Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

У кінатэатры ішоў адзін са страшэнна папулярных у жыхароў нашага горада індыйскіх фільмаў, але сеанс быў дзённы, і мы выгодна ўладкаваліся на першых радах напалову запоўненай залі. Як толькі кінагероі пачалі цалавацца, чацвёртакласнік Ваня жыццярадасна галёкнуў: «Глядзіце, сасуцца!» Білецёрка паклікала дзяжурнага пажарніка, які выгнаў крыкуна, а заадно і ўсю нашую брацію на вуліцу. У дзвярах я азірнуўся: на пустым заднім радзе сядзела Ларыса з Окаркам.

Першага верасня нас заместа заняткаў зноў на два тыдні завезлі ў вёску капаць бульбу. На полі класны першым чынам праверыў у «гусей» вёдры. Гэтым разам абышлося без вынаходак, аднак неўзабаве бабуля, у якой жылі Окарак і кампанія, абвясціла, што тыя ўкралі ў яе з шафы пятнаццаць рублёў і бутэльку віна, і «гусей» адправілі дахаты. Я тужыў па сваёй Галі і ціха зайздросціў Юрку, які цягаў Ларысе вёдры, прыносіў ёй з чужых садоў салодкія грушы і збіраў на ўзлеску каля бульбянішча ліловыя букецікі верасу.

Гэтая ідылія мусіла мець працяг. Калі мы вярнуліся ў горад, Юрка раскрыў карты: у суботу бацькі з'едуць на летнік, і Ларыса прыйдзе да яго на пляшку віна, што ўжо чакае іх у вядомай мне схоўцы. У мяне Юрка папрасіў транзістар «Акіян», каб злавіць музычны выпуск «Голасу Амерыкі».

З той суботы ў Юркавым лёсе і загучала трагічная нота. Раніцою пасля дня «X» я патэлефанаваў яму, але, пачуўшы мой голас, Юрка паклаў трубку і больш не адгукаўся. Я падумаў, што Ларыса яшчэ ў яго, і вырашыў пакінуць сябра сам-насам з новымі пачуццямі і перажываннямі.

У панядзелак ягонае месца ў класе засталося пустое. Што прычынілася, калі ён павінен быў «да канца быць мужчынам», я даведаўся на лавачцы каля Дзвіны толькі праз тыдзень. Усе тыя дні Юрка адседжваўся дома і не падыходзіў да тэлефона. Юркавы вочы праваліліся, а нос завастрыўся і зрабіўся падобны да дзюбы грака-альбіноса. Памятаю, што ўсе здагадкі круціліся ў маёй наіўнай галаве вакол дзвюх асноўных версіяў: імпатэнцыя і брыдкая хвароба. Насамрэч, здарылася зусім іншае.

Чакаючы ў тую суботу Ларысу, ён зрабіў вусцішнае адкрыццё: схоўка за цёмна-зялёнымі тамамі «Сусветнай гісторыі» была пустая. Хтосьці з бацькоў знайшоў пляшку і захапіў яе на летнік. Грошай на яшчэ адну ў Юркі не хапіла. Гонар не дазволіў яму ні адчыніць Ларысе дзверы, ні з'явіцца ў класе. Калі Юрка апавядаў пра гэта, яго калаціла як у ліхаманцы. Мяне дасюль здзіўляе, што ён наогул здолеў расказаць пра сваю драму.

Я не прыдумаў нічога лепшага, чым засмяяцца і сказаць, што людзей з такім самалюбствам, напэўна, адзін на мільён. Гэта аказалася жудаснай памылкаю, хоць, далібог, я і сёння не ведаю, як павінен быў паводзіцца.

Там, на нашай лавачцы над ракой, я гаварыў яшчэ нешта - што Ларыса ўсё зразумее, што ён, Юрка, выключны чалавек, што я веру ў іх каханне і нашае сяброўства. Сустрэўшыся з ім вачыма, я здрыгануўся: ягоны твар зрабіўся мёртвай пагардлівай маскай. Юрка падняўся і, злёгку пакланіўшыся мне, прамовіў: «Вы свободны, сударь». Я і зараз бачу, як ён, рослы і сутулы, з паднятым каўняром брунатнага плашча, брыдзе па беразе ў сутонне, назаўсёды аддаляючыся ад мяне, і за ім бяжыць абчапляны ваўчкамі здзічэлы белы дварняк.

Пасля выхадных класны паведаміў, што бацькі перавялі Весялова ў іншую школу.

Потым мы сустракаліся адно выпадкова і ніколі не размаўлялі. Дый што я мог яму сказаць? Што Ларыса «ходзіць», як гэта тады называлася, з Окаркам і што ён заняў у класе Юркава месца каля сярэдняга вакна? Альбо што неяк мы гулялі з Окаркам у настольны тэніс і, застаўшыся з ім адзін на адзін, я з халадком нянавісці пад сэрцам удавана абыякавым тонам запытаўся, што ў яго з Жылкінай, а ён з нахабным спакоем, дапытліва пазіраючы мне ў вочы і расцягваючы словы, адказаў:

«Е...сь... Нае...сь и выкину. А хошь - тебе отдам».

За такі адказ трэба было кінуцца на Окарка з кулакамі, але я ведаў, што ён паўсюль ходзіць з ножычкам. Другі «гусь», Ігар Гарачоў, той самы, што хварэў у восьмым класе на ганарэю і пасадзіў настаўніка працы на цвік, ужо сядзеў за групавое згвалтаванне саракагадовай жанчыны са шклозавода, якую гвалтаўнікі, такія ж падлеткі, як Ігар, злавілі перад начной зменай і, заклеіўшы рот пластырам, зацягнулі ў будаўнічую бытоўку. На судзе ён трымаўся героем і адмовіўся прызнаць сябе вінаватым на той падставе, што нічога не рабіў, а ўсяго толькі трымаў «цётку» за нагу.

У красавіку ў Ларысы нарадзіўся дзіцёнак. У нашай школе гэта быў другі выпадак. Летась дзесяцікласніца Ірка Кляпацкая нарадзіла маленькага япончыка ад кагосьці з замежцаў, што наладжвалі абсталяванне на нафтаперапрацоўчым заводзе. Мая Галя сказала, што дзіця ў Ларысы атрымалася сямімесячнае і што, як ні дзіўна, гэта якраз добра, прынамсі, значна лепей, чым калі б яно прыйшло на свет на месяц пазней.

У адрозненне ад Іркі, якая ўжо ў радзільні адмовілася ад малога і здавала з аднакласнікамі выпускныя экзамены, Ларыса пакінула дзіця сабе і ў школу не вярнулася. Пад час экзаменаў яе можна было ўбачыць з каляскаю ў парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя «Великого Октября». Шчаслівы татуля тады ўжо цягнуў тэрмін, бо аднаго разу ў традыцыйнай суботняй бойцы пад таполямі каля танцпляцоўкі пусціў у ход свой ножык, але не патрапіў уцячы ад міліцэйскага нарада. Калі я сустракаў Ларысу з малым, мне заўсёды думалася, што яе сын вырасце, парэжа каго-небудзь ножычкам і ўслед за бацькам пойдзе на зону.

Далейшыя звесткі пра Юрку Весялова не вылучаюцца паўнатой.

Ён таксама вучыўся ў Менску, аднак не на журналістыцы ва ўніверсітэце, як марыў, а чамусьці ў політэхнічным на архітэктуры, і мы не бачыліся. Адзіным выключэннем стаўся той раз, калі я адносіў Юрку перададзеныя з дому грошы.

Усе ложкі ў Юркавым інтэрнатаўскім пакоі былі занятыя: на чатырох спалі апранутыя хлопцы, а на пятым, абняўшыся, як кацяняты, - зусім голы Юрка і гэткая ж голая рудая дзяўчына настолькі вульгарнага выгляду, што яе адразу хацелася назваць бабай. На засланым газетамі стале сумавалі дзве патэльні з застылым тлушчам і тры ці чатыры пустыя гарэлачныя пляшкі. Мне ўдалося раскатурхаць Юрку, а яму - нейкім дзівам, нягледзячы на маладую бараду, пазнаць мяне. Ледзьве варочаючы языком, ён растлумачыў, што сёння свята - дзень птушак, і, не падымаючыся з ложка, паказаў пальцам на насценны каляндар юнага натураліста. Ягоная сяброўка перавярнулася ў сне на другі бок, і толькі тады, з цяжкасцю злавіўшы мой позірк, Юрка пагладзіў яе па белым азадку і прыкрыў той разам з астатнімі пышнымі вабнотамі коўдраю. «А табе - во!» - тыцнуў ён мне пад нос дулю і палез пад коўдру сам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: