Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Тут кароль упершыню загаварыў да жанчыны:

– Дарагая, распарадзіся падаваць гарачае.

Жаравалосая паднялася і прайшла па залі, пакінуўшы ручаінку пахаў вытанчанай парфумы. Гаспадыня цудоўных валасоў аказалася і гаспадыняю цудоўнай постаці, вабноты якой падкрэслівала шчыгульная сукенка з зялёнага адамашку.

– Я не пачуў твайго адказу, - павярнуўся кароль да пісьменніка, позірк якога яшчэ праводзіў крутыя клубы жаравалосай і яе перацягнутую залатым паскам талію балерыны.

Але жанчына зноў з'явілася ў залі, і ўслед двое пахолкаў урачыста ўнеслі і паставілі на стол вялізны срэбны спод з барановай смажанкаю пад чарнаслівам.

– Твой адказ...- нагадаў кароль, накладаючы сабе бараніны. У ягоных вачах запалілася шчырая ўсцеха гурмана.
– Настойліва рэкамендую. Гэта традыцыйная страва нашае дынастыі. Ад таго часу, як каралеўская армія ў XVI стагоддзі дашчэнту разбіла арду нашага заклятага сябра вялікага князя Вавана і захапіла ў палон яго самога і ўсіх ягоных бараноў. Злыя языкі кажуць, што пераможцы пакаштавалі тады смажаных кумпякоў самога вялікага князя. Вядома, гэта не болей чым агідныя чуткі, якія запусцілі самі пераможаныя, каб кінуць цень на наш эўрапейскі народ...

Пісьменнік падазрона прыгледзеўся да смажанкі і запіў свае першыя, яшчэ не смакавыя, а слыхавыя ўражанні віном.

– Здаецца...- загаварыў ён, кладучы на талерку некалькі чарнаслівін, - здаецца, хтосьці з французскіх класікаў пісаў, што чалавек - гэта тое, што ён есць. Стэндаль любіў яечню. Гофман ствараў свае вусцішныя апавяданні, прывязаўшы да носу кавалачак жытняга хлеба з кменам, каб увесь час чуць ягоны водар. А яшчэ ён пісаў на моцным падпітку і чым болей піў, тым вышэй узлятала ягоная фантазія. Леў Талстой страшэнна любіў свежыя гуркі проста з ляхі. А расейскі мастак Саўрасаў, памятаеце, ваша вялікасць, той, што намаляваў гракоў, якія прыляцелі, амаль нічога не еў, а толькі піў гарэлку і закусваў яе журавінамі...

– Кажуць, у нашай краіне гракі ўжо не лётаюць у вырай, - перапыніў гастранамічную тыраду кароль.

– Я таксама заўважыў, - пагадзіўся пісьменнік.

– І чым гэта тлумачаць?
– У голасе ў караля нечакана прарэзалася нотка падазронасці.

– Думка арнітолагаў мне невядомая, - унікліва адказаў пісьменнік. Краем вока ён скасавурыўся на жанчыну і змеціў, што тая наструнена ловіць размову з усімі яе неспадзяванымі адценнямі і паваротамі.

– Пры чым тут арнітолагі!
– уквелена тузануўся ў крэсле кароль.
– Я хачу ведаць, чым гэта тлумачаць у вашым асяроддзі.

– Вы мяне крыху здзіўляеце, ваша вялікасць...

– Можаш не адказваць. Я выдатна ведаю гэтую показку. Гракі баяцца, што іх саб'юць на мяжы з зенітак альбо не пусцяць назад, калі яны будуць ляцець з выраю.

– Ваша вялікасць...

– Ну што, ваша пісьменніцкая мосць? Я ўзнагароджваю цябе найвышэйшым дзяржаўным ордэнам, а ты круцішся як уюн на патэльні!

Ад шчокаў жаравалосай прыгажуні адхлынула кроў, і вострае пісьменнікава вока імгненна адзначыла гэтую акалічнасць. Верагодны кавалер ордэна Белай Мышы з'еў чарнаслівіну, каўтануў віна і загаварыў:

– У мяне ёсць чатыры правілы: не верыць, не баяцца, не прасіць і не дзячыць.

Кароль засяроджана жаваў. Было такое ўражанне, што разам з кавалкам бараніны ён хоча перажаваць і сваю ўквеленасць. І сапраўды, праглынуўшы мяса і запіўшы яго бургундскім, манарх загаварыў амаль зычліва:

– Мы, каралі - вынятак з правілаў. Пісьменнікі, спадзяюся, таксама. А правілы, мой дарагі, бываюць і ў каралёў. Я, да прыкладу, мог узнагародзіць самога сябе, ды гэта не ў маіх правілах. Рэкамендую келіх бажале.

– З прыемнасцю... Але факт застаецца фактам: я не маю ніводнага чытача і ад гэтага нікуды не схаваешся.

– А ў мяне няма ніводнага падданага.

– Гэта не адно і тое ж. Вы, ваша вялікасць, можаце выдаць указ і прызначыць сваімі падданымі ўсіх жыхароў краіны, апрача дыпламатычнага корпусу.

– Паслухай, пісьменнік...- Ад віна, сытнай ежы і камінавай цеплыні кароль трохі захмялеў і пачаў расцягваць словы.
– З такім самым поспехам я мог бы прызначыць усіх нашых грамадзянаў тваімі чытачамі. Ды толькі ёсць рэчы, якія не вырашаюцца ўказамі. Сказаць, дзе я бачыў такіх падданых? Сапраўдны падданы ганарыцца сваім манархам. Ён называе ў гонар манарха дзяцей...

– Шмат у каго я бачыў вашы партрэты...- асцярожліва азваўся пісьменнік, які раз-пораз хутка пазіраў на відавочна ўстурбаваную ходам гаворкі жанчыну.

– Бачыў вашы партрэты...- перадражніў кароль.
– Res suis vocabulis nominare! Называй рэчы сваімі імёнамі!

– Ваша вялікасць мае сантымент да лаціны...

– Выдаткі адукацыі!
– адмахнуўся манарх. Ягоны твар наліўся чырванню, а язык канчаткова развязаўся.
– Ты ведаеш, хто ўгаварыў мяне змяніць наш Статут? Змяніць, каб унесці туды артыкулы пра скасаванне смяротнага прысуду і пра тое, што ў нашай краіне знаходзіцца геаграфічны цэнтр кантыненту? Гэты чалавек першы павесіў у кабінеце мой партрэт. А потым ён жа першы і здрадзіў мне. А перад тым як уцячы па каналізацыі за мяжу, пакінуў мне ліст. Ты чуў, што ён там напісаў? Зрэшты, адкуль ты мог чуць! Мой першы прэм'ер-міністр пісаў, што ніколі не любіў мяне. Што нават калі б цэнтр кантыненту і самога Сусвету знаходзіўся не проста ў маёй краіне, а непасрэдна ў маёй задніцы і нават калі б пра гэта сведчыў Статут, ён усё роўна не сеў бы са мной нават паср... на адным полі...

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: