Вход/Регистрация
Бэзавы попел
вернуться

Сямёнава Ала

Шрифт:

Пра творчасць, пра творчую асобу думаў заўсёды. Не толькі пра літаратараў.

Загадка „назскіх” натур

Вось i ў адным з тых лістоў, пазначыўшы з сумнаватай іроніяй абставіны свайго быцця: „...дзяліцца асабліва няма чым: тое, што акаляе ці стаецца ўтокам быцця, — аднастайнае, як расклад, a ў нутро сваё, сказаць праўду, заглядваць не хочацца: няхай там мірна спяць i анёлы, калі яшчэ кволяцца трохі, i другія, інфернальныя, так сказаць, істоціны i стварэнні”, ён працягваў адказ на мой ліст:

„Толькі вось твая згадка пра Шапэна ўзварушыла трохі мяне, i успомніліся свае хвіліны з панам Фрэдэрыкам — кніжка, здаецца, Яструна [так. — A.C.], пра яго, між іншым, неблагая — ёсць i яшчэ ней­кая адна, не яго, „Воблік любві” — (Брашкевіч? ці як?) [так. — A.C.] праглядаў некалі — не спадабалася. Пра Шапэна цікавае ёсць у артыкулах Метнера, таго, які сябраваў з Рахманінавым, быў сам неблагім кампазітарам, але [нечытальна] быў, па-мойму, цікавым тэарэтыкам гармоніі.

Праз Шапэна добра адчуваеш назскую натуру — не ў той іпастасі, у якой, скажам, гэта вонкава (часта) падаецца ў Веняўскага ці ў куды як слабога, залюблёнага абываталем Агінскага. У Шапэна амаль намёку няма на рамантычныя транты — каласальная логіка імправізацыі пры ўсіх нерастрачаных „расё i пылку” (водару) успамнення пра пачуццё, — i геніяльная наструненасць, аркестроўка (на фартэпіяна) [мабыць, ён меў на ўвазе — аранжыроўка.] сугуба назскага ладу рэфлексіі (гэта ў ix ёсць), — i гэта ўжо як бы іхняя нейкая загадка. Адна ca славянскіх загадак так званых, а назская — асабліва”.

Увогуле Міхась Стральцоў быў з тых, для каго існасць рэчаў i падзей i свет літаратурны, мастацкі былі заўсёды відавочнай рэальнасцю, неад'емнай. Не ў рэчышчы дурной літаратуршчыны, a ў тым неад'емным сэнсе, які дае існаванню чалавека высокая культура. Калі свет ужо не ўяўляецца без Дантэ i Скарыны, без Рафаэля i Моцарта, без Блока i Багдановіча...

Не, жыццё не было для яго толькі літаратурным матэрыялам. Першая i другая рэальнасць суіснавалі ў яго ўсведамленні. Ён вельмі тонка адчуваў код узаемаадносін паміж існасцю — мастацтвам, паміж „перадмастацтвам” i ўласна творчасцю. Паміж шэрай звычаёвасцю i таямніцай. Таямніцай чалавека, асобы, творцы. Жанчыны. Раздумваў над тым. Меціў задумамі. Згадваў пра няспраўджанае. Можа, у эпісталярным жанры гэта ўсё не мела той эстэтычнай крышталёвай завершанасці, як, скажам, у „Смаленні вепрука”, але мела сваю стыхію дакладнасці, сваю дысцыпліну родзуму i пачуццяў. Прырода яго чалавечага таленту змяшчала ў сабе непадзельнасць роздуму i ацэнак, плыні жыцця i ўсведамленне яго. Як i таленту пісьменніцкага:

„Во — хацеў я аднойчы напісаць апавяданне пра танцпляцоўку (даўно), i задума, здавалася, цікавая была: нябожчыку Рылько [Алесь (Аляксей Іванавіч) Рылько (1923-1967) — празаік, публіцыст, дра­матург] нападпітку неяк расказваў, а ён уталопіў вочы ў мяне, доўга глядзеў, неяк тужліва-хітравата, як гэта ён умеў, a потым кажа нешта накшталт гэткага: а ты даўно, хлопча, каровы пасвіў, касіў ці дровы пілаваў? I пра Дастаеўскага нешта сказаў, i пра ягоную „хромоножку” ca Стаўрогіным — маўляў, вывіх i выбрык. Разумны быў чалавек, i мы, гадамі розныя, сябравалі, можа, па-сапраўднаму, а больш ён нібы бацька мне быў. А пра Даст[аеўскага] ён сказаў нездарма: у мяне ў той задуме нейкім саматужным Фрэйдам патыхала, ён гэта неяк адразу зразумеў. А задума ці не забылася, памятаю толькі i цяпер чамусьці ўпэўнены, што, далібог, неблагая была. Калі-небудзь, можа, успомню: нечага з другога вопыту дадам i, дадаўшы, можа, напішу. Бо начытаешся, як У. з В. „живописуют” жанчын i каля, дык не па сабе неяк робіцца: i тэмы шкада, i праўды шкада, той праўды, пра якую стары Талстой (у адносінах да жаноча-мужч[ынскай] прабл[емы]) выказаўся неяк так: я пра тое голас падам, калі адной нагой у труне буду i выкажуся, шасну ў труну i векам накроюся. Так, здаецца, Горкі перадае — чалавек, які выдумаў сябе i выдумляў другіх, страшная ў яго гэтая ўласная выдуманасць, упэўненасць дзяка ці царкоўнага начотчыка. Можа, адзіны з рускіх літаратараў вёску не разумеў i не любіў. Яно дык любіць, канечне, мала за што можна, але... ягоная яўная, а часцей схаваная, варожасць да інтэлігенцыі даказвае толькі тое, што ён самавук i тое, што інтэлігентам трэба нарадзіцца. Прапаведваць веды, з аднаго боку, услаўляць волю i нейкага чалавека, паднаўляючы зноў жа саматужна Ніцшэ, i забыць пра Акакія Акакіевіча, як гэта было ў Горкага, — гэта i не па-руску неяк, i не па-асветніцку нават. Пану грамата цяжка даецца, a калі даецца, дык прымаўкай робіцца нездарма.

А наогул, самавукі небяспечныя людзі — гэта можна убачыць, напрыклад, i на нашым S. Прыгледзьцеся.

Надвор'е у нас даўно ўжо сапсавалася — сырасць, макрэча — не ведаю, як у вас. Радыё я не слухаю, ды i ўключаюць яго прапары цэнтралізавана, так сказаць, калі захочуць. Футбол я не гляджу. Вось пішу табе (гэта раніцай, палова восьмай, да паверкі) — дождж шастае, a ў мяне круцяцца рубцоўскія радкі:

Седьмые сутки дождь не умолкает —

И некому его остановить!

Все чаще мысль угрюмая мелькает,

Что может всю деревню затопить.

[Цытавана дакладна.]

Цытую па памяці, таму i сумняваюся. Неяк так. Там яшчэ, здаецца, ёсць радкі: „на кладбище, как будто крокодилы, ворочаются, спятивши, гробы”.

Бр! Мальчишка. Часто „смешной и милый”, кажется, у него эта страсть пугать и легкомысленничать. Вроде:

Прозрачно небо голубое,

Прозрачен воздух голубой.

Какое место вам? — Любое!

Любое время, край любой.

Ах ты, божа мой!

Як яму ў тым абраным ім ці некім другім краі цяпер, адзін бог ведае. Напрадракаўся: „Я умру в крещенские морозы”. Так, здаецца, i было. Някрасаўскі пейзаж нейкі над намі, да Кальцова не дараслі ці перараслі, — паспяшаліся. Але нешта я сумнае пад дождж пачаў — не буду. Вось табе зноў славянская рыса” (5.VI.82).

Засталося ненапісаным i тое апавяданне, i іншыя апавяданні, эсэ. Стральцоў не любіў ні саматужнай нудоты прымусу i самапрымусу, не апускаўся да хуткапісу важных праблем. Увогуле ж — задумваючыся над безданню i вышынямі чалавечых пачуццяў i розуму, выяў жыцця, існавання, заўсёды ўсё ж заставаўся ў, так бы мовіць, арэале Быцця, не пацвельваючыся з Небыццём, за тым, што па-за рысай нашага існавання.

Загадка ж творчасці i творцы заўсёды, мабыць, займала яго. Заўсёды меціла яго думку. Часам i перашкаджаючы. Не даючы спраўдзіцца намерам. Ці, можа, нават замінаючы першаадчуванню, ці што, жыцця. I — прыходзілі вось такія згрызотныя думкі. Думкі ягоныя — I наконт свайго занятку, i наконт маласпрыяльнай нашай глебы для сапраўднага таленту. А дзе, дарэчы, для таленту — спрыяльная глеба?

„А толькі літаратурай займаюцца ў нас ці адпетыя дурні, накшталт мяне (ды каб жа яшчэ займацца было можна, седзячы за айчынным дротам) (ЛПП — лякарска-працоўны прафілакторый), ці чыноўнікі, якім здаецца, што без ix літаратура загінула б, i тут ужо яны аддаюцца ёй цалкам, няўхільна шнуруючы яе пад ранжыр, — хоць тут ужо можа не літаратура, а нейкая кітайская плантацыя. А С. i D. стаяць над гэтай плантацыяй i ў калатушкі б'юць — адпужваюць вераб'ёў. Ну ix!”

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: