны і галак, велічы старога парку, што надаваў урачыстасць усяму наваколлю і абяцаў злучыць сваёй даўнасцю тысячагоддзі. А потым наступіла пара сонца і нерухомасці. Можна сказаць, што сёння ў Сёмкаве была вечнасць, так паабкрадзеная апошнім часам мітуснёй і хуткаплыннасцю індустрыяльных змен.
Ішла новая навальнічнасць. I была ўпэўненасць, што шумець новым дажджам і грымотам, што ўсё будзе расці і свяжэць, што можна і заўтра знайсці шчаслівыя дачыненні з абрыдлым ужо светам.
А потым людзі выйшлі на двары і ў гароды, разгуляўся салавей, густа запахлі крапіва і лапухі.
Зноў — Блок:
Рожденные в года глухие
Пути не помнят своего.
Мы — дети страшных лет России —
Забыть не в силах ничего.
Испепеляющие годы!
Бездумья ль в вас, надежды ль весть?
От дней войны, от дней свободы —
Кровавый отсвет в лицах есть.
Мінулы тыдзень — артыкул з Гілем пра «Дзень паэзіі».
2—3. VIII.
Дажджы — і дробныя, і густыя, і зацяжныя, і кароткія, і цёплыя, і халодныя. 17°—22°. Хістанне ад сонечиага цяпла да прахалоды.
Пры ўзрыве атамнай бомбы над Нагасакі. Адзінхлапчук нырнуў да ўзрыву, а вынырнуўшы ўбачыў усё панішчаным.
V з’езд пісьменнікаў. Прывітанне касманаўтаў — 29-га. А потым — паведамленне аб іх трагічнай гібелі (Дабравольскі, Волкаў, Пацаеў).
Даведаўся я пра гэта ў сярэдзіне дня, па дарозе на Камароўскі рынак, і стала жахліва сорамна за ўсё сваё дробязнае, а напачатку роспач і жах. Узрушэнне было агульным. Стральцоў на кавалках газеты ў скверыку напісаў: «Мужнасць». I, не губляючы таленту, сказаў (надрукавана ў «ЛіМе» другога): «Іх называлі сокаламі. Саколікамі назаве .цяпер іх не адна маці». I яшчэ: «Іх няма. Сваім мудрым і трагічным лёсам яны кажуць нам: будзьце мужнымі!»
6.Х.
Сёння ў Акадэміі навук размовы з Яскевічам, Андраюком, Ярошам, Мушынскім. Усе клічуць ісці туды працаваць. То як быць?