Вход/Регистрация
Добры дзень, мая Шыпшына
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

У вокнах новага дома мільганула з дзесятак заспаных неўразуменных твараў, а ў адной з кватэр прачнуўся і сеў у ложку, лыпаючы вачыма, лысаваты мужчына. Ён прыгаломшана і няўцямліва паглядзеў па баках і на жонку, якая варочалася ў сне, і, мабыць, падумаўшы, што прыблюзнілася, супакоіўся і лёг. Але не паспеў заснуць, як, здаецца, над самым яго вухам зноў, яшчэ званчэй і пераможней, з зухаўскімі каленцамі прагарлаў певень.

Мужчына раззлавана сунуў ногі ў пантофлі, накінуў халат і выйшаў на балкон.

На двары, што купаўся ў рэдкім прыцемку, не было ні душы. Мужчына паскроб пальцам нос, прамармытаў нешта пагрозлівае пра «даўгагрывых» і хацеў быў вяртацца, аднак яго ўвагу забралі дзіўнаватыя гукі з суседняга балкона. Мужчына з апаскаю перагнуўся цераз перабой і аслупянеў: па суседстве асвойтана і самавіта, па-гаспадарску выпінаючы грудзі, пахаджаў важнецкі чырвоны певень з доўгай зеленавата-чорнай касой і хвацкім пурпуровым грабянём набакір.

— Чорт ведае што! — ачуўшыся ад гэткага відовішча, уголас сказаў мужчына.— Хутка кракадзілаў на балконах трымаць будзем!

...У той жа дзень па доме разнеслася чутка, што ў першым пад'ездзе жыве без клёпкі ў галаве бабулька, у якой на балконе навязаны певень.

Назаўтра певень зноў устурыў суседзяў.

Увечары ля пад'езда сам сабой сабраўся ладны збой жыхароў. Большасць — відаць было па іранічных тварах — пачулі, аб чым гаворка, і спыніліся проста паслухаць ды пасмяяцца. Але былі і настроеныя менш памяркоўна. Вяла рэй мажная, не першай маладосці хімічная бландзінка з чацвёртага паверха.

— Дзве ночы не сплю! — сакатала бландзінка так часта, што заставалася загадкай, як гэта яна паспявае яшчэ і дыхаць.— На адных таблетках трымаюся! Столькі год пашырэння чакалі, і вось табе! Радуйся! Сёння ў тры гадзіны загарлапаніў. А крычыць як! Быццам узмацняльнік у яго там.

— Трэба пісаць! — сказаў нейкі ўмудроны жыццём чалавек.

— Ды ўжо ж, у зубы глядзець не буду! — паабяцала бландзінка.

— Ну што тут кепскага, таварышы? Прачнуцца з пеўнем — гэта ж цу-доў-на! — прымірэнча сказаў малады мужчына ў жоўтай тэнісцы.— Мне, напрыклад, вёска адразу ўспамінаецца, сена, сырадой... Прывыкнем, таварышы, і радавацца будзем, ганарыцца: ні ў кога няма, а ў нас — свой певень. Яшчэ дзякуй бабулі скажам.

Бландзінка змерыла жоўтую тэніску калючым позіркам.

— Вы на сёмым паверсе, можа, і скажаце, а мне хутка не прадыхнуць будзе. Не тое, спаць як людзі,— паветрам падыхаць на балкон не выйдзеш. Цяпер певень, а там, чаго добрага, карову ёй захочацца. Я і ў санстанцыю напішу: хай прыйдуць палюбуюцца.

Акурат тут падышоў ужо знаёмы нам лысаваты мужчына. Збой, што быў развесяліўся, адразу неяк пацішэў.

— Таварышы, таварышы! — паморшчыўся, быццам адкусіў кіслага яблыка, мужчына.— Папрашу не гарачыцца. Не трэба самадзейнасці. Я сам збіраюся зараз зайсці і пагутарыць з грамадзянкай, растлумачыць ёй сітуацыю.

Бландзінка з павагай і надзеяй праводзіла яго вачыма.

Дзверы адчыніла нізенькая, апранутая па-вясковаму і досыць жвавая яшчэ бабка гадоў на шэсцьдзесят з гакам.

— Я да вас,— строга сказаў лысаваты мужчына.

— Заходзь, дзетухна, заходзь,— чамусьці ўзрадавалася, заўсміхалася ўсім сваім круглым маршчыністым тварам гаспадыня.— Добранькі табе дзянёчак.

— Добры дзень,— суха адказаў госць.— Значыць, гэта вы тут жывяце?

— Я, я,— заківала бабка.— Паўлінай мяне завуць. Ды ты праходзь, дзетухна, садзіся.

Мужчына скептычна абвёў вачыма жалезны ложак з нікеляванымі шышачкамі на білцах, высокую нехлямяжую шафу, свойскі стол на тоўстых нагах, зашклёныя асадкі з пажоўклымі фотаздымкамі, альясы на акне і некалькі старамодных фанерных крэслаў з круглымі гнутымі спінкамі.

— Ну, як уладкаваліся? — Ён з асцярогаю апусціўся на адно з крэслаў. Бабка засталася стаяць.

— А до-о-бра, дзетухна. Усё добра. I невысока, ногі мае старыя ўважылі, і сонейка цэлы дзень з хаты не выходзіць. Дзякуй вам, добрыя людзі, ой дзякуй. А было, скажу табе, дзетухна, страхавіта. Ой было-о! Гэта ж як абвясцілі, што зносіць нашыя Лужкі будуць ды той завод будаваць... Авохці мне!..

Госць нецярпліва закруціўся ў рыпучым крэсле.

— Грэх скардзіцца. Дай вам бог здаровейка! I шпалеркамі хораша так выклеена. Гэга ж мо плаціць трэба за шпалеркі, а я і знаць не знаю?

— Не трэба плаціць,— паморшчыўся мужчына.— Вы мяне, здаецца, не за таго прынялі. Я ваш сусед, а да вас, уласна, па пытанні... э-э-э... пеўня.

Бабка Паўліна зніякавела, зацерабіла каструбаватымі пальцамі прыпол спадніцы.

— Шкода ж, дзетухна,— вінавата загаварыла яна.— Самы галасісты на дзярэўні быў. Як запяець-запяець, бывала... Аж памаладзееш.— Бабчын твар прасвятлеў, і на ім увачавідкі паменшала зморшчын і зморшчынак, нібыта яна сапраўды на імгненне памаладзела.— I цяперацькі весялей мне тутака.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: