Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Нарэшце мы знайшлі два дамкі, дзе яшчэ нядаўна хтосьці жыў, і таму іх не паспелі ператварыць у будучую археалагічную галаваломку. Мы з Генікам, Бугром, Чарніловічам і рудым, як іржавая бляха, Джонам Галяком скінулі заплечнікі там, дзе на падлозе сіратліва ляжаў агульны сшытак з перапісанымі акуратным дзявочым почыркам песнямі, першая з якіх называлася «Полюбила заключенного». Хлопцы пацягнуліся ў краму, а я на выпадак, відаць, усё ж такі непазбежных кантактаў з тутэйшым жыхарствам наважыўся бліжэй пазнаёміцца з яго фальклорам і разгарнуў спеўнік:
На равнине широкой
Стоит крест деревянный.
Его девушка нежно
Прижимает к груди,
А за ней, как икона,
Там запретная зона,
И, как свечку у гроба,
Часовой на посту...
Мы бежали с тобой
Зеленеющим маем,
Когда тундра надела
Свой роскошный наряд...
Немаведама якой віхураю занесла сюды два вершы Ясеніна і адзін - Арсенія Таркоўскага, ад якіх, быццам ад галінкі язміну ў набітым потнымі целамі агульным вагоне, на момант павеяла свежасцю. Далей ішла рарытэтная, амаль спрэс нецэнзурная песня пра тое, як бацька меў трох сыноў, прычым трэці быў гермафрадыт. Я перагарнуў яшчэ старонку. Побач з даволі прафесійным малюнкам таго, што сексолагі таямніча называюць кейраю, тым самым круглявым почыркам уседлівай васьмікласніцы было выведзена:
Может, фраер в галстучке атласном
Вас сейчас целует у ворот...
Засвоіць ілюстраваны тэкст далей я не паспеў, бо знадворку разлегліся такія вусцішныя ці, дакладней, велічныя мацюкі, што ў параўнанні з імі нецэнзурны дрыблінг Рэпіна-дацэнта выглядаў, як пяціпавярховая хрушчоба побач з нью-йоркскім хмарачосам.
Не было сумневу, што тырады, геніяльна складзеныя амаль выключна з ненарматыўных лексемаў, належаць жаночаму голасу. Сэнс палымянай філіпікі, аздобленай абяцанкамі нешта адкусіць, адкруціць і адпілаваць па кавалачку, зводзіўся да таго, што я ўварваўся на чужую тэрыторыю.
Услед за ўдарам нагой дзверы адчыніліся, і на парозе я ўбачыў зусім не карготу са з'едзеным пранцамі носам, а зацягнутую ў зашмальцаваныя джынсы танклявую бландзінку гадоў на дваццаць, якую і сёння ўлучыў бы ў дзесятку самых гожых істотаў жаночага стану, сустрэтых за свае цяперашнія ўжо сорак.
Угледзеўшы сшытак з песнямі, таежная прыгажуня вырвала яго ў мяне з рук і выплюнула проста ў твар вытанчаную кулінарную фантазію на тэму яечні з адпаведных частак майго цела.
«Ты што?» - вырвалася ў мяне. І тут прычынілася малаверагоднае: чароўная мацюкальніца залілася чырванню такой кансістэнцыі, што барвы, здавалася, хапіла ёй і на невялікія мячыкі вызваленых ад станіка грудзей пад лёгкай майкай, і на выштукаваныя нібыта па лякалу клубы, і на даўгія ножкі ў кітайскіх кедах. Працяг атрымаўся гэткі ж неспадзяваны: бландзінка імпэтна павярнулася і кінулася прэч, але яўна не па падмогу.
«Ёсць першы кантакт!» - падумаў я і з ціхім жахам адчуў, у якое пекла ператворыцца нашае жыццё, калі ўсе хіміцы Ягаднага акажуцца падобныя да першай візітанткі.
Увечары Генік узяў аркушык паперы, падзяліў яго рыскаю на дзве часткі і зверху кожнае паставіў + і -. Мінусы былі пералічаныя капітанам спецкамендатуры. Плюсаў набралася два: адсутнасць гнюсу, які, у адрозненне ад нізіннага Бл. Яра, тут збівала ветрам назад у тайгу, і прысутнасць у Ягадным жаночага будатрада «Amazonki» з Томскага ўніверсітэта. Амазонкі таксама жылі ў «хімкомплексе». «Трыццаць тры бабцы, гэта, я вам скажу, не сесію спіхнуць...» - задуменна прамовіў Дж. Галяк. «Я балдзею...» - прыгаломшана азваўся калега Чарніловіч. Генік ні з пушчы ні з поля паведаміў, нібыта антычныя амазонкі, каб лацвей было прыкладвацца да лука, выразалі сабе ці то левую, ці то правую грудку. «Мы гэтага не дапусцім», - адлучана растуліў вусны Бугор, які ўжо паспеў прыняць пару шклянак партвейну, і ў нашым жытле запала стоена-летуценнае маўчанне.
Як паказалі бліжэйшыя дні, атрад «Amazonki» мала нагадваў запаведнік непалоханых нявінніц.
Па-першае, там меўся «амазон» - «цяжкі» падлетак Віця, старшакласнік адной з томскіх школ, апошнім подзвігам якога, паводле чутак, была саляная кіслата, прадбачліва налітая на крэсла, куды грацыёзна апусціла сваю попку ў тонкай міні-сукеначцы юная настаўніца біялогіі. У СБА Віця сапраўды пачаў новае жыццё. Як з адценнем законнага абурэння пагаворвалі шэраговыя амазонкі, першая выхаваннем падлетка грунтоўна занялася камандзірка атрада Аляўціна - рослая фігурыстая дзеўка, што да ВНУ паспела паслужыць у савецкай арміі радысткай. У абдымках у другой па ліку выхавацелькі, камісаркі атрада пампушкі Ноны, Віця, здавалася, мог адно адпачываць.
У нас з амазонкамі таксама склаліся сякія-такія адносіны. У мяне яны спярша склаліся з будучым педагогам-матэматыкам Ленай, якую сяброўкі звалі Элен. Я абдымаў яе на лавачцы каля сталоўкі, а яна, ахутаўшыся цыгарэтным дымам, апавядала, што ў яе ў радні вадзіліся шведы. У Эленіным абліччы сапраўды прысутнічала штосьці скандынаўскае: роўныя льняныя валасы да сярэдзіны таго месца, на якім атрымала кіслотны апёк гаротная Віцева выкладчыца; ромбападобны твар, ад якога цягнула халаднаватым ветрыкам; гэткія ж, з марскім халадком, светла-шэрыя вочы, што нязменна захоўвалі санлівую абыякавасць, калі я спрабаваў ёй расказваць пра Беларусь, і адразу прачыналіся, як загаворваў пра віленскія начныя рэстарацыі, у прыватнасці пра «Дайнаву», дзе ў тыя часы стары Шабаняўскас (той самы, чый голас даносіцца з рэпрадуктара ў рамане Ёнаса Авіжуса «Страчаны прытулак»), яшчэ спяваў аб прыгажуні Эліт, якую носяць па свеце «цуда-ножкі», і жанчыны ўскоквалі з-за столікаў і дарылі сівому маэстра чырвоныя ружы.
Не ўважаючы на застрашлівае папярэджанне спецкамендатуры, мы з Элен вечарамі купаліся ў кар'ерах, збіваючы магчымых забойцаў з панталыку тым, што кожны дзень выбіралі новы. Ці трэба ўдакладняць, што мы адважваліся не толькі на гэта? Рассціланне на беразе кар'ера шырокага махровага ручніка напраўду вымагала адвагі, бо дым вогнішча зусім не з'яўляўся радыкальным антыкамарыным сродкам. Аднак укусы прыпякалі ўжо дома, а з водных працэдур мы вярталіся сцішаныя і лагодныя. У падлеску валтузіліся бурундукі ці якія іншыя дробныя звярынкі, па-над вершалінамі лістоўніц запальваліся першыя зоркі, але пад нагамі яшчэ можна было закмеціць неверагодна буйныя чарніцы, і нашыя вусны былі чорна-сінія, як у здаволеных вампіраў. «Ты знаешь, как будет по-белорусски звезда?» - сентыментальна пытаўся я. Яна ленавата маўчала, і адказваць даводзілася самому: «Зорка». «А любовь, знаешь, как?» - не здаваўся я. «Не-а», - цягнула Элен. «Каханне». «Не может быть», - бескалёрным голасам адгукалася мая спадарожніца, хаваючы позех чоўнікам вузкай далоні.