Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Арлоў сваёй творчасцю падцвярджае, што арганічным беларускім пісьменнікам можа быць як выхадзец з вёскі, лексічным, сінтаксічным і стылёвым грунтам для якога з'яўляецца нейкі канкрэтны дыялектны пласт мовы, так і сучасны гараджанін. Яму, праўда, звычайна значна цяжэй даецца непасрэднасць адчування самой стыхіі самабытнага быцця народа, у тым ліку і яго выяўлення ў мове: тое, што вясковаму жыхару пераходзіць ад продкаў у спадчыну ў якасці дармовага, а на самай справе неацэннага і нічым іншым не заменнага скарбу, гараджаніну трэба здабываць нялёгкімі намаганнямі. I патрэбна моцная сіла духу, сапраўдны талент, каб выйсці поўным пераможцам з нялёгкай барацьбы з сабой за сябе самога.
Любоў да Бацькаўшчыны ў Арлова неадлучна ад любові да Слова. Гэтая любоў абуджае да творчасці, кліча шукаць моўныя залацінкі як у жывых дыялектах, так і адраджаць словы ад заўчаснага забыцця, уваскрашаючы іх са старонак помнікаў старабеларускага прыгожага пісьменства.
Прываблівае, што Арлоў не самапаўтараецца, не ідзе па інерцыі па знойдзеных хадах і каляінах, а знаходзіць цікавыя сюжэты, адкрывае новыя характары, афарбоўвае твор своеасаблівым настроем. Перад намі маладая проза ў лепшым разуменні значэння гэтага тэрміну — маладая не толькі ўзростам аўтара і герояў, а душэўнай няўрымслівасцю, пошукам, свежасцю пачуццяў, чысцінёй погляду на свет, бескарыснасцю і высакароднасцю памкненняў.
Арганічна ўпісваючыся ў нацыянальную традыцыю, творчасць Арлова разам з гэтым падключана да пошукаў сучаснай савецкай прозы. Аднак і там і тут яна не эксплуатуе знойдзенага папярэднікамі, а народжана жыццём, станам неспакойнай душы маладога чалавека апошніх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя.
Аўтар імкнецца пазбягаць апісальнасці і бытавізму, якія вельмі часта шкодзяць нашай прозе, стараецца пісаць ёміста і лаканічна, з падтэкстам. У яго апавяданнях значную ролю адыгрывае настрой, які дапамагае кампенсаваць пэўную недагаворанасць у раскрыцці ўзаемаадносін і характараў герояў.
У імкненні бачыць і паказваць чалавека ў тонкіх, захаваных ад чужога вока перажываннях заўважаецца ўнутраная роднасць з творчасцю М. Стральцова, а ў тым, што герой, высаджваючы пасажыра, «выкідвае коніка», пэўны ўплыў В. Шукшына, героі якога таксама дзейнічаюць амаль заўсёды стыхійна і незапраграмавана, быццам знарок насуперак звыклым жыццёвым нормам і правілам. Гаворка ідзе пра апавяданне «Водсвет валошак», якое ўяўляе сабой не спалучэнне дзвюх розных манер, а арганічны сплаў, у якім пераважае не запазычанае, а арганічна сваё па мастацкіх характарах, думках і настроях.
Гэта ж можна сказаць і пра апавяданне «Певень». Аўтар, ідучы ў рэчышчы шукшынскай традыцыі, не эксплуатуе адкрытыя выдатным рускім празаікам характары, сітуацыі і праблемы, а ідзе ад канкрэтнага беларускага жыцця. Адзначым тое, што пры ўсёй парадаксальнасці і камічнасці абмалёванага выпадку не дзеля смеху напісаны гэты твор. Пісьменнік не камізуе знарок характар вясковай бабулькі, а пераканаўча раскрывае душу жывога чалавека ад зямлі, па кантрасце з якім адмалёвана сучаснае гарадское мяшчанства. Ды справа не ў знароклівым супрацьпастаўленні вясковага чалавека гарадскому, а ў сцверджанні чуласці, дабрыні, душэўнай шчодрасці і спагады, якія павінны запанаваць паўсюль, як у горадзе, так і ў вёсцы. Празаік у апавяданні здолеў перадаць саму атмасферу нібы вулей растрывожанага будынка, намаляваць масавыя сцэны. Твор гэты драматургічны, ён можа быць асновай невялікага радыётэлеспектакля, з поспехам чытацца са сцэны.
Праграмным уяўляецца апавяданне «Добры дзень, мая Шыпшына», якое дало назву кнізе. Расказваецца ў ім пра знаёмства беларускага хлопца, гісторыка па прафесіі і прызванні, з літоўскай дзяўчынай, паміж якімі ўзнікае пачуццё кахання.
«Аднойчы ты сказала:
— Каханне — найвышэйшае з усяго, што народжана жыццём.
— Не,— сказаў я.— Любоў да роднай зямлі вышэй». Думка пра грамадскае прызначэнне чалавека, пра яго вернасць высокім ідэалам пранізвае таксама аповесць «I вярталіся мы...», якая, безумоўна, заслугоўвае і патрабуе асобнай разгорнутай гаворкі.
Празаік прамаўляе да нас голасам шчырай любові да чалавека, да зямлі, на якой мы жывём і пра якую ўсе павінны дбаць і клапаціцца.
Яўген Лецка
Певень
Горад ціхамірна спаў салодкім досвітным сном. Спалі чысценькія двары з аднолькавымі арэлямі, пясочніцамі і столікамі для даміно. Снілі штосьці прыемнае высокія гожыя дамы. I самыя лепшыя сны бачыў новы, зграбны і вясёлы, быццам цацка, дзевяціпавярховік з блакітнымі балконамі. Некалькі дзён па яго лесвіцах людзі клапатліва цягалі гарнітуры, тэлевізары і дываны, і цяпер, прытомлены ўлазінамі, дом шчасна спаў, як збеганы за дзень хлапчук.
Але тут прычынілася нешта неверагоднае. Па аксамітавай цішыні летняга світанку, што вялікім сонным возерам разлілася над дзевяціпавярховікам, над усім гэтым новым горадам, дзе не было ніводнага драўлянага дома, па гэтай утульнай цішыні раптам дзесьці паміж зямлёй і небам чыста, з першабытнай звонкай радасцю ўцымбаліў певень. Гром з ясных нябёсаў здаўся б, напэўна, меншым дзівам, чым шчырае адвечнае «ку-ка-рэ-ку-у!», якое выбухнула між вышынных гарадскіх камяніц і імгненняў колькі яшчэ неяк здзіўлена звінела, блукаючы сярод іх.