Вход/Регистрация
Рэквіем для бензапілы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Юра ўпіваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калі ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, «філосаф» не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, пераміргнуўшыся з гаспадаром, вёў Ірку ў другі пакой ці ў кухню, а на вуліцы - заводзіў у бліжэйшы пад'езд і, расшпіліўшы на джынсах маланку, нагінаў Ірчыну галаву.

Улетку, калі, паводле шчасліва-бесклапотнага зімовага плана, Ірына мела здаваць іспыты на філалагічны факультэт, абмежаваная адно межамі ўласнае фантазіі ўлада над дзяўчом конча набіла Юру аскоміну і ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго «сабачку» выгнаў на вуліцу, уручыўшы «на обзаведение хозяйством» 10 рублёў 50 капеек і клетку з чыюкам. На адвітанне Ірына яшчэ мусіла заняцца з філосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.

Я слухаў і намагаўся ўявіць, як папярэдніца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хіміцы, ленінградская дзяўчынка Іра, без пяці хвілін медалістка, чытала на пасяджэннях літаратурнай студыі свае верлібры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў і называла антыпаэтычным верш аднакласніка «Девочки на танцах», дзе былі радкі: «Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно».

На вуліцы Ірку падабраў Жора на мянушку Кот, які меў жывое і карае левае вока і шкляное і блакітнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовію (недзе там у халодным месяцавым святле сябры і прайгралі ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавілі Ката ў адносінах з жанчынамі ўсякай абыходлівасці, і самым ласкавым, што чула Ірка перад хвілінамі блізкасці, былі адрывістыя загады накшталт «Ложись!» або «В стойку!». Калі Жору забралі трэці раз, яна праходзіла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на «хімію», дзе і занялася складаннем спеўніка, што трапіў да маіх рук у дзень прыезду.

Калі Ірка замаўчала,на плыўнай рачной лукавіне паказалася лава сплаўнога лесу, аднак цяпер я не ўспамінаў дзеда Максіма. Я глядзеў на тонкія Ірчыны шчыкалаткі і прыцэўкі, думаў, наколькі яна прыгажэйшая за маленькую Віку, і не верыў ні ў Жору-Ката, ні ў філосафа Юру, што мог завесці яе на Ліцейным у першы-лепшы пад'езд і расшпіліць на сваіх джынсах маланку. У закутку душы шкрэблася спадзяванне, што ўсё гэта з разраду туфты, якой кармілі нас прыблатнёныя ягаднінскія падлеткі.

«Ты знаешь, я не верю», - неяк па-дзяцінаму разгублена прамовіў я, каб штосьці сказаць. Ірчын твар пабіла чырвонымі плямамі, і яна рванула на галаву маечку з алімпійскімі кольцамі. «А вот это видал?»

Пасля таго я доўга баяўся зірнуць у яркім святле на аголеныя жаночыя грудзі, бо бачыў мала чаго страшнейшага за маладую грудку, спрэс пакрытую густой мёртва-сіняю татуіроўкай.

«А теперь все! Уё...й!
– раз'юшана працадзіла Ірка.
– Понял? Уе...й!» Ці то ад непатушанага недакурка, ці то ад самой Ірчынае лютасці пад нагамі ў яе пачало тлець шыгавінне. Яна ўскочыла, і з яе яшчэ свежых чарэшневых вуснаў пасыпалася такое, што маім вушам закарцела скруціцца ў трубачкі, а галаве - ушрубавацца ў плечы і яшчэ далей, каб схавацца дзе-небудзь на дне страўніка.

Сцежка вяла мяне прэч, а ў патыліцу павутамі ўпіваліся набрынялыя нянавісцю словы, сярод якіх «уё...й!» было ці не самым цнатлівым і чыстым.

Прысмак якойсьці зробленай на цёплым камяні над ракою памылкі не пакідаў мяне ўвесь наступны тыдзень. Магчыма, гэтае няўтульнае пачуванне падтрымліваў нарад на будаўніцтва пяці тыпавых драўляных прыбіральняў. Нам з Генікам выпала капаць ямы ды збіваць седалы з «ачкамі». Пачаўшы з элементарнага класічнага ромба, мы спакваля асвоілі сэрца, а пад канец з дапамогаю нажоўкі і долата быў народжаны шэдэўр у выглядзе пяціканцовай зоркі.

(Праз паўгода, калі нас пацягнуць за самвыдавецкія альманахі - рукапісны наваполацкі «Блакітны ліхтар» і нашу машынапісную родную гістфакаўскую «Мілавіцу», - маёр КДБ пад час прафілактычнае размовы будзе казаць: «Не думайте вилять хвостом. О вас нам известно решительно все. Например, ваши стройотрядовские, так сказать, туалетные художества. В своем националистическом угаре вы дошли до изощренного надругательства над пятиконечной ленинской звездой». Я паспрабую рэабілітавацца, называючы сціплыя дасягненні ў выпілоўванні бяскрыўдным жартам, ды эфект атрымаецца адваротны. «Значит, кто-то спускает штаны, делает в дорогой каждому советскому человеку символ, и это, как вы выражаетесь, «жарт»?» «Гэта даўні салярны сымболь, - буду бараніцца я.
– Яшчэ старажытныя індыйцы...» «Можете рассказывать это своим «старажытным» индийцам». «Свастыка, між іншым, таксама сымболь сонца», - неабачліва вырвецца ў мяне, і я нарвуся на ледзяное пракурорскае пытанне: «Почему же вы в таком случае не вырезали свастику?») Наш расквечаны сякімі-такімі прыгодамі, але збольшага ўпарадкаваны побыт зрабіў рэзкі паварот, калі празаік Джон Галяк скінуў з сябе дрымоту і нечаканым манеўрам адбіў у начальніка будупраўлення, якому мы падпарадкоўваліся, цёмненькую амазонку Святланку.

Калі вы ніколі не рамантавалі вузкакалеек, забіваючы за дзень у спружыністыя шпалы па пяцьсот кастылёў, вам цяжка будзе даўмецца, чаму мы з такой тугою прыгадвалі сытае вуркатанне бетонамяшалкі і глыбокія ношкі з рошчынаю ці з пірамідаю цэглы. Заставалася суцяшацца тым, што ў любой сітуацыі прысутнічае і станоўчы момант.

Таежная вузкакалейка дапамагла ранняму мне больш глыбока адчуць і спасцігнуць ранняга Ўладзіміра Караткевіча, якога я тады адкрываў дзякуючы Геніку - першаму на маім шляху гарадскому чалавеку, што гаварыў па-беларуску не на сцэне і не з тэлеэкрана.

Згадзіцеся: чытаць баладу «Паўлюк Багрым», адлежваючы бакі на панцырным інтэрнатаўскім ложку і смокчучы з рыльца «лідскае» або «жыгулёўскае» - гэта адно, а разгарнуць кніжку ў кароткі перакур, калі ад відна да відна махаеш з-за пляча кувалдай, цаляючы па натурыстых кастылях, - зусім іншае, і здаецца, што гэта якраз пра цябе:

А ў краіне так цяжка

(Асіны ад ганьбы палаюць),

І над ёй фанабэрыцца

П'яны, разбэшчаны гун.

Як пры князю Ўсяславе -

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: