Вход/Регистрация
Добры дзень, мая Шыпшына
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

— Мне маляваць трэба,— ачуўшыся ад одуму, загаварыў ён.— Атрымаецца з мяне мастак ці не — не галоўнае...— Яго пальцы камячылі палатняны мяшэчак, што ляжаў на каленях.— Галоўнае, каб самім сабой застацца. Разумееце?

— Чаго ж... разумею,— з прыхаваным скепсісам азваўся, заводзячы матор, Лісоўскі.

«Самім сабой — не самім сабой... Арыстоцель... Прасцей трэба быць. А можа, турнулі проста з інстытута, а цяпер байкі баеш...»

Гамонка загасла. Спадарожнік апусціў шкло і падставіў загарэлы твар ветру. Вецер кудлаціў, бэрсаў жарыя валасы, якія на сонцы адлівалі меддзю. Твар асвятляла нейкая ціхая прытоеная радасць.

Лісоўскі пакруціў ручку прыёмніка, зноў знайшоў музыку. Склаўшы губы трубачкай, пачаў падсвістваць, але хутка замаўчаў. Дзесьці глыбока ў душы закволіўся, кальнуў маленькай голкай незразумелы лёгкі неспакой, і разам з ім з'явілася дзіўнае адчуванне, нібы трэба нешта ўспомніць — толькі што?

Ён здзівіўся і не даў веры гэтай змене настрою: нічога ж не здарылася, па-ранейшаму стаяў пагодлівы — ні хмурынкі на небе — жнівеньскі ранак, а за ім — выхадныя з рыбалкай, небыліцамі дзеда Піліпкі... I Лісоўскі адмахнуўся ад недарэчнага неспакою, выгнаў яго, як закінутую ветрам у машыну асу. Ён пстрыкнуў па чырвоным стручку носа кашлатае чарцяня, што матлялася перад лабавым шклом, і бадзёра спытаў:

— Футбол учора глядзеў?

— Глядзеў.

— Маладзец! — Лісоўскаму спадабалася, што пасажыр таксама глядзеў футбол.— Такія гульні прапускаць нельга. А як Курань з вуглавога закруціў, а?

— Ну, малаток.

— Як ты лічыш, бронзу могуць узяць?

— Шанцы ёсць.

— Цяпер трыццатага з армянамі. На сваім гюлі — павінны накідаць.

— Прасцей простага.

— Ану-тка зірнём.— Лісоўскі затармазіў каля дзвюх маладых жанчын з кошыкамі.

Кошыкі былі з каптуром. Наверсе самавіта чырванелі брылькі ладных падасінавікаў.

— Накасілі! — з ухвалай сказаў Лісоўскі і прапанаваў: — Сядайце, падвязём.

— Дойдзем! — весела адазвалася адна з жанчын.— З поўным лёгка.

Паехалі далей.

— Я там каля цесця месца ведаю, абабкаў пасля дажджу — хоць касу закладай. Мы тую восень пятнаццаць літраў паставілі. Зімой бульбачкі адварыш, алею туды, цыбулькі — ідуць, як дахаты.

— Добрыя грыбы,— сказаў пасажыр.

— А бландзінка нішто сабе. Усё на месцы, а? Як ты, стары?

— Нічога.

— То-та. Маеш густ.— Лісоўскі па-прыяцельску торкнуў пасажыра локцем.

— Дык да каго ўсё ж едзеш? Што за сакрэт?

— Ні да кога,— не дужа ахвотна адказаў спадарожнік.— Хачу па тых мясцінах пахадзіць...

— У грыбы, ці што? — уразіўся Лісоўскі. «За сто кіламетраў!.. Дзівак чалавек!»

— Не. Там побач паэт нарадзіўся...— Пасажыр сказаў імя.

— А-а-а... Ведаем, у школе яшчэ вучылі.— Лісоўскі, узрадаваны, што помніць, прачытаў некалькі радкоў на памяць.— Музей паглядзець хочаш?

— Музея пакуль няма. Так, паблукаю... Задума адна ёсць.

— Таксама сакрэт?

— Партрэт яго пісаць буду,— памаўчаўшы, неяк сарамяжліва прамовіў спадарожнік.

— Ясна. Так бы адразу і сказаў, а то цямніш, цямніш...

Лісоўскі зноў пачуў у душы стрэмку таго незразумелага неспакою, і зноў зарупіла яму патрэба нешта прыгадаць — але што? Цяпер ён немаведама чаму чакаў словы пасажыра з насцярогаю. Захацелася перавесці гаворку на што іншае, ды ён насуперак сабе з дзіцячай упартасцю працягваў:

— Партрэт, значыць... Цікава... Заказ?

— Не, для сябе.

Ён раззлаваўся, што спытаў. Рэзка, ажно выцяў палец, тыцнуў у клавіш прыёмніка. Вясёлая рытмічная музыка асеклася. Спадарожнік крыху здзіўлена зірнуў на яго.

Утаймаваўшы прыступ зласлівасці, Лісоўскі з прыкрасцю і непаразуменнем падумаў: «Што гэта, стары, за муха цябе сёння ўкусіла?»

— Глядзіце, глядзіце! — засмяяўшыся, паказаў у акно пасажыр.

Відовішча і сапраўды было пацешнае: водбліз дарогі высокі дзядзька ў кепцы касіў лугавінку; амаль уся яна ўжо ляжала ў роўных пракосах, а ўскрай астатняга лапіка травы стаяў на тонкай назе бусел і, здавалася, умольна пазіраў на чалавека з касой.

Ад таго, што спадарожнік загаварыў пра другое, прыйшла палёгка, але размаўляць больш не цягнула.

Лісоўскі кінуў позірк направа, на кіламетровы слуп: колькі засталося? Краем вока ён змеціў, што пасажыр са строгім задуменным тварам глядзіць уперад і што нібы паглыбелі яго шаравата-блакітныя вочы.

Лісоўскі стаў думаць пра заўтрашнюю рыбалку.

— Нешта ўжо бачу,— нечакана сказаў пасажыр.— Дарога ў жыце — і ён ідзе...

I ад летуценнасці яго твару, ад голасу — усхвалявана-дрогкага і шчырага — неспакой пачаў расці, падымацца трывожнымі хвалямі. То быў ужо не неспакой — штосьці іншае, вялікае і тужлівае, узяло Лісоўскага за сэрца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: