Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Аб радзiмай старонцы балiць…
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усцiшыцца гэтакi боль…
Ты прабач, Ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!..
Усё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
Ты памятаеш, што Лiтоўская Пагоня — гэта старажытны герб нашай беларускай дзяржавы — Вялiкага Княства Лiтоўскага.
Максiмава «Пагоня» стала адным з беларускiх гiмнаў. Гэты верш павiнен ведаць кожны беларус.
Ля сiняй бухты
Максiм з васемнаццацi гадоў пакутаваў ад сваёй цяжкай хваробы. У лютым 1917 года яго здароўе вельмi пагоршылася. Менскiя сябры выправiлi яго на лекi ў Крым.
У курортным горадзе Ялце ён наняў пакойчык у доме каля мора, расклаў на стале свае паперы. Але Максiмава жыццё дагарала, як свечка.
Вядома, што ў свае апошнiя днi Багдановiч займаўся складаннем буквара цi, як тады казалi, лемантара, каб беларускія дзеці маглі вучыцца на роднай мове.
На самай мяжы жыцця i смерцi слабая паэтава рука вывела апошнiя вершаваныя радкi:
Ў краiне светлай, дзе я ўмiраю,
У белым доме ля сiняй бухты,
Я не самотны, я кнiгу маю
З друкарнi пана Марцiна Кухты.
* * *
Прамiнула шмат дзесяцiгоддзяў, але вершы Максiма Багдановiча не састарэлi. Iмi захапляецца ўсё больш i больш людзей самага рознага веку. Багдановiчавы вершы «Зорка Венера» i «Слуцкiя ткачыхi» сталi народнымi песнямi.
У Менску i ў крымскiм горадзе Мiсхоры стаяць помнiкi Максiму. На ягонай магiле пад кiпарысамi ў Ялце часта бываюць падарожнiкi з Беларусi. Там, дзе скончыўся зямны шлях нашага славутага паэта, заўсёды кветкi i дзесяткi бел-чырвона-белых стужачак, якiя сiмвалiзуюць сцяг незалежнай Беларусi.
У Менску, у Траецкiм прадмесцi, недалёка ад таго месца, дзе нарадзiўся Максiм Багдановiч, створаны яго музей. А ў Ракуцёўшчыне, дзе ён жыў улетку 1911 года, праводзяцца штогадовыя святы паэзii.
Беларусь будзе вечна памятаць свайго генiяльнага паэта.
Пытаннi i заданнi
1. Дзе i калi нарадзiўся Максiм Багдановiч? Раскажы пра яго сям’ю i дзяцiнства.
2. Калi Максiм напiсаў першыя вершы па-беларуску? Адкуль ён ведаў беларускую мову, жывучы ў Расеi?
3. Якая газета першая надрукавала творы Багдановiча?
4. Хто запрасiў Максiма прыехаць у Беларусь? Дзе ён жыў i працаваў?
5. Як называецца першая кнiга Багдановiча? Раскажы пра яе.
6. Вывучы на памяць i прачытай верш «Пагоня».
7. Як ты думаеш, чаму ён стаў адным з беларускіх гімнаў?
8. Раскажы пра апошнiя днi жыцця Максiма.
9. Дзе пахаваны наш выдатны паэт? Чаму каля ягонай магілы заўсёды можна пабачыць бел-чырвона-белыя стужкі?
9. Папрасi сваiх настаўнiкаў цi бацькоў звадзiць цябе ў Літаратурны музей Максiма Багдановiча.
10. Цi ёсць у цябе кнiгi Багдановiча? Калi няма, няхай бацькi абавязкова купяць iх.
Беларускае Адраджэнне
Людзей, што служылi Айчыне гэтаксама аддана i гераiчна, як Максiм Багдановiч, на пачатку XX стагоддзя было вельмi шмат. Яны мелi розныя таленты i прафесii, але iх аб’ядноўвала вера ў тое, што Беларусь вызвалiцца ад чужой расейскай улады i будзе незалежнай дзяржавай. Дзякуючы iхняй працы друкавалiся беларускiя кнiгi i газеты, адчынялiся тэатры, стваралiся беларускiя партыi. Беларусы хацелi быць сапраўднымi гаспадарамi на сваёй зямлi. Той час нашай гiсторыi называецца Беларускiм Адраджэннем.
Браты Луцкевiчы
Аднымi з першых за беларускую незалежнасць пачалi змагацца браты Iван i Антон Луцкевiчы, што нарадзiлiся ў сям’i паўстанца 1863 года. У юначыя гады яны чыталi кнiгi Францiшка Багушэвiча i Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, якi быў бацькавым знаёмым i таксама ўдзельнiчаў у паўстаннi Кастуся Калiноўскага. Гэтыя кнiгi пераканалi братоў, што iхняя радзiма не Расея цi Польшча, а Беларусь.
Iван i маладзейшы Антон навучалiся ў Менскай гiмназii. Потым браты вучылiся ў некалькiх унiверсiтэтах i атрымалi добрую адукацыю.