Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Перад адыходам я паспеў заўважыць, што адзін з Юркавых суседзяў не проста спаў, а быў моцна прытарочаны да ложка вяроўкаю. Распускаць марскія вузлы я на ўсякі выпадак не стаў.
Тады я вёў дзённік, дзе ўражанні ад гэтага новага Юркі ўвасобіліся ў вобразе (думаю, не надта ўдалым і дакладным) зламанага гадзінніка.
Напэўна, каляндар юнага натураліста, паводле якога жыў Юркаў пакой, меў шмат святаў, бо праз нейкі час да мяне дайшла чутка, што, ратуючыся ад выключэння, Юрка ўзяў акадэмічны адпачынак.
Жыццё ўжо даўно круціла нас па такіх далёкіх арбітах, што, атрымаўшы на апошнім курсе ліст з вайсковым штэмпелем, я хутчэй паверыў бы ў тое, што пра маю персону ўспомніў раптам сам міністр абароны, чым у тое, быццам мне можа напісаць Юрка Весялоў.
Штэмпель быў маскоўскі, але ліст прыйшоў з Афганістана.
Можна здагадвацца, у якіх шчамлётках адзіноты і безнадзейнасці апынуўся Юрка, калі - і гэта з ягоным характарам - называў мяне ў лісце адзіным сябрам.
Палова тэксту на двух лістках з вучнёўскага сшытка ў кратку засталася пад беспрасветным цэнзарскім атрамантам. Найбольш істотным у ацалелай частцы была згадка пра Валерку Акаркова. Юрка пісаў, што, калі яму давялося ўпершыню страляць у афганца, ён уявіў перад сабой Окарка.
Мяне дагэтуль кусае сумленне: чаму не адказаў Юрку? Можна ж было напісаць у Афганістан і прамаўчаўшы пра Окаркава вяртанне з зоны, як і пра тое, што ён жыў у Ларысы, пакуль праз пару месяцаў зноў не паехаў пад канвоем кудысьці ў Мардовію, пасля чаго Ларыса скруцілася з падазроным тыпам з Задзвіння і ўзялася гандляваць каля Палаца культуры шклозавода півам.
Больш салдацкіх лістоў - ні з маскоўскім, ні з якім іншым штэмпелем - мне не прыходзіла.
Фінал гэтае гісторыі я магу аднавіць толькі са слоў кліўлендца з двума адарванымі пальцамі, таму мая спроба будзе непазбежна пазначаная пячаткаю суб'ектывізму. Але ўяўленне малюе апошнія Юркавы хвіліны настолькі выразна, што я наважваюся выкласці сваю версію на паперы. (Відаць, тут прысутнічае і эгаістычнае імкненне пазбыцца сіндрому бензапілы, бо пасля вечара ў Кліўлендзе я не здольны спакойна чуць яе гук, і лепей не ўспамінаць, што чынілася са мною, калі днямі ў нашым двары спускалі стары бераст.)
Заплюшчыўшы вочы, я бачу вечаровую горную цясніну ў ваколіцах Герата. Бой адгрымеў зусім нядаўна, і ў паветры яшчэ стаіць пах парахавога дыму. Юрка з туга скручанымі рукамі ляжыць на спіне ў фіялетавым ценю вострай двухгаловай скалы, падобнай да раскрытай драпежнай глюгі. У ногі яму ўпіваецца тонкі шнур, хоць ні бегчы, ні нават паўзці з раздробленай галёнкаю немагчыма.
Стамлёны, з гарачымі вуглямі гагатавых вачэй камандзір афганскіх партызанаў ведае цану кожнаму слову і растуляе вусны не болей пяці разоў. «Жыць хочэш - бэры іслам», - грэбліва перакладае тлумач. Юрка не адказвае, гледзячы ў выцвілае ад спёкі неба, дзе, быццам зрэнка неабдымнага абыякавага вока, плавае сокал.
Камандзір загаворвае зноў, але цяпер тлумач маўчыць, і пад скалою пульсуе чаканне непазбежнасці. Да Юркі кідаецца малады партызан у брудным зялёным турбане, з-пад якога вочы бліскаюць нетутэйшым валошкавым блакітам. «Соглашайся, Веселов, слышь, соглашайся...
– захлынаючыся і глытаючы словы, шэпча ён.
– Я обрезался, и ничего... Кормежка нормальная... бабы есть такие... закачаешься...» Юрка пазнае сяржанта з іхняе роты, што прапаў пад час акцыі ў мінулым месяцы. Той, яшчэ больш прыцішыўшы голас і палахліва касавурачыся на камандзіра, угаворвае: «А там, слышь, через Пакистан на Запад мотанем... Блядь буду... Не боись... Не мы первые, не мы последние... Х...ня этот ихний ислам...»
Юрка маўчыць. Магчыма, ён бачыць Дзвіну і нашае падарожжа пад мостам. Магчыма, збірае Ларысе букецік верасу. А можа, гледзячы на афганцаў, узгадвае Окарка...
Але - найверагодней - бязлітасны боль у назе не дае яму засяродзіцца ні на чым, і, прагнучы як мага хутчэй праваліцца ў ратавальную непрытомнасць, ён проста няўцямна глядзіць, як высокі сухарлявы афганец акуратна надзявае даўгі скураны фартух, і да астатняга моманту не разумее, навошта той заводзіць трафейную бензапілу...
Мой знаёмы забойца Сяргей
У празрысты, з лёгкай смужынкаю дзень бабінага лета мы сядзелі на адкрытай тэрасе «Буслоў» і для старонняга вока выглядалі як двое даўніх сяброў, што вырашылі прысвяціць свой вольны дзень малдаўскаму кабернэ. Аднак напраўду мы былі ледзьве знаёмыя, дый знаёмства наша мела своеасаблівы прысмак, бо адзін некалі быў блізкі з жонкаю другога, а другі яе дзіка і страшна забіў.
Трэба, вядома, удакладніць, што здарылася гэта не ўчора і не на мінулым тыдні, а гады праз тры пасля майго з Лінай першага спаткання, якое звяло нас у нейкай душнай летняй кватэры з пыльнымі шторамі, спаткання, што расчаравала мяне, а яшчэ верагодней - нас абаіх, і таму засталося адзіным.
Сяргей забіў Ліну за доўгі і п'яны раман з іншым чалавекам, які назаўтра ж зачыніў кватэру на замок і назаўсёды знік з горада. Лініна маці выступіла на судзе ў абарону забойцы і прасіла зменшыць яму тэрмін.
У тыя часы Сяргей іграў на гітары ў рэстаранным ансамблі. Я глядзеў на ягоныя даўгія музыкальныя пальцы і марна намагаўся ўявіць, як яны сціскалі Лініна горла, білі яе галаву аб край ванны, а потым тапілі гэтую галаву ў гарачай вадзе.
Ён вярнуўся толькі ўчора, і я аказаўся першым сустрэчным з той часткі ягонага жыцця, што завяршылася ў ванным пакоі. Мы сутыкнуліся каля газетнага шапіка насупроць «Буслоў», і, як ні дзіўна, нягледзячы на пяць гадоў і на зусім кароткі сівы вожык, я пазнаў яго і без ваганняў згадзіўся пасядзець у кавярні. Мяне вяла, вядома, і прафесійная цікавасць, але і нешта больш істотнае, што не адразу паддаецца асэнсаванню.