Уладзімір Арлоў
Шрифт:
– Ваша вялікасць, тут жанчына...
– Дзе? А, яна... Яна ўсё ведае. Ну і што ты скажаш, пісьменнік, пра гэты ліст?
– Пакідаючы сэнс на сумленні аўтара, скажу, што сфармулявана даволі хвостка. Адчуваецца стыль.
Пачуўшы апошнія словы, жанчына ледзь прыкметна здрыганулася.
– Вось-вось, - працягваў кароль.
– Ты не здагадваешся, хто мог яму дапамагчы? Што гэта за стыліст?
Пісьменнік задуменна пасмоктваў віно і маўчаў. Але кароль, відаць, і не спадзяваўся нешта пачуць, Ён дажаваў маслінку, выплюнуў костачку на далонь і стрэліў ёю ў полымя каміну.
– Назавем рэчы сваімі імёнамі.
– Голас манарха зноў гучаў спакойна, нібы нядаўні ўсплеск эмоцыяў быў проста тэатральнаю карцінкай.
– Цябе ніхто не чытае, а мяне ніхто не любіць. Я прапаную выгодныя ўмовы. Тваім чытачом буду я...
– А я - вашым падданым?
– Не здагадаўся. Маім улюбёным пісьменнікам. Я мяркую, разам нам не будзе сумна. Будзем сустракацца вось тут, ля каміна. Ты кажаш, Вечнасць - гэта адсутнасць часу. А што ў такім разе смерць? Мой знаёмы філосаф лічыў, што смерць - нішто, але што мы, ну там, будзем адчуваць гэтае нішто. Карацей кажучы, ты згодны.
Кароль глынуў віна і загадаў падаваць дэсерт. Пахолак з абліччам шпалернага героя нячутна выйшаў.
– Ваша вялікасць...- загаварыў пісьменнік, нічым не выяўляючы свае згоды.
Кароль папераджальна падняў руку.
– Больш ні слова! З твайго дазволу я на хвіліну адлучуся. Улічы яшчэ тую акалічнасць, што найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода дасць табе магчымасць выдаць свае кнігі.
Калі дзверы за манархам зачыніліся, пісьменнік цераз стол паслаў жанчыне красамоўны позірк, у якім адбівалася цэлая гама эмоцыяў - ад непрыхаванага захаплення да спадзявання на параду.
Жаравалосая неяк няпэўна пахітала галавою, што можна было трактаваць і як засцярогу, і як заахвочванне. Пасля гэтага маўклівага дыялога пісьменнік падняўся і, зрабіўшы некалькі крокаў, працягнуў ёй сваю візітоўку.
– Як вас завуць?
Ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але жанчына прыклала палец да вуснаў і, хутка схаваўшы візітоўку, паказала пісьменніку вачыма на ягонае крэсла. Той ледзьве паспеў сесці і ўзяць у рукі келіх, як у дзвярах з'явіўся гаспадар.
– А вось і я!
– весела абвясціў ён, памахваючы мабільным тэлефонам.
– Вы тут не сумавалі? Як справядліва казалі ў часы Тамаша Аквінскага, а таксама і значна пазней, solus cum sola non cogitabuntur orare «Pater noster»*. Хоць вы мяне зарэжце, люблю лаціну. Яснасць думкі, чаканнасць фразы... А дзе, дарэчы, наш дэсерт?
* Застаўшыся сам-насам, ён і яна не будуць чытаць «Ойча наш» (лац.).
Расчырванелы пахолак, намагаючыся не сустрэцца вачыма з гаспадаром, паставіў на стол садавіну і высокія крышталёвыя вазачкі з узбітымі вяршкамі.
– Пайшоў прэч!
– загадаў кароль.
– На кухню!
Ён уладкаваўся ў сваім крэсле, глынуў віна і працягваў, нібыта і не пакідаў залі:
– Той філосаф, з якім мы абмяркоўвалі праблемы жыцця і смерці, чамусьці лічыў, што смерць - субстанцыя сіняга колеру. А бывала, ён наогул пачынаў гаварыць гатовымі афарызмамі. Як гэта?.. Нават перапраўляючыся цераз Стыкс, людзі баяцца патануць. Нядрэнна, га? А ты, пісьменнік, не баяўся б, праўда?
– Што вы хочаце гэтым сказаць, ваша вялікасць?
Пісьменнік не мог не бачыць, што ўсё аблічча жаравалосай выяўляла трывогу.
– Ды так, успомнілася... Аднойчы ён пайшоў з сябрам у лазню... Цікава, да чаго гэта на ноч успамінаюцца філосафы...
Кароль яшчэ раз адпіў з келіха і без прыкметнай сувязі з папярэднім прамовіў:
– Часам трэба стаць Кантам дзеля бюста якой-небудзь бландзінкі. Альбо Гегелем дзеля дупці якой-небудзь брунеткі.
Наступныя словы таксама сведчылі, што думка манарха рухалася пакручастым і цяжкавытлумачальным шляхам.
– Скажы, пісьменнік, у цябе ёсць жонка?
– На жаль...
– На жаль, ёсць ці, на жаль, няма?
– Мне ўзгадваецца старая сентэнцыя. Дрэнная жонка - не прычына філасофіі. Дрэнная жонка - яе вынік. У мяне жонкі ніколі не было. Магчыма, таму, што я не філосаф.
– А як наконт дзяцей? Дзеці ў цябе ёсць?
– Напэўна, ёсць.
– Ах ты, стары сатыр!
– ухвальна зарагатаў кароль.
– Як гэта пісаў хтосьці з вашае братыі: ведае дам і верыць у іх прызначэнне.
– І адразу, зноў парушаючы логіку размовы, пацікавіўся: - А ты выпадкова не заходзіў па дарозе сюды ў WC?
– Як мне памятаецца, не, - адказаў пісьменнік. Ён кінуў позірк на жанчыну і, заўважыўшы ў яе вачах вясёлыя агеньчыкі, заахвочана прадоўжыў: - А што, ваша вялікасць, там захоўваюцца нейкія дзяржаўныя таямніцы?
– Там з'явілася налепка. Уяві, што ты сеў на ачко, узняў вочы, а насупраць - твой партрэт з ідыёцкім надпісам: «Рукі прэч ад нашых дзяцей!» Пляваць я хацеў на іхніх дзяцей!
Кароль асушыў келіх віна, не прапаноўваючы зрабіць гэта і пісьменніку, але той самахоць узяў манарха за прыклад. Пасля пэўнай расслабленасці з жартоўнаю, як здавалася, пікіроўкаю атмасфера за сталом відочна змянілася, што пацвердзіў і голас караля, які, не ўважаючы на выпітае, загучаў цалкам цвяроза - цвёрда і нават жорстка.