Вход/Регистрация
Добры дзень, мая Шыпшына
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Спадарожнік маўчаў, а насланнё не міналася, Лісоўскі не мог адагнацца ад яго. Гэта было як тая невытлумачальная туга, што зрэдку навальвалася нябачным цяжарам у цяглівыя, з золкай імжой і голымі дрэвамі за акном познявосеньскія вечары, калі знянацку яму ставала нязвычна самотна і шчымліва праглася ці то некуды ехаць, ці то яшчэ чаго... I тады ён ратаваўся, адчыняючы бар...

I нясцерпна, так, нібы там, у душы, нешта сціралася да жывога, муляла Лісоўскаму жаданне ўспомніць тое важнае, у чым, здавалася яму, быў паратунак ад гэтага наслання, ад колкага, пякучага раздражнення, якое нарастала ў ім, а мо і не паратунак, а зусім другое, але ўсё роўна ён павінен быў успомніць, бо ў тым, забытым, была разгадка, было збавенне.

Ляцела пад колы шэрая шаша...

I раптам уваччу ярка, быццам высвечанае сонечным промнем, паўстала даўняе-даўняе, далёкае-далёкае...

Чорныя, з бліскучымі вяршкамі боханы на ручніку — два вялікія і малы, падскробак... Яго маленькая школьная акварэль.

Дазвання забытае, але ж ацалелае вось у таямнічых сховах памяці, нібы ведала памяць, што надыдзе хвіліна, калі яно яшчэ прыдасца, калі без яго будзе немагчыма.

Два вялікія і малы, падскробак, маці заўсёды пякла такі для яго. I збанок з валошкамі... Ад іх на ручніку лёгкі блакітны водсвет...

З-за павароту вынікла нейкая вёска.

Лісоўскі, не разумеючы, што з ім, крута вывернуў на ўзбочыну і ўдарыў па тармазах.

— Тут... заскочыць трэба... да аднаго... — Голас быў глухі і шэрхлы, вочы глядзелі кудысьці ў прастору.

— То я пачакаю?

— Выйдзі! — глуха, як гакнуўшы цяжкай сякерай, выдыхнуў Лісоўскі. Пальцы на абаранцы пабялелі ад напружання.

Вусны пасажыра таргануліся; ён пачырванеў так, што зусім светлымі сталі выгаралыя бровы, разгублена правёў рукой па валасах і выйшаў з машыны. Няўпэўнена выняў з кішэні партманет.

Лісоўскі рыўком зачыніў дзверцы і рвануў з месца...

Віта

На чыстым небе пераможна ззяла вечарніца. Сёння спраўдзілася тое, аб чым ён не дзень і не два марыў, да чаго спакваля рыхтаваўся. Праект дарогі да літаратурнага запаведніка — ягоны! Праект, што спярша аддавалі чалавеку, які з роднай паэзіі ведае ў лепшым выпадку дзесятак радкоў, вызубраных пад прынукай яшчэ па школьнай чытанцы. Нарэшце шэф пачынае разумець, што рэстаўратарам мае права звацца не першы-лепшы дыпламаваны архітэктар, а той. хто жыве ўсім гэтым...

Віктар наўпрост, цераз парк, кіраваўся да прыпынку. Падталая за дзень сцежка падшэрхла і прыемна храбусцела пад нагамі рассыпчастым снегам.

Заўтра за працу... Ён усміхнуўся ад светлага святочнага пачуцця. Больш за ўсё на свеце любіў ён па выхадных заставацца ў хатнім зацішку сам-насам з хвалюючай нерушшу ватману...

Спачатку ён праскочыў міма. Але праз некалькі крокаў малюнак, які вока проста механічна схапіла, быццам фотаапарат, праявіўся, і Віктар убачыў на пакінутай за спіной лаўцы дзяўчыну ў белым з жоўтымі паскамі футэрку, убачыў, што яна адна, што яна плача.

Ён паволі вярнуўся, падняў з долу яе выстылыя пальчаткі і прысеў поруч. Дзяўчына не зварухнулася. Яна скамянела пазірала некуды ў хвоі, дзе бэзавы сакавіцкі прыцемак гусцеў глухой фіялетавай цемрай. Па шчацэ дзяўчыны паўзла празрыстая кропля, і Віктару здалося, што зашклёная свежым лядком лужынка каля лаўкі — гэта наплаканыя слёзы. Ён паспрабаваў жартаваць, аднак дзяўчына, відаць, і не пачула ягоных слоў. Тады Віктар далікатна, але настойліва змусіў яе падняцца, памог азалелым рукам асвойтацца ў кішэнях футра і павёў дзяўчыну на прыпынак. Яна скарылася, не вымавіўшы ні слова; каб не застылая на заплаканым твары балючая адлучанасць, яна выдавала б вялікаю завадной лялькай, што ўмее хадзіць. «Хутчэй за ўсё, няшчаснае каханне»,— паблажліва падумаў Віктар.

У аўтобусе дзяўчына пачала пакрысе ажываць. Прыгожыя карыя вочы, якія дасюль абыякава і невідушча глядзелі ў нікуды, сагрэла кволая цікавасць. Нібы ачуўшыся ад цяжкага сну, дзяўчына правяла прзіркам па аўтобусе, спынілася на Віктары, і ў наступнае імгненне ён зразумеў, што ўсцешыўся перамене дарэмна: тонкія рысы нервовага твару зблажыла грымаса болю, і плечы дзяўчыны затрэсліся ад плачу.

— Ну, супакойцеся, супакойцеся...— разгублена гаварыў Віктар.

Усхліпы і сапраўды сталі радзейшыя. Гэта кранула Віктара, і ён паабяцаў сабе, што з рук на рукі здасць свой нечаканы клопат яе маме.

— Нам на наступным выходзіць,— ціха прамовіла дзяўчына.

«А мая румза на вачах робіць поспехі. Брава-бра-ва!» — Ні ў чым, пачынаючы з жыццёвых дробязяў, ён не любіў сааўтараў.

На вуліцы дзяўчына ўзяла яго пад руку, і Віктару падалося, што прыгода мае ўсе шанцы закончыцца зусім не перадачай румзы яе дарагой мамачцы. Але ў руцэ, якая моцна трымалася за ягоную, было штосьці базабароннае, і ён адпрэчыў здагадкі.

У перадвыхадны дзень вокны дамоў здаваліся больш светлымі і цёплымі, чым звычайна. За імі людзі чакалі некага, вячэралі ці глядзелі тэлевізар, і не верылася, што там можа адбывацца нешта благое. Хтосьці чакаў і яе — каб супакоіць, развесці бяду, напаіць ад прастуды гарачай гарбатай з малінавым варэннем. А ён сёння раней заваліцца спаць, каб заўтра на свежую галаву аддацца працы. У думках Віктар быў ужо на той дарозе сярод гонкіх бароў і ўзараных спадзістых пагоркаў, падобных увесну да вялізных самавітых боханаў хлеба. Там, дзе за павароткаю лес знячэўку расхінаецца, адкрываючы воку зялёныя асмужаныя разлогі, ён паставіць драўляную скульптуру Сейбіта...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: