Вход/Регистрация
Бэзавы попел
вернуться

Сямёнава Ала

Шрифт:

„Кінуць бы ўсё гэта, ды вось бяда — позна, нічога другога не ўмею, а вучыцца другой навуцы калі? Ды i ранейшае такое-сякое ўмельства, напраўдзе, растрачана ўжо...” (На канверце дата 29.5.82.)

Думка гэтая, пра тое, што ўжо ўсё растрачана i Стральцоў „адпісаўся”, была вельмі ж папулярнай у так званым Аппаратурным атачэнні. Я нездарма згадваю яе.

Міхась Стральцоў часам, не толькі ca мною, уголас даводзіў думкі свае, асабліва ў якую роспачную хвіліну. У лістах ён пісаў нават та­кое: „Усе мае (амаль усе — бо не паверыш) кволыя літздольнасці i скупыя вольныя хвіліны забіраеш ты...” (12.VI.82). (Маюцца на ўвазе лісты.) Я тады не паверыла i зараз не даю веры. Былі шматлікія абставіны, былі своеасаблівасці характару, была, здаецца, калі не лянота, дык хісткая самадысцыпліна. Было i такое: „А каму гэта трэба?” Сапраўды, талент тонкі, ламлівы, элітарны. Не з тых, якім захапляюцца хатнія гаспадыні i дзяўчаткі з універмага. Ці хлопцы з ПТВ. Я не збіраюся прынізіць ні тых дзяўчатак, ні тых хлопцаў. Там таксама, між іншым, ёсць выключэнні. Але ж каб слухаць Баха, трэба мець ха­ця б прыродную схільнасць да гэтага. Сякую-такую падрыхтоўку, накіраванасць Менталітэту — пачуццяў. Ну, i ўсё ж нейкія ўмовы i перадумовы. I Гегеля не ўхопіш, прызвычаіўшыся чытаць выключна дэтэктывы. I Поля Валеры наўрад ці агораеш, калі вока i розум шукаюць адно: хто каго любіў, хто каго забіў. Патрэбны чытач, што ўмее размежаваць побытавую i пазазвычаёвую свядомасць.

Чытаць Міхася Стральцова — таксама трэба мець i пэўныя схільнасці, i пэўныя ўмовы. Гэта пісьменнік для людзей падрыхтаваных. Разумова i духоўна. Пісьменнік вытанчанай, празрыстай умельствам сваім мовы. Беларускай мовы. На рускай мове, хай не пакрыўдзяцца ягоныя перакладчыкі, таго Стральцова, якога ведалі мы, ужо не было. I Міхась Стральцоў фатальна рабіўся пісьменнікам для вельмі вузкага кола людзей. Хто ведае? Хто чытае? Была, мне здаецца, i яшчэ „стрэмка”. Ці, хутчэй, стрыжнявая „зацыкленасць”. Натура, якая міласцю сваёй вялікай, Боскай, дорыць талент, „выдае” да яго i бясконцага сумніву, i нездаволенасці сабою i іншымі, i прагу абсалюту. Абсалюту ва ўсім. У стасунках высокага розуму i пачуццяў. У звычайных побытавых з'явах. У адносінах з людзьмі — увогуле. З сябрамі. З жанчынамі. Абраннікі Боскія ствараюць вобразы. Прагнуць гармоніі. A рэчаіснасць падсоўвае мітусню i сурагаты. Замест сапраўдных пачуццяў. Высокіх ідэяў. Бездакорных адносін.

I поўзае чыноўнае вока па выпакутаваных радах, дзе словы — выяўленыя ў фразах, у літарах: i міласць, i дараванне, i дабро, i зло, i пакуты, i шчаслівы крок лёсу. Расчыненая Кніга Быцця. I чалавечае „я” сціскаецца ад гэтых позіркаў, ад чужой знешняй сілы, бунтуе супраць ахвяравання, супраць парушэння існасных сувязей. I супраць мітуслівага нібыта клопату тых, хто побач, хто перашкаджае існаванню на ўзроўні вышэйшых сутнасцяў. I Чалавек, Творца бяжыць ад усяго, i недзе знікаюць, раструшчваюцца думкі, праекты, ідэі.

Няпростыя адносіны звычайна складваюцца ў творцаў з уладамі (не будзем лічыць „лукавых царедворцев” стваральнікамі сапраўднага). Невыпадкова, мабыць, Міхась Стральцоў меў тую сталую схільнасць да рускай „усадебной культуры’. Яму патрэбны былі незалеж­ная адстароненасць, магчымасць размысліць, быць вольным. Мастакі ці не заўважаюць уладароў, ці бягуць ад ix — калі гэта магчыма. Ці ўваходзяць у канфлікт. Ці адкрыта змагаюцца. Але не будзем перабольшваць. Безліч — тых, хто пакутаваў, хто загінуў, хто пісаў у пекле ці пасля пекла, хто меў творчасць як зямны крыж i як зямное збавенне, хто зведаў здраду i ўціск. Але „спісваць” усё на сацыяльныя варункі — ці то ў часы Мікалая I, ці то пад час сталыпінскіх рэформаў, ці то ў часы сталінізму, ці ў часы так званага застою — таксама вульгарызатарства i спрошчанасць. Прыгонны лад, царскія сатрапы, паўстанні, перавароты i рэвалюцыі, сталінскі ГУЛАГ, брэжнеўскія „ўшчыльніцелі духу” — было. Усё гэта некага змусіла да подзвігаў пяра, некаму прысудам зрабіла духоўную смерць, некаму — зрабіла прымусам немату. Але — былі i заўсёды застануцца — пры ўсіх уладах: i ў самым росквіце эканамічным i палітычным — i чалавечая зайздрасць (досыць заўсёды акуратна i абмежавана здольных Сальеры, i так мала таленавітых, ад Бога — Моцартаў), i пэўныя абставіны лёсу, i цяжкае ўжыванне ў свет чалавека, для якога норма — адыход ад нормы, a ўзлёты мяжуюць з наканаванасцю бездані, урэшце — чалавек — гэта не толькі прыродна-грамадскае існаванне, гэта існаванне самога з сабой, рознага, добрага i злога, высокага i нікчэмнага, прыгожага i страхотлівага, У сваёй неад'емнай залежнасці ад людзей i ў сваёй суцэльнай экзістэнцыі, калі ў самыя роспачныя, цяжкія хвіліны чалавек застаецца сам-насам, i ніхто не можа яму дапамагчы: ні спрыяльныя сацыяльныя абставіны, ні каханне жанчыны, ні прыязнасць сяброў, ні прывілеі службовыя, ні дарункі фартуны. Лёсу. Hi усмешка дзіцяці. Ён сам-насам у сваёй Ладдзі Роспачы (паводле Караткевіча), сам сабе прысуд, сам сабе суддзя, сам сабе выратавальнік. Праз што? Праз вялікае ўзрушэнне. Праз якую драбязу. Праз нейкі патаемны імпульс. Праз... Тут у кожнага сваё. Мне так, прынамсі, здаецца. Але ад гэтага залежыць — здзейсніліся задумы ці не. Спраўдзілася дараванае Богам ці не.

Загадкі. Загадкі... Загадка Багдановіча. Загадка Купалы. За­гадка Стральцова.

Ад людзей розных даводзілася чуць — чаму Міхась Стральцоў напісаў мала? Чаму не пісаў апошнім часам?

Загадку гэтую Міхась Стральцоў панёс з сабой. Але ён збіраўся пісаць. Згадваў. Прыкідваў. Не згубіў ключы ад Сезама. Яго лісты — сведчанне таго. Яго эпісталярная проза. Хаця сумніву, самазнішчэння ў ix — хапае. I роздуму — пра творчасць, пра іншых, пра сябе...

...Неяк Міхась даслаў мне ў Каралішчавічы, у стары Дом творчасці такі ліст. Датаваны 12.08.82.

„Гм, гм!.. Каралішчавічы. Усе мы праходзілі праз ix, як праз эдэмскія вароты, у сваім паляванні па забаронна-салодкую садавіну-пладавіну, якой спакушае нас здзеклівы змій творчасці. І мы, надаткусіў, грашым, a хітры змей-спакушальнік, асляпіўшы i азяліўшы, адно падсоўвае нам яблычкі-зелянухі замест райскіх пладоў ды воўчую ягаду замест блаславёнай смоквы.

Творчага палявання я табе, вядома, вунь як жадаю, а так, у во­льны час, бязлітасна спаганяю аброк з матухны-прыроды ў выглядзе звычайных грыбоў, ягад, дажджоў, вятроў i азону, прагульвай вечарам i ранкам розных там Джэры i Джульбарсаў, мо не перавяліся яшчэ? (I барані цябе бог сябраваць з літаратарамі-п'яніцамі (нават для Сцяпана Задсаравіча [Гаўрусёва] выключэння не рабі, выключэнне — для Мяне), не ўваходзь у кантакты з прыезджымі інжынерамі i забеспячэнцамі з Менскага трактарнага i аўтамабільнага, якія чамусьці маюць звычку там у гэты час адпачываць, успамінай лепш іншым часам мяне, а дзеля гэтага паглядзі, хто жыве ў 14, здаецца, пакоі з верандай (на першым паверсе) — там апошнім часам заўсёды жыў я. Але заходзіць туды не заходзь — крый божа! Духу майго там усё роўна даўно няма, таму i сцены цябе могуць не прызнаць. Не заходзь, каб там нават жыў i настойліва запрашаў Міх[аіл] Навум[авіч] Герчык, празаік — чалавек прыкладны ва ўсіх адносінах i велькі працаўнік.

У Каралішчавічах, гэтым патрыярхальным месцейку, вядома, можна i жыць-пажываць, i працаваць, як, урэшце, у любым месцы, якое не паспела апрыкраць. Мне, напрыклад, не тое што апрыкрала, a звыклася, i адзінае, чым я займаўся ў апошні наезд, гэта шастанне па лесе, а занятак гэты я люблю. Нават калі не знаходзіў грыбоў, дык знаходзіў у якім-небудзь нечаканым месцы ўспамін пра тое пра сёе. <...>

Але, сказаць праўду, калі-нікалі працавалася — ca смяшком душэўным з тых, хто гнаў кожны дзень „норму”, я самога сябе, што рашыўся-заахвоціўся, i, дасць бог, якое-небудзь апавяданнейка дагоніш да канца.

Наогул жа, — не люблю я працаваць; вось абдумваць, бывае, падабаецца, бывае, што думаецца нішто, што як бы расхінаецца на момант далеч, нешта вабіць i зырчыць, — о, гэта харошыя хвіліны! Тут пастка, эйфарыя, ці што, i небяспека палюбіць гэты працэс „парения” больш за пакутлівае „рабочае” набліжэнне да яго: a інакш, без работы, як яго ўтрымаць? Утрымаць можна ў памяці (ці надоўга?) або на паперы. Апошняе — i цяжэй, i ўдзячней, ці не так?

Аповесцейку сваю я колькі разоў губіў тым, што, загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуўшы цалкам, не садзіўся ў час за стол — i перагараў. Вось яшчэ чаму самадысцыпліна ў працы — усё ж вялікая рэч. I справа тут нават не ў тым, можа, каб кожны дзень, як сцвярджаюць каторыя, пісаць, — па-мойму, гэта лухта. Танк, напр[ыклад], кажуць, пракламуе: страляй i галку, i варону — мо — i ў каршука ці арла патрапіш. Можа. Але качак i варон неабавязкова страляць „на паперы’ i неабавязкова ўсенародна прад'яўляць справаздачу аб гэтай стралянше сваёй. Іншая справа змарнаваць па-сапраўднаму творчую хвіліну (а як ты да яе рыхтуешся, справа твая), тут ужо нешта падобна за злачынства перад сабой i на здраду сабе. У мяне, на жаль, многа такіх здрад. Справа, канечне, непадсудная, але, ведаеш, часамі бывае прыкра. Толькі хопіць пра гэта. Пра ўсё гэта мы мала што ве­даем, бо ўсё, сапраўды, у руцэ i волі божай, i нават сказаўшы слова, „нам не дано предугадать...” i г.д.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: